Сяргею Панізніку – 75 гадоў!

Упершыню паэтычны голас Сяргея Панізніка, ураджэнца вёскі Бабышкі, што ў Мёрскім раёне на Віцебшчыне, а тады слухача факультэту журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай акадэміі, прагучаў у 1967 годзе, калі ў выдавецтве “Беларусь” выйшла яго першая кніга – “Кастры Купалля”.

“Што ёсць,скажы, У тваіх лугах і пашах, Чаго спрадвек шукалі песняры І пранасілі па мастах рыпучых, Калі ў Купалле ладзілі кастры?”

Ужо з першых паэтычных радкоў адчуваецца ўлюблёнасць паэта ў сваю маці-Беларусь! Ён любіць яе палеткі і лясы, замілоўваецца яе старадаўнімі звычкамі, радуецца яе светлай будучыні:

“На Беларусі сінеюць азёры, Над Беларуссю-сінія зоры... Над Беларуссю-срэбраны ветах, І Беларусь мая – папараць-кветка...”

Мы ліставаліся з Сяргеем падчас яго службы у групе савецкіх войскаў у Чэхаславаччыне. Ён памятаў пра прыгажун-горад Львоў, пра ўкраінцаў. У кожным лісце я знаходзіў новыя вершы, і адзін з іх лічу гімнам украінска- беларускаму братэрству:

“Калісьці, паміж двух шнуроў пшаніцы Спынілі двое на мяжы плугі. І з іх адзін назваўся ўкраінцам, І беларусам вызнаўся другі. Абодва селі, і на роднай мове Паміж сабой гаворку павялі, І стала іх ратайская размова Найлепшай дыпламатыяй зямлі. Сусед суседу верыў і ахвоча Ня раз дапамагаў у жорсткі век. Аб Украіне марыць Багдановіч, На Беларусі Камяняр жыве!”

Камяняр – гэта псеўданім класіка ўкраінскай літаратуры Івана Франка...

10 траўня Сяргей Панізьнік, аўтар 9 паэтычных зборнікаў паэзіі, публіцыстыкі і вершаў для дзяцей, кавалер Латвійскага Ордэну Трох Зорак, беларускага медаля імя Ф.Скарыны, адзначае 75-гадовы юбілей.

 Юбілей рыхтуемся адзначыць і мы, чальцы гурту беларускай культуры “Зорка Венера”: для абітурыентаў навучальных устаноў гораду Ізяслаў будзе зладжаны літаратурна-музычны вечар пад дэвізам “Аб Украіне марыць Багдановіч, на Беларусі Камяняр жыве!”

Пятрусь Капчык, кіраўнік гурта беларускай культуры "Зорка Венера". г. Ізяслаў, Украіна


Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага юбіляра і зычыць яму моцнага здароўя, творчага натхнення і заўсёды добрага настрою!