Пабачыў свет 2-гі том кнігі “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця”

Выйшла з друку 2-я частка кнігі Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, лістах”. Гэтая кніга, выдадзеная ў серыі “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” – “Людзі Беларусі” супольна з "Гарадзнескай Бібліятэкай", з'яўляецца лагічным працягам дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі, распачатага Сяргеем Шапранам у першая частцы.
Кніга ўключае у сябе матэрыялы за перыяд 1970–2003 гг. жыцця пісьменніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя архіўныя дакументы, рукапісы і эпісталярная спадчына В. Быкава (у тым ліку ліставанне з А. Адамовічам, В. Аскоцкім, В. Астаф’евым, Р. Барадуліным, І. Дзядковым, В. Каверыным, Л. Лазаравым, В. Някрасавым, А. Твардоўскім ды інш.) з фондаў больш як дваццаці дзяржаўных музеяў і архіваў ды прыватных збораў, а таксама артыкулы ў перыядычным друку і ўспаміны (у тым ліку Ч. Айтматава, С. Алексіевіч, Г. Бакланава, С. Быкава, В. Быкавай, Г. Бураўкіна, В. Тараса, У. Някляева). Завяршае кнігу прыпавесць Уладзіміра Някляева “Чмель і вандроўнік”, прысвечаная Васілю Быкаву.Пры падборы ілюстрацыйных матэрыялаў перавага аддавалася малавядомым фотаздымкам В. Быкава, пэўная частка якіх друкуецца ўпершыню.Па словах Рыгора Барадуліна, “можна смела назваць подзвігам працу Сяргея Шапрана ў справе збору матэрыялаў, аналізу творчасці Васіля Быкава. Гэта кніга фактычна – энцыклапедыя творчасці Васіля Быкава”.Выданне кнігі адбылося дзякуючы дапамозе кіраўніцы дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі” Ірэны Каляды-Смірновай (ЗША), Калегіума Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Язёраньскага, ураду горада Вроцлава (Польшча), а таксама дзякуючы дапамозе Арсена Ліса, Генадзя Пляшко, Аляксандра Фядуты, Вячкі Целеша. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / Сяргей Шапран. — Мінск — Гародня, 2009. — 774 с. [20] с.: іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, Гарадзенская Бібліятэка. Людзі Беларусі: кн. 2).

-----------------------------------------------

Кнігу можна набыць у наступных крамах:“Дом книги “Знание”, вул. К. Маркса, 36, тэл./факс: 2261090, www.znanie.belkniga.by“Акадэмкніга”, пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 2920052

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”