Артуру Клінаву ўручылі Узнагароду імя Льва Сапегі

У Варшаўскім універсітэце ўручылі узнагароду імя Льва Сапегі. Сёлета яе лаўрэатам стаў беларускі мастак і літаратар, галоўны рэдактар часопіса “pARTizan” Артур Клінаў.

Цягам наступнага года артыст прачытае свае лекцыі ў пяці ўніверсітэтах Польшчы, гаворыць адзін з ініцыятараў узнагароды, дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Ян Маліцкі:

– Артур Клінаў цэлы акадэмічны год правядзе ў Польшчы, у пяці ўніверсітэтах – па два месяцы на кожным. Нагадаю, пачынаць будзе з Ягелонскага ўніверсітэта, затым будуць універсітэты ў Беластоку, Вроцлаве і Познані, і завершыць год – на Варшаўскім універсітэце.

Сам Артур Клінаў прызнаўся, што зусім не спадзяваўся гэтай узнагароды, так як звычайна лаўрэатамі прэміі імя Льва Сапегі станавіліся навукоўцы, а не артысты.

Наступны год Артур Клінаў плануе выкарыстаць для прамоцыі беларускай культуры сярод польскіх студэнтаў:

– Безумоўна – вялікі гонар, гэта каласальная магчымасць тут, у Польшчы, распавесці пра Беларусь. І не ў ракурсе палітычным, а ў ракурсе менавіта культуры новай Беларусі, якая нараджаецца. Каб паказаць тое файнае, цікавае, актуальнае, фантастычнае, што робіцца сёння ў беларускай культуры – у літаратуры, у выяўленчым мастацтве, у незалежным тэатры, у альтэрнатыўным кіно.

Прэмія імя Льва Сапегі была заснавана 12 гадоў таму. Штогод узнагарода прысуджваецца выбітным беларусам, якія звязваюць сваю дзейнасць са спадчынай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Прэмія знаходзіцца пад ганаровым патранатам прэзідэнта Польшчы.

Адам Завальня, “Беларускае Радыё Рацыя”