Барыс Кіт і папулярная музыка

Сёння вялікаму беларускаму навукоўцу Барысу Кіту споўнілася 107 год. Мы вырашылі паглядзець на жыццё Барыса Кіта не праз прызму палітычных зменаў у свеце, а абраць іншы ракурс – паглядзець, як змянілася папулярная музыка за той час пакуль Барыс Кіт з намі.

Бадай што самы вядомы выканаўца дэльта-блюза Роберт Джонсан быў малодшы за Барыса Кіта на адзін год. Памёр у 1938 годзе, калі Кіту споўнілася 28. Да канца сегрэгацыі, дарэчы, заставался яшчэ гадоў як мінімум 20.

Барыс Кіт мог не проста ведаць Элвіса Прэслі, але быць ягоным бацькам – калі Элвіс нарадзіўся, Барысу Кіту было 25.

Чак Бэры, які пакінуў нас зусім нядаўна ва ўзросце 90 гадоў, лічыцца старажылам рок-н-рола. Толькі калі Чак Бэры нарадзіўся, Барысу Кіту ўжо было 16 год.

А вось выпіць кавы з Рахманінавым Барыс Кіт мог бы лёгка – калі вялікага кампазітара не стала, Кіту ўжо было 33 гады.

Рок-н-рол, які пачаў вярцецца і круцці ў 1956 годзе, цалкам мог бы і не спадабацца спадару Кіту – у 46 год не заўжды проста адкрываць для сябе новую музыку.

Тая ж гісторыя з The Beatles: калі выйшаў іх першы альбом, Барысу Кіту было 53 — музыка навамодная.

Дзесяцігадовы Джон Калтрэйн мог бы, напрыклад, чысціць бацінкі на вуліцы амаль 30-гадоваму Барысу Кіту.

Калі Pink Floyd выпусцілі Dark Side of the Moon Барысу Кіту было 63. Проста падумаем, што ў наступным годзе гэтаму альбому споўніцца, на хвілінку, 45 год.

Калі пералічыць усіх толькі культавых музыкаў, якія паспелі з’явіцца і знікнуць за жыццё Барыса Кіта, то атрымаецца напоўніць Гластанбэры, на пару стагоддзяў наперад, пры ўмове, што праводзіць гэты фэст будуць раз на месяц.

У рэшце рэшт, фэсту Вудсток яшчэ ў 2009 стукнула 50 год, наўрад ці Барыс Кіт бы на яго адправіўся – яму было 59.

Электрычны блюз, рок-н-рол, біг біт, панк, ска-панк, хіп-хоп арт-рок – працягніце лінейку папулярных жанраў самі, але мала таго, што ўсе яны з’явіліся за часам Барыса Кіта, дык большасць з іх зараз пачуваецца значна горай, чым спадар Барыс.

А што тычыцца палітычных падзеяў, Сусветных войнаў і гэтак далей, то мы проста зазначым, што Савецкі Саюз быў звычайным дзяржаўным утварэннем эпохі Барыса Кіта, і пратрымалася яно не сказаць каб доўга.

Мы зычым спадару Барысу моцнага здароўя і аптымізму!

Мікалай Левертаў, “Будзьма беларусамі!”