Адмова ў рэабілітацыі Ларысы Геніюш – палітычнае рашэнне

Генеральная пракуратура Беларусі чарговы раз адмовіла ў рэабілітацыі рэпрэсаванай у сталінскія часы паэткі Ларысы Геніюш. Зварот з патрабаваннем рэабілітацыі разам з сабранымі пад ім подпісамі грамадзянаў быў накіраваны ў пракуратуру маладзёжным крылом Партыі БНФ „Моладзь БНФ”. Па словах яе лідара Юрыя Лукашэвіча, пад зваротам сабрана каля 500 подпісаў грамадзянаў, якія падтрымалі ідэю рэабілітацыі Геніюш.

Юрый Лукашэвіч: Адказ быў просты, што Ларыса Геніюш не падлягае рэабілітацыі згодна з пастановай Вярхоўнага Суда ад 1999 года. Гэта такое пацверджанне, што ніякай мяккай беларусізацыі, пра якую ў апошні час шмат гавораць, ў краіне не адбываецца. Адмава ў рэабілітацыі, – гэта не юрыдычнае, а палітычнае рашэнне. „Моладзь БНФ” будзе і надалей займацца гэтай тэмай. І не толькі працягне высілкі па рэабілітацыі паэткі, але і па папулярызацыі яе творчасці. Так, ужо 13 траўня адбудзецца прагляд фільма пра Ларысу Геніюш. Таксама плануецца заснаваць прэмію яе імя для маладых паэтаў. Прэмія будзе ўручацца на радзіме паэткі, у Зэльве. „Моладзь БНФ” будзе дабівацца ад уладаў адкрыцця архіваў, дзе захоўваюцца справы палітычна рэпрэсаваных у часы СССР грамадзянаў і дабівацца іх рэабілітацыі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі нагадаў, што Ларыса Геніюш рэпрэсавана падчас шырокамаштабных сталінскіх рэпрэсій. У дачыненні да яе былі ўжытыя абалютна пазазаконныя метады. Калі яна была асуджана савецкім судом, яна была грамадзянкай Чэхаславакіі.

Алесь Бяляцкі: І абвінавачванне ў супрацоўніцве з немцамі, што вылучалася супраць яе – гэта была поўная ерунда. Канеше, галоўнай яе правінай у вачах савецкай улады было менавіта супрацоўніцтва з Беларускай Народнай Рэспублікай, з урадам БНР, які пэўны час знаходзіўся ў Празе. Ларыса Геніюш ўваходзіла ў гэты ўрад. І безумоўна, гэта было асноўнай прычынай пераследу. Саветы не даравалі нікому з бацькоў – заснавальнікаў БНР і тым, хто нёс сцяг БНР у міжваенны перыяд. Яе лічылі беларускай нацыяналісткай за тое, што яна пісала вершы, адстойвала ідэалы незалежнасці настолькі, наколькі яна магла. Гэта была яе грамадзянская і жыццёвая пазіцыя. І тое, што яна дасюль не рэабілітаваная, – абсалютны нонсенс і абсурд. Бо нават у савецкія часы, а яна не мела савецкага грамадзянства фактычна да смерці, тым не менш савецкія ўлады вымушаныя былі лічыцца, што яна ёсць, што яна жыве. І гэтаму пацверджаннем было выданне яе кніжак у выдавецтвах БССР. Тады выйшлі дзве кніжкі Ларысы Геніюш. Канешне, гэта мала, гэта мізэрная частка з таго, што яна напісала. І ўсё гэта было пад шчыльнай цэнзурай, выбраны самыя нейтральныя вершы, уся патрыятычная лірыка адтуль была выкрэслена. Але тым не менш, гэта было такое негалоснае прызнанне.

Намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў, паэт Усевалад Сцебурака: Ні літаратуры, ні паэзіі рэабілітацыя не патрэбна. Творчасць існуе аб’ектыўна. І імя, ці постаць, ці асоба нашай паэткі – яна ў пантэоне, яна ўжо займела сваё належнае месца. Гэта трэба толькі дзяржаве. Калі дзяржава хоча выбачыцца за нейкія правіны мінулага, яна мусіць пайсці на такія крокі. А прасіць, угаворваць дзяжаву, даводзіць ёй нейкія рэчы, – абсалютна няма сэнсу, бо чалавек не быў ні ў чым вінаваты. Чалавек, які пражыў жыццё з паштапам БНР, не будзем пра гэта забывацца, перад сваім народам, перад сваёй краінай не быў ні ў чым вінаваты. Таму захады захадамі, але нейкай скрухі з такіх нагодаў у мяне няма абсалютна. Бо калі гэта не патрэбна дзяржаве – ганьба толькі дзяржаве. Нікому больш.

Генадзь Барбарыч, “Беларускае Радыё Рацыя”