«Сціхі» Францыска Скарыны: новы тэрмін у беларускім вершазнаўстве

Звычайна, калі гавораць пра вершаванне Францыска Скарыны, маюць на ўвазе тры яго ўласныя сілабічныя вершы: выклад дзесяці запаведзяў (прадмова да кнігі «Выхад»), чатыры вершаваныя радкі з прысвячэння да кнігі «Іоў» («Богу в троици единому...») і два радкі — з прадмовы да кнігі «Эсфір» («Не копай под другом ямы...»). І ўсё. У той жа час набытак Скарыны-вершатворцы, калі мець на ўвазе не столькі яго ўласную, колькі перакладную творчасць, — значна, непараўнальна багацейшы.

З усіх літаратуразнаўчых тэрмінаў (а іх у лексіконе Францыска Скарыны налічваецца звыш трох дзясяткаў) найчасцей, бадай, сустракаюцца тыя, што цесна нітуюцца з вершазнаўствам: «стих», «стишок», «песня», «припел»... Словы «верш» або «вірш», якія даволі дакладна маглі б характарызаваць тры названыя вышэй вершы, не ўжытыя ім ні разу. Выдатны рускі вершазнавец М. Гаспараў, гаворачы, што верш як маўленчая з’ява — гэта тэкст «павышанай важнасці, разлічаны на запамінанне і паўтарэнне», адначасова падкрэсліваў: «Само слова “стих” па-грэчаску значыць “рад”, яго лацінскі сінонім versus (адсюль “версіфікацыя”) значыць “паварот”, “вяртанне да пачатку рада”; а “проза” па-латыні азначае маўленне, “якое вядзецца проста ўперад”, без усялякіх паваротаў». У гэтым значэнні — як «рад», «вяртанне да пачатку рада» — слова «стих» прыйшло з грэчаскай мовы ў стараславянскую, а праз яе — і ў старажытнарускую (агульнаўсходнеславянскую), затым старабеларускую. Яно замацавалася найперш у сакральных тэкстах і там таксама азначала «рад», «закончаная фраза».

Так «стих» найперш разумеў і Францыск Скарына. Рады, закончаныя фразы, часам суплёт гэтых фраз у невялікія фразавыя перыяды ў розных літургічных тэкстах (малітвах, гімнаграфіі і інш.) на пісьме нярэдка выдзяляліся абзацамі, а ў вусным маўленні — паўзамі або «напевам ці блізкай да напеву аднастайнай інтанацыяй» (М. Гаспараў). У тэкстах Бібліі кожны такі сціх пачаў пазней нават нумаравацца. Ад сціха ў літургічнай паэзіі, заснаванай на напеве (гімн, акафіст, канон, ікос, кандак, трапар і інш.), — цэлы шэраг вытворных слоў: «Стихера — название пяти учительных книг ветхого завета; название православного богослужебного песнопения»; «Стихираръ — богослужебная книга, сборник стихиръ»; «Стиховня — название стихиры с запевом из псалмов Давыдовых» і інш. (паводле: И. Срезневский. Словарь древнерусского языка. Т. 3. Ч. 1. М., 1989, с. 514 — 515).

Падзел сакральнага тэксту на «стихи» як асобныя кароткія выказванні з іх аднолькавым інтанацыйна-меладычным малюнкам, падмацаваным сінтаксічным паралелізмам і аднолькавымі пачаткамі/заканчэннямі суседніх фраз, рэгулярны паўтор гэтых «стихов» запачаткавалі своеасаблівы рытм гэтак званага малітваслоўнага (біблейскага, кандакарнага) верша. Па сведчанні таго ж М. Гаспарава, узнік ён у часы Кірыла і Мяфодзія (ІХ ст.) як перайманне антыфонных сілабічных строфаў візантыйскага літургічнага верша, дзе кожнаму сілабічнаму радку адной страфы адпавядаў роўнаскладовы радок наступнага радка. Потым з Маравіі ён перайшоў у Балгарыю, з Балгарыі — на Русь (Х — ХІ ст.). Вось такім шляхам разам з хрысціянствам усходняга абраду, з Бібліяй, іншай богаслужбовай літаратурай малітваслоўны верш трапіў да ўсходніх славян, у тым ліку да беларусаў. Аднак са знікненнем у старажытнарускай мове (Х — ХІІ ст.) ераў (кароткіх галосных ъ і ь) «роўнаскладовасць гэтых антыфонаў разбурылася і малітваслоўны верш ператварыўся ў падабенства чыстатанічнага свабоднага верша без рытму і рыфмы, стаў абапірацца на сінтаксічны паралелізм і традыцыйныя анафары».

