Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

7 красавіка – Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры выдаў унікальную кнігу!

7 красавіка, у 18.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца прэзентацыя ўнікальнай кнігі на беларускай мове "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", прысвечанай аднайменнаму міжнароднаму фестывалю, які ўжо стаў культурным брэндам беларускай дыяспары Латгальскага рэгіёну. Фармат кнігі - метадычнае, этнаграфічнае і краязнаўчае выданне, выдавец - ЦБК.

Штогадовы фестываль "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" упершыню прайшоў у 2011 годзе і за шэсць гадоў стаў культурным брэндам горада і візітнай карткай Цэнтра беларускай культуры. На працягу некалькіх гадоў фармат свята мяняўся, шырылася геаграфія і колькасць удзельнікаў, дадаваліся новыя акцыі і мерапрыемствы; і паступова свята перарасло ў Міжнародны фестываль народнай культуры, які аб'ядноўвае творчыя калектывы беларусаў Балтыі і Беларусі. Асновай свята з'яўляецца музычная тэатралізаваная пастаноўка на аснове беларускіх народных традыцый, якая спалучае ў сабе фальклорныя і сучасныя песні, танцы, гумар. Фестываль выдатна ведаюць і наведваюць мясцовыя жыхары, з вялікім задавальненнем прыязджаюць замежныя госці.

Выданне "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" знаёміць чытачоў з гэтай значнай падзеяй у жыцці беларускай дыяспары Латвіі, з гісторыяй фестывалю, яго разнастайнымі тэмамі і сцэнарыямі, арганізатарамі, самадзейнымі артыстамі і гасцямі. Кніга напісана на каларытнай беларускай мове з элементамі паланізмаў, русізмаў і бытавой гутарковай лексікі.

На прэзентацыі можна будзе пазнаёміцца з творчай камандай праекта і гісторыяй стварэння кнігі, паглядзець фестывальныя відэасюжэты, даведацца перспектывы на будучыню, паслухаць песні ў выкананні творчага калектыву ЦБК.

Кніга "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" - цалкам мясцовы прадукт, створаны ў Даўгаўпілсе.

Прэзентацыя выдання адбудзецца ў пятніцу, 7 красавіка 2017 года, у 18.00, у Цэнтры беларускай культуры па адрасу: Палац культуры, вул. Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.