У духу асветніцтва

З дапамогай Пасольства Літвы ў Беларусі і Дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» пабачыла свет эпісталярная кніга «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні». Складальнікі — дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас (аўтар прадмовы) і загадчык аддзела гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене (аўтар уступнага артыкула і каментарыяў).

— Спадчына гэтага славутага чалавека мае значэнне не толькі для Літвы, Беларусі ды Польшчы, але і для ўсёй Еўропы, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулакас падчас прэзентацыі кнігі ў галерэі «Універсітэт культуры». — Адметна, што ў кнізе мы бачым Міхала Клеафаса Агінскага не проста выбітнай дзяржаўнай асобай, але і годным чалавекам, выдатным бацькам.

Дзяржаўнік, асветнік, грамадскі дзеяч, кампазітар — Міхал Клеафас Агінскі паўстае перад нашымі сучаснікамі ў розных амплуа. Эпісталярная ж спадчына скіроўвае ўвагу чытачоў на малавядомы бок Агінскага, дзе ён — узорны сем’янін, бацька шасцярых дзяцей. Нягледзячы на вялікую занятасць, Міхал Клеафас знаходзіў час на клопаты па выхаванні кожнага з іх. Нават за мяжой вёў з дзецьмі рэгулярнае ліставанне, дзе змястоўна і паслядоўна тлумачыў свае пажаданні наконт адукацыі ды жыццёвых каштоўнасцей: «Варта памятаць, што адукацыя неабходна для таго, каб выхаваць карыснага для грамадства чалавека, каб яго здольнасці і талент прыносілі радасці жыцця. Нельга забываць, што толькі веданне самога сябе, выкананне сваіх абавязкаў і вывучэнне характару людзей, побач з якімі мы жывём на гэтым свеце, могуць уберагчы нас ад шматлікіх небяспек і паспрыяць нам у пошуках шчасця».

У кнігу трапілі чатыры лісты: «Спадару Гумберту» (1819 год, Залессе), «Урывак з ліста да жонкі, якая прасіла маёй парады аб польскіх кнігах для чытання нашым дзецям» (1822 год, Рэтаў), «Ліст да маёй дачкі Амеліі пра выхаванне дзяцей» (1822 год, Рэтаў), «Бацькоўскія парады сыну на жыццёвы шлях» (1822 год). Ліст да Гумберта — гувернёра, якога знайшла Марыя Нэры Агінская ў Пізе для Ірэнія Клеафаса, — дэманструе надзвычайную ўвагу Агінскага да адукацыі свайго сына і ў той жа час выказвае павагу да жонкі: Міхал Клеафас давярае яе меркаванню. Узаемная павага і давер бацькоў адно да аднаго — вось аснова, на якой гадуюцца дзеці ў гэтай сям’і. «Ліст да жонкі», напісаны ў адказ на просьбу Марыі Нэры параіць кнігі для чытання ў вольны час дзецям, — прыклад уважлівага стаўлення да ролі бацькі ў выхаваўчым працэсе. Дэрэчы, ліст будзе цікавы не толькі навукоўцам: польскія кнігі, абраныя Міхалам Клеафасам, не падыдуць для сучасных дзяцей, але дасканалы падыход, якім карыстаецца Агінскі пры адборы літаратуры, — добрая парада для сучасных бацькоў.

У «Лісце да Амеліі» найбольш выяўляецца публіцыстычны талент Міхала Клеафаса. Як і ўсе дзеячы таго часу, ён бачыць наканаванне жанчыны ў шлюбе і мацярынстве. Але ж пры тым даводзіць, што адукацыя жанчын не павінна саступаць адукацыі мужчын. Гэта бачна і ў літаратуры, якую ён прапануе дачцэ нароўні з яе братам, і ў стаўленні да Амеліі. Бацька наўпрост разважае з дзяўчынай наконт філасофскіх пытанняў, вучыць яе таму, што ёсць сапраўднае жыццё: «Экзальтаванае пачуццё шукае ва ўяўнай прасторы неіснуючыя ў прыродзе звышдасканалыя ідэалы, замест таго, каб радавацца жыццю, як гэта робіць чалавек з чыстым і бездакорным сэрцам».

Апошні ліст, змешчаны ў кнізе, — «Бацькоўскія парады сыну на жыццёвы шлях». Мяркуюць, што Агінскі-старэйшы напісаў яго, калі Ірэній Клеафас з’ехаў вучыцца ў Італію. Па ступені даверу гэты ліст падобны да размовы з Амеліяй. Бачна, што Міхал Клеафас любіць сына, але чакае ад яго годных паводзін. Гэтым абумоўлена форма ліста: бацька дакладна фармулюе свае заўвагі, выкладае парады па пранумараваным спісе.