Гісторыкі беларускай паэзіі (Я. Карскі, Я. Барычэўскі, А. Вазнясенскі, І. Ралько, М. Грынчык і інш., у тым ліку аўтар гэтага артыкула) на малітваслоўны верш асаблівай увагі дагэтуль не звярталі. Нават у самай апошняй па часе выдання двухтомнай акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХІ — ХІХ стагоддзяў», у раздзеле «Паэзія» (аўтары С. Кавалёў і І. Саверчанка), хоць і гаворыцца, што «з прыняццем у Х ст. усходнімі славянамі хрысціянства і яго пашырэннем на беларускіх землях паралельна з вусна-паэтычнай народнай творчасцю пачала развівацца кніжная паэзія, найперш літургічная гімнаграфія», тым не менш з пункту гледжання вершаванай мовы гэтая «кніжная паэзія» зусім не аналізуецца. Больш за тое, літаральна ў наступным абзацы тэксту «Гісторыі...» робіцца «скачок» адразу ў ХVІ ст., калі «на хвалі Рэнесансу зарадзілася свецкая кніжная паэзія, заснавальнікам якой справядліва лічыцца Францыск Скарына». Але той жа Скарына, апрача ўсяго, калі і не заснавальнік літургічнай паэзіі з яе малітваслоўным вершам, то адзін з яе беларускіх класікаў! Да таго ж, разам з раптоўным «скачком» з Х у ХVІ ст. з гісторыі беларускага верша выпадае, па сутнасці, цэлых пяць стагоддзяў. А ў гэты ж перыяд квітнела народная вусна-паэтычная творчасць з яе фальклорным вершам у двух яго галоўных разнавіднасцях: песеннай і інтанацыйна-сказавай. На ўзнікненне «стихового ритма» малітвы аказвалі ўздзеянне таксама іншыя рытмастваральныя сродкі: паўтор аднолькавых сінтаксічных канструкцый, сэнсавых клішэ выказванняў (зварот да Бога + указанне на Яго літасць + канкрэтная просьба верніка), наяўнасць анафарычных зачынаў, адных і тых жа лексем, граматычных формаў... Выразны сціхавы рытм праз сваю эстэтычную функцыю ўздзейнічаў, у сваю чаргу, на псіхіку вернікаў, выклікаў у іх станоўчыя эмоцыі, стан душэўнага ўздыму, эстэтычнага перажывання. Менавіта ў гэтым — асноўная прычына звароту да вершаванага рытму, да «стиха» як у шматлікіх творах Кірылы Тураўскага, у яго малітвах, казаннях, прытчах, словах, так і ва ўсёй літургічнай паэзіі.

Шматразовае ўжыванне Кірылам Тураўскім у сваіх малітвах тэрміна «стих» можна лічыць сведчаннем яго прысутнасці ў беларускай літургічнай літаратуры і беларускай мове далёкага ХІІ ст. Выкарыстоўваўся малітваслоўны верш у богаслужбовых тэкстах Беларусі і пазней, у тым ліку ў творах Францыска Скарыны — арыгінальных (спарадычна) і перакладных (перманентна), а таксама яго паслядоўнікаў (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш.). Гэта дае нам усе падставы ўвесці яго ў гісторыю беларускага вершавання, прычым не толькі як асобны від верша, але і як асобную сістэму вершавання.

