Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Сьвятлана Алексіевіч пра помнік у Курапатах: «Узначальваць такую камісію меў бы права толькі Пазьняк»

Нобэлеўскай ляўрэатцы ў літаратуры Сьвятлане Алексіевіч патэлефанавалі з прэзыдэнцкай адміністрацыі і прапанавалі ўзначаліць камісію па вызначэньні варыянту помніка ў Курапатах.


Сьвятлана Алексіевіч

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Сьвятланы Алексіевіч, каб яна расказала пра гэты факт.

— Я не хачу гэта абмяркоўваць. У нас адбылася складаная размова.

— Але што вы скажаце пра абвешчаны конкурс эскізаў памятнага знаку ў Курапатах?

— Я нават ня вельмі добра была падрыхтаваная да гэтай размовы, я ня вельмі добра ведаю. Там ужо нейкія канфлікты. Мне спрабавалі распавесьці. Але паколькі я гэтым ня думала займацца, я адзінае сказала, што там павінны быць людзі, для якіх Курапаты былі справай жыцьця. І ўзначальваць такую камісію меў бы права толькі Пазьняк. І там павінна быць больш людзей, якія насамрэч зрабілі Курапаты Курапатамі.

— Гэта фактычна адзінае тэлефанаваньне вам было з прэзыдэнцкай адміністрацыі?

— Так, за ўвесь час. Можа, гэта і добра, можа, яны спрабуюць павярнуцца да грамадзтва, будзем спадзявацца.

— Наогул, які помнік можна зрабіць у Курапатах?

— Тут патрэбны прафэсіяналы. Ну і пра гэта трэба падумаць, я пра гэта ня думала. Гэта вельмі складана, Такія помнікі ўжо ёсьць у сьвеце. І знайсьці зноў нейкі трагічны вобраз — гэта вельмі складана, безумоўна. З наскоку казаць — гэта неяк неразумна.


Курапаты, ілюстрацыйнае фота

— Зянон Пазьняк зьвярнуўся да мастакоў, архітэктараў і скульптараў, каб яны ня ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе, у гэтай прафанацыі, як ён сказаў...

— Я ня ведаю. Магчыма, яны і шукалі такую прымірэнчую фігуру. Я не зусім у курсе гэтай справы. Але Пазьняк, я думаю, таксама ня мае рацыі. Там павінен стаяць помнік. Шкада, што безь яго, але гэты помнік павінен там быць.

— Значыць, вы адмовіліся ад прапановы прэзыдэнцкай адміністрацыі...

— Ну, зыходзячы з таго, што я дрэнна сабе ўяўляла... Людзі сядзяць у турмах, столькі арыштаў было на Дні Волі, такая нянавісьць, з такой нянавісьцю білі людзей. Таму неяк дзіўна было б мне ўдзельнічаць ва ўсім гэтым.

— А вам сказалі, хто ўваходзіць у гэтую камісію?

— Мне казалі, але я не запомніла. Я запомніла, што там Якубовіч, Кузьняцоў. Ну Кузьняцоў гэта чалавек, які займаўся рэпрэсіямі. Ну а далей там чыноўнікі, якіх я ня ведаю.

— Шкада, што гэтыя пытаньні вырашаюцца закрыта ад грамадзтва...

— Вось пра гэта я і казала, што павінна быць народнае абмеркаваньне, паколькі гэта ўсё неяк з-за шырмы. Мне з маім характарам, разуменьнем такіх рэчаў... гэта не маё. Я не магу гуляць пад коўдрай.

***

Аляксандар Лукашэнка заявіў 24 сакавіка, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс і што цяпер ідзе конкурс.

Міністэрства культуры распрацавала палажэньне аб парадку арганізацыі і правядзеньня конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку мэмарыялу «Курапаты».

Мэта конкурсу: «Пошук найбольш выразнага мастацкага адбітку вобразу ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня». Праекты можна падаваць да 26 красавіка 2017 году, а вынікі будуць падведзеныя журы 1 траўня 2017 году.

Алесь Дашчынскі, “Радыё Свабода”

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.