Міру Лукшу ўзнагародзілі ў Сусветны дзень паэзіі

Паэтэса, журналістка тыднёвіка беларускай меншасці ў Польшчы “Ніва” Міра Лукша ўзнагароджана падчас XVII Cусветных дзён паэзіі ЮНЭСКА ў Польшчы. Вылучэнне атрымала за мастацкае адлюстраванне шматкультурнай паэтычнай спадчыны малой Бацькаўшчыны і за папулярызацыю славянскай паэзіі. У рамках узнагароды выйшаў яе новы зборнік, надрукаваны выдавецтвам „ІБіС”, „Міра Лукша: Радаслоў”.

Кажа Міра Лукша:

– Гэта паказ таго, як нараджаюцца словы, паказаны таксама радавод гэтага слова, мой радавод, радавод беларушчыны нават. Бо ў гэтым зборнічку ёсць вершы пра рэчы і асобы, якія важныя не толькі для мяне. Таксама гэта і след, які застаецца пасля мяне, і падсумаванне таго, што я зрабіла. Проста ў гэтым выбары месцаў і людзей ёсць малая Айчына.

З 2001 года гэта адна з найбольш прэстыжных літаратурных імпрэз на свеце. Аднымі з першых лаўрэатаў узнагароды былі ксёндз Ян Твардоўскі і Эрнэст Брыль.

Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”