З XVI стагоддзя ў манастырскіх бібліятэках зберагаліся рукапісныя, а пазней — друкаваныя малітваслоўныя кнігі.

Цяпер паглядзім, што ўкладаў у разуменне «стих» (а значыць — і ў паняцце «малітваслоўны верш») Францыск Скарына. Яго ён выкарыстоўваў неаднойчы ў прадмовах да перакладаў «во всю Бивлию», да кніг «Псалтирь», «Иов», «Притчи Саломона», «Премудрость божия», «Плачь Ереемиин», «Малая подорожная книжка» і інш.

У свой час выйшаў з друку ўкладзены У. Анічэнкам трохтомны «Слоўнік мовы Скарыны», дзе слова «стих» чамусьці адсутнічае, хоць ёсць яго памяншальны варыянт: «стишокъ». Праўда, без тлумачэння значэння, але з двума прыкладамі: «На початку кажъного стишъка слово едино (“Плач Ераміі”); книги рекомые погреческу псалътиромъ... имеють в собе кафизъмъ двадесеть, псалъмовъ полътораста, стишъковъ или припеловъ две тысящи (“Кніга Быцця”)».

Крыху пазней значэнне гэтага слова раскрылі аўтары грунтоўнага «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Там — тыя самыя прыклады з мовы Скарыны, але ўжо з тлумачэннем: «Стишок наз. памянш. ад стихъ у 2 знач.» [Вып. 32, с. 396]. «Гістарычны слоўнік...» пад першым значэннем мае на ўвазе «верш» у разуменні асобнага вершаванага твора. Затое пад 2-м значэннем — «абзац біблейскага тэксту» з наступнымі прыкладамі з прадмоў Скарыны да перакладаў кніг Бібліі: «имена словъ великимъ писмомъ розъдельне межи стихами положены суть (“Кніга прамудрасці”); царь Соломонъ... сопсалъ своего складаниа стиховъ пять тысещей (“Прытчы Саламонавы”)». Відавочна, гэтае 2-е значэнне слова «стих» («абзац біблейскага тэксту») і з’яўляецца галоўным у скарынаўскім тэрміналагічным абыходку. Сведчыць пра гэта і той прыклад, якім (думаю, памылкова) ілюструецца ў «Гістарычным слоўніку...» 1-е значэнне тэрміна: царь Соломонъ многие... притчи и стихи молвилъ («Кніга прамудрасці»). Ні ў «Прытчах Саламонавых», ні ў «Песні песняў» Саламона няма ніводнага яго «стиха» ў значэнні «асобнага верша» («стихотворения»). Тут усе тэксты — і аповедныя, і лірычныя — проста раздзелены на падобныя па сваёй сінтаксічнай будове, адпаведна — і вымаўленню, фраза-інтанацыйныя комплексы, на «стихи». Аддзяляюцца ж яны адзін ад аднаго пры дапамозе тлустых кропак.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, думаецца, было б правільным карыстацца ў беларускамоўнай вершазнаўчай літаратуры не толькі вершам (ад лац. versus), але і запазычаным з грэцкай мовы словам сціх (ад грэч. stichos). Яно, магчыма, для сучаснай нашай літаратурнай мовы гучыць не зусім звычна, але як тэрмін, вершазнаўчы гістарызм арганічна кладзецца ў шэраг падобных царкоўных паняццяў: сціхера, сціхіра, сціхірар, сціхоўня, сціхаслоўе... Некаторыя абеларушаныя тэрміны з заменай «сціх» на «стых», накшталт у слове «стыхіра», патыхаюць штучнасцю і нагадваюць хутчэй нейкую «стыхію», а не слова, якое дало ім найменне...