Кніга выдадзеная адначасова на дзвюх мовах — беларускай і літоўскай. Тэксты лістоў перакладзеныя з французскай мовы, на якой ішло ліставанне тагачаснай шляхты. Выданне добра праілюстравана: сюды ўвайшлі партрэты членаў сям’і Агінскіх, замалёўкі, адсканаваныя старонкі лістоў Міхала Клеафаса і дакументаў з архіваў, а таксама сучасныя фотаздымкі, зробленыя ў значных для яго мясцінах. Цікавая асаблівасць кнігі — каментары, дзе складальнікі выдання асвятляюць далейшае жыццё дзяцей Агінскага. Клопат бацькі быў недарэмны: Амелія ды Ірэній Агінскія выраслі годнымі людзьмі. Лісты Міхала Клеафаса Агінскага да сваёй сям’і змяшчаюць разумныя бацькоўскія парады па выхаванні дзяцей, характэрныя для эпохі Асветніцтва. Яны актуальныя і па сёння!


Ірэній Клеафас Агінскі, сын Міхала Клеафаса Агінскага, атрымаў выдатную адукацыю, доўгі час працаваў у дыпламатычным кірунку, але росквіт яго здольнасцяў прыпаў на памешчыцкую дзейнасць: ён скасаваў прыгон і ўвёў сялянскае самакіраванне, шмат намаганняў прыклаў на распаўсюджванне асветы сярод сялян. Ірэній Агінскі — дыпламат, гаспадар, грамадскі дзеяч ды ўвогуле паважаны чалавек — лепшы доказ таго, што бацькоўскі запавет не застаўся незаўважаным. Вось частка правілаў, якія Міхал Клеафас прапанаваў юнаку ў лісце «Бацькоўскія парады сыну на жыццёвы шлях»:

• Ні на імгненне не забывай нічога з таго, чым ты абавязаны сваёй самай першай дабрадзейцы — тваёй Маці. Прызвычайся нічога не гаварыць, не рабіць, папярэдне не запытаўшыся ў сябе: «А мая маці ўхваліць ці не?»

• Будзь заўсёды раннім — уставай на золку, як толькі цябе пабудзяць, адразу падымайся і не давай часу для сну і ляноты, перамагай сябе. Ты захаваеш сваё здароўе, калі будзеш захоўваць чысціню, а таксама і рэжым, выконваючы практыкаванні.

• Нарадзіўшыся не дзеля таго, каб абслугоўваць, а быць тым, каго абслугоўваюць, ты абавязаны гэтым выпадковасці, таму няма ніякіх падстаў тут ганарыцца; тым не менш гэта перавага, дадзеная табе. Табе трэба намагацца выхаванасцю і высакародствам пачуццяў надаць сабе сапраўдную значнасць і зразумець, што ўсё астатняе дасталося табе толькі па волі фартуны.

• Каб замацаваць тваю звычку самааналізу, няма нічога лепшага, чым завесці дзённік і запісваць усе свае ўчынкі, асабліва свае думкі. Гэтая звычка мае двайную выгаду: першая — звычка засяроджвацца на самім сабе, заглядаць у сябе, захаваць сябе, другая — сфарміраваць стыль, здольнасць пісаць, становячыся пісьменнікам.

• Хачу далучыць яшчэ адно маё пажаданне — вывучаць сучасныя замежныя мовы, што неабходна для тваёй кар’еры, якую ты сам сабе выбераш.

• Бываюць такія студэнты неспакойнага характару, якім падабаецца шукаць сварак са сваімі таварышамі. Гэта чума, якой трэба пазбягаць з найбольшай стараннасцю, і самы лепшы сродак пазбягаць гэтага (я казаў табе вышэй) — быць з усімі як мага болей ветлівым і не ўцягвацца ў справы, якія ты лічыш для сябе непрымальнымі.

• Сапраўдная мужнасць у тым, каб быць непахісным і нязменным у выкананні сваіх абавязкаў. Часцей той, хто баіцца славы баязліўца і сваю ганарыстасць выдае за смеласць, — той і ёсць баязлівец і даносчык. Апошняе лічыцца ў грамадстве самым агідным.

Дар’я Чарняўская, “Літаратура і мастацтва”