Вясну гукаць — і дзетак далучаць

Да беларускай народнай культуры далучаюцца школьнікі Даўгаўпілса.

Школьнікі Даўгаўпілса робяць выцінанкі

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшлі адукацыйна-гульнявыя заняткі ды майстар-клас для школьнікаў “Гуканне Вясны”. Дарэчы, патлумачыць назву можна як закліканне, прызыванне Вясны на зямлю, што яшчэ халодная пасля Зімы. Гэта прыгожае, светлае і радаснае свята, якое пачынаюць святкаваць на Беларусі з 14 сакавіка. І святкуюць, пакуль не наступіць вясна.

Асаблівасць беларускіх абрадаў — у тым, што ў іх цесна пераплятаюцца аграрна-бытавыя, язычніцкія ды  хрысціянскія элементы. Гуканне Вясны — гэта першае вясновае свята. Дзяўчаты раней узбіраліся на ўзгоркі — гэта ж каб было бліжэй да неба! — ды спявалі песні-вяснянкі. І такім чынам зазывалі-гукалі Вясну. Для яе ж вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла Зімы: як на Масленку. Спяваючы і водзячы карагоды, дзяўчаты са словамі “жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце” падкідвалі ўгору печыва ў выглядзе птушак — жаваранкаў, кулікоў, буслоў. І гэтая народная магія дапамагае, як і спяванне вяснянак, наблізіць прыход Вясны. Бо ранняя вясна абяцала сялянам багаты ўраджай. Дзеці ж у гэты час бегалі па хатах, спявалі вяснянкі з пажаданнямі здароўя і добрага ўраджаю, а гаспадары давалі малым пачастункі.

Каб бліжэй пазнаёміцца з народнай беларускай традыцыяй Гукання Вясны, Беларускі дом наведалі вучні 15-й асноўнай школы Даўгаўпілса. Арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апейнанэ правяла экскурсію па Цэнтры беларускай культуры, пазнаёміла дзяцей з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі, выставай фатаграфій, народнай бібліятэкай, экспазіцыяй “Беларуская хатка”. Дзятву цікавіла ўсё, асабліва прылады працы і побыту беларускіх сялян пачатку ХХ стагоддзя: да іх яны змаглі дакрануцца рукамі, даведацца аб іх прызначэнні.

А потым я расказала школьнікам пра традыцыі, адметнасці святкавання Гукання Вясны. Загадвала загадкі на беларускай мове, і за правільны адказ вучні даставалі з “чароўнага куфэрка” салодкі прыз-пачастунак. А пасля прагляду відэафільма “Гуканне Вясны ў Беларусі” дзеці клеілі птушку-выцінанку (аплікацыя з паперы) на каляровую паштоўку і размалёўвалі яе яркімі фарбамі.

Заняткі ўсім спадабаліся. Школьнікі шмат цікавага даведаліся пра культуру і традыцыі, вывучылі розныя беларускія словы, пазнаёміліся з традыцыйным відам творчасці: выцінанкай. Чаяванне і фатаграфаванне дадалі настрою: дзеці панеслі з сабою і самаробныя паштоўкі, і новыя веды, і станоўчыя эмоцыі.

Марыя Памецька, Цэнтр беларускай культуры, г. Даўгаўпілс