Адсутнасць тэрміна «сціх» вядзе да блытаніны і ў вершазнаўчай літаратуры. Так, пішучы ў энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» пра Скарыну як перакладчыка і рэдактара Бібліі, У. Свяжынскі заўважае: «Імкненне да паўнаты выдаваемай Бібліі відаць з таго, што ў праваслаўным Псалтыры 9 выбраных песень, у Скарыны ж іх 10. У 13-м псалме ёсць тры вершы [тут і далей падкрэслена мной. — В. Р.], якіх няма ў царкоўнаславянскіх спісах. У кнізе “Эсфір” Скарына памяняў месцамі раздзелы 10-ы і 11-ы, у асобны раздзел вылучыў пачатак 13-га, раздзел 12-ы і пачатак 14-га апусціў зусім. У канцы прадмоў да кніг “Выхад”, “Эсфір” і “Іоў” ён змясціў уласныя вершы, што было несумяшчальным з артадаксальнымі адносінамі да царкоўных кніг». У гэтым выказванні, як мы бачым, пад вершамі псалма маюцца на ўвазе сціхі («стихи»), пад уласнымі вершамі Скарыны — звычайныя сілабічныя вершы («стихотворения»). Аднак мала хто з чытачоў зразумее гэтую істотную розніцу. Аналагічных прыкладаў нямала.

 І яшчэ адзін з доказаў на карысць увядзення тэрміна «сціх» у беларускую вершазнаўчую тэрміналогію. Слова «верш», як ужо было заўважана, мы не знойдзем у лексіконе Францыска Скарыны. У той час яно яшчэ шырока не ўжывалася ў нашым пісьменстве. Так, як сведчыць «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», у старабеларускую мову «верш» увайшоў толькі ў ХVІ ст., і хутчэй за ўсё прыйшоў са старажытнапольскай, а не непасрэдна з лацінскай. Тэрмін гэты тады ж стаў прыжывацца і ў многіх іншых еўрапейскіх мовах, за выключэннем рускай (ням. vers, англ. verse, франц. vers і інш.). Прычым працяглы час у нас гэтыя тэрміны выкарыстоўваліся паралельна, як сінонімы. Скажам, у «Вопросах и ответах православному зъ папежником» (Вільня, 1603) сустракаем выраз: «вЬршы або стихи до того, што читал». Пра тое ж сведчыць і «Лексикон славеноросскій именъ толъкованіе» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653): «Стіхъ: Порядок, вЬрш». Праўда, з часам слова «стих» пачало выходзіць з актыўнага ўжытку, стала замяняцца словам «верш». Але гэта ўжо адбылося пасля Скарыны. Прычым у гэтым слове амбівалентнае яць («Ь») у пісьменстве Вялікага Княства Літоўскага продкі сучасных беларусаў, хутчэй за ўсё, прачытвалі як «е» («верш»), продкі ўкраінцаў — як «і» («вірш»), што назаўсёды замацавалася ў літаратурным маўленні двух суседніх народаў.

Відавочна, і лацінскае найменне «versus», і польскае «wersz», і чэшскае «verš» Скарына чуў, і не раз, паколькі тыя мовы добра ведаў, звяртаўся да іх, перакладаючы Біблію, чытаючы некаторыя арыгінальныя вершаваныя творы на тых мовах. Чаму ж у такім разе Францыск Скарына — хаця б як сінонім — ні ў сваіх перакладах асобных кніг Бібліі, ні ў прадмовах і пасляслоўях да іх ні разу не ўжыў слоў верш/вірш? Думаецца, таму, што ён ужо адрозніваў свецкі сілабічны верш ад малітваслоўнага інтанацыйнасказавага сціха. Апрача таго, нават у дробязях, у тым ліку ва ўжыванні вершазнаўчай тэрміналогіі, ён быў сарыентаваны на ўсходнеславянскую Русь, з яе тагачаснай літаратурнай «рускай мовай», з яе праваслаўнай грэкавізантыйскай царквой. Не толькі «напред ко чти и к похвале Богу» ён «повелел» Біблію «тиснути рускыми словами, а словенским языком», а і дзеля сваіх праваслаўных землякоў, прычым, як ён пісаў, «наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил». А для літургічнай літаратуры на тым «языку» верш быў яшчэ чужаком.

Вячаслаў Рагойша