«Новую складзеш замову, каб не скралі продкаў мову!»

Чараўніком слова ў нас зазвычай завуць Рыгора Барадуліна. Сапраўды, такое паэтычнае прадзіва, як ён, мала хто мог стварыць. Аднак ёсць яшчэ адзін вялікі гукапісец, здольны са звыклых слоў выкрасіць жывы агонь. Гэта Сяргей Панізьнік, які толькі-толькі адзначыў 70-годдзе. Сугучна пяцісотгоднасці, якую мы сёлета святкуем, можна сказаць, што Сяргей Сцяпанавіч адзначыў сямідзесяцігоднасць.

Сведчаннем таму — кніга «Гасцінцы з пуцявін-гасцінцаў». Гэта зборнік вершаў, адрасаваных дзецям — ад дашкалятак да старшакласнікаў. Усе тэксты выбраныя з ранейшых кніг: «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989, пад псеўданімам Сяргей Папар), «Золкая зёлка» (1999), «Літары ў расе» (2011). Вершы, вядома, аўтарскія, аднак можна сказаць — напалову. Чаму? Суаўтарам Сяргея Панізьніка нязменна выступае самая мова, народная спадчына, якой, бы вады з крыніцы, шмат не вып’еш: заходзіцца душа. Сяргей Сцяпанавіч доўга збіраў народныя песні, прымаўкі (ці прыбабунькі, як піша ён у адным з вершаў), показкі, і ўвесь гэты вялікі скарб трансфармаваўся ў паэзію.

Так, адрасат у кнізе пазначаны, аднак надта легкадумна сцвярджаць, што гэтая кніга — дзіцячая. Сюжэты вершаў, магчыма, якраз для дзяцей, але выкананне... Сяргей Панізьнік цудоўны мовазнаўца (у сэнсе інтуітыўнага адчування мовы, ведання яе прыхаваных цікавостак). Кожны вершык яго, нават самы немудрагелісты, — непаўторны, і сам ён ні ў чым не паўтарае вядомыя нам аўтарскія вершы для дзяцей. Вызначальныя рысы гэтае паэзіі — гукапіс поруч з алітэрацыяй («гукапісы — наўсцяж»), гранічная насычанасць беларускасцю (ад пачування сябе менавіта беларусам да тых самых скарбаў народнай мудрасці), сур’ёзны гістарычны складнік (які, аднак, уплецены ненавязліва і служыць аздобай, а не абцяжарваннем). Што таксама важна, Сяргей Панізьнік у зваротах да дзетак не прымярае на сябе ролю чалавека-ўсязнаўцы, чапурыстага павучальніка. Ён сам падобны да аднаго са сваіх персанажаў, да гумарыста-Бая, які ведае процьму займальных гісторый і валодае дарам апавядальніка. Не ставячы пад сумненне талент Сяргея Панізьніка як паэта, можна смела казаць, што без фальклору, без шматгадовага збору народных слоўцаў ён быў бы зусім не той, і вершы былі б на парадак ніжэйшыя па мастацкай значнасці.

«Гасцінцы з пуцявін-гасцінцаў» падзеленыя на тры часткі, і падзел скіраваны найперш на ўзрост чытача: для самых маленькіх — «Чароўныя чаравічкі...», затым — «Я, любоў, Беларусь!», і самым дарослым — «Жылі волаты ля Волты». Падзел гэты мае і графічнае ўвасабленне — прасцей кажучы, розніцца памер шрыфтоў (ход наколькі просты, настолькі ж і ўдалы). Між тым і чытач, і аўтарка прадмовы Аксеня Тарасевіч сыдуцца на адным: падзел умоўны. І найперш, зноў жа, дзякуючы мове паэта, якая для малечы будзе гучаць як выдатна рытмізаваная лічылка, песенька і пад. і ў якой старэйшыя ўбачаць, а хутчэй нават адчуюць вялікую сілу слова. Сапраўды, як кажа сам аўтар, ён складае новую замову, сцвярджае жыццяздольнасць беларускае мовы. Гэтая мова розніцца ад мовы школьных падручнікаў, газет, сучаснае літаратуры, гутарковай мовы. У ёй напраўду (хоць і прагучыць штампам) дыхаюць вякі. Асобныя вершы, дзе няма спасылак на сённяшняе гарадское жыццё, на нейкія канкрэтныя рэчы сучаснага чалавека, гучаць пазачасава. Тое ж самае маглі прамаўляць вешчуны ў старажытнай пушчы, тыя ж песні магла спяваць маці, схіліўшыся над тысячагадовай калыскай.

Акром найяскравейшай ілюстрацыідоказу, што мова беларуская не ўмёрла, кніга дае яшчэ й бясцэнныя веды па гісторыі, у тым ліку гісторыі побыту беларусаў. Адзін толькі верш — «На хутары продкаў» (напісаны, дарэчы, пасля наведвання «Сялянскай хаты» ў Мёрах, пра якую мы распавядалі ў мінулым нумары) — зробіць сур’ёзны ўнёсак у вашую адукацыю. Лубка, гунька, панарад, ашака, сівалка, шлюгавіна, дыля, батоўе, жэгіны, шалёўка, крушак, закот, цурубалкі, рэзьгіні, курня — ці ведаеце вы, што гэта?.. Панізьнік ведае і шчодра дзеліцца ведамі з чытачом. Як піша ён сам, «я паясняю глосы». Не скарыстацца такой шчодрасцю папросту неразумна.

Ёсць вершы-песні, сапраўдныя, што называецца, аўтэнтычныя. Ёсць урокі мовазнаўства («Мытня ёсць, таможня ёсць, / Тратуар і ходнік...»). Ёсць «скарбніцы» сінаніміі: Коўш, Чаша, Карэц, Вянец, Сіта, Вялікі Воз — усё Вялікая Мядзведзіца. Словам, «Гасцінцы з пуцявін-гасцінцаў» варта займець не толькі бацькам, але ўсякаму, хто яшчэ не гатовы спісаць беларускую мову ў шэрагі мёртвых рэліквій.

Андрэй Жбан