Абярэг народных традыцый

Купалле, Дажынкі, Лявоніха, Калядкі і іншыя абрадавыя каляндарныя святы паспяхова зладзіў у апошні час Навасібірскі цэнтр беларускай культуры (НЦБК). Кожная такая дзея – своеасаблівы абярэг народных традыцый. А хто можа захаваць і зберагчы гэтыя традыцыі лепей і надзейней за маладое пакаленне? Вось на яго і робіць стаўку НЦБК, абавязкова прыцягваючы да ўдзелу ва ўсіх сваіх імпрэзах разам з дарослымі і дзяцей. На фестывалі-конкурсе «От Полесья до Сибири несите, аисты, весну!», які збірае больш за дзвесце ўдзельнікаў з большасці раёнаў і гарадоў вобласці, яны пачуваюцца сапраўднымі гаспадарамі.

Фестываль праводзіцца ў адзінаццаты раз, і таму ўдзелнікі сустракаюць адзін аднога як старыя сябры, але дух суперніцтва захоўваецца, усё ж такі гэта конкурс! А прысутнасць строгага кампетэнтнага журы змушае юных артыстаў гранічна засяроджвацца, выходзячы на сцэну. А там бліскучыя танцы – «Крутуха» і «Весялуха», «Красуля», «Полька Янка», знакамітая «Бульба» – перамяжоўваюцца з вакальнымі нумарамі.

Кожны такі фестываль, узровень якога вызначаюць ужо вядомыя тытулаваныя дзіцячыя калектывы, таксама адкрывае і новыя таленты, пакуль яшчэ нясмелыя і не зусім прафесійныя, але з шчырым жаданнем заявіць пра сябе. Гэтак, упершыню выйшла на вялікую сцэну шасцігадовая Уладзіслава Мірошнікава, унучка Ірыны Дубаграевай, якая шмат гадоў прапрацавала мастацкай кіраўніцай НЦБК і заснавала вядомы вакальны ансамбль «Крынічка». Маленькая дэбютантка з пяшчотай выканала народную беларускую песню «Купалінка» і атрымала званне лаўрэата I-й ступені. Пачаткоўка прайшла добрую школу і будзе годна працягваць сямейныя традыцыі.

Яшчэ адзін дэбют на вялікай сцэне адбыўся ў юных выхаванак Людмілы Кашчэевай, кіраўніцы Тэатра народнай песні "Вясёлка". За выдатнае выкананне беларускіх народных песень Валерыя Калганенка і Вікторыя Мірашнічэнка былі ўганараваныя дыпломам II-й ступені. Зычым ім поспеху і ў далейшым.

Арганізатары фестывалю на чале з маладой дырэктаркай Цэнтра Настай Дзяменцьевай увесь час імкнуцца прыўносіць ў працу фестывалю нешта новае. Перад пачаткам канцэрту прысутным паказалі цудоўны відэаролік, які дазволіў пазнаёміцца з мінулым фестывалю, а па заканчэнні канцэрта адбыўся круглы стол з удзелам сябраў журы і кіраўнікоў самадзейных дзіцячых калектываў Навасібірска і вобласці. Свае заўвагі і прапановы па кожнай намінацыі – беларускі народны танец, народны вакал, эстрадны вакал – выказваліся сапраўдныя прафесіяналы: балетмайстар-пастаноўшчык і рэжысёр Дзяржаўнага акадэмічнага Сібірскага рускага народнага хору Андрэй Сцяпанаў; выкладчыца вакалу і мастацкі кіраўнік народнага хору Навасібірскага каледжа культуры і мастацтваў Святлана Някрасава; выканаўчая дырэктарка Расійскай дырэкцыі «Клубу дзелавых жанчын Расіі і Беларусі» (партнёра фестывалю, які забяспечыў спецыяльныя прызы для ўдзельнікаў конкурсу) Алена Чадава. Таксама ў журы быў запрошаны госць з Беларусі – спявак, саліст Рэспубліканскай дзяржаўнай філармоніі Сяргей Доўгушаў.

Адзнакі спецыялістаў грунтаваліся на тым прынцыпе, што падмуркам класічнага мастацтва з'яўляецца мастацтва народнае. Фестываль-конкурс – змаганне таленавітых і мэтанакіраваных дзяцей. Дапамагаць ім напоўніцу раскрыцца – задача педагогаў. Вельмі важна ўмела, з улікам магчымасцяў дзіцяці, падабраць рэпертуар. А гэта, на жаль, не заўсёды атрымліваецца. Таксама павінна быць і псіхалагічная дапамога: разняволіць юнага артыста перад выхадам на сцэну, прыбраць заціснутасць, няёмкасць. Але ў цэлым, як адзначыла журы, кіраўнікамі самадзейных калектываў была праведзена вялікая праца, якая заслугоўвае павагі. І найлепшы паказчык гэтага – прызавыя месцы, дыпломы, падарункі.

Высокі ўзровень правядзення фэсту адзначыў і беларускі госць. Са словаў Сяргея Доўгушава, ён не дарма ехаў за тысячы кіламетраў, каб у далёкай Сібіры дакрануцца да роднай беларускай культуры. Са сваім калектывам ён збірае народныя песні і дае ім, як ён сам кажа, новае жыццё. З гэтай мэтай ён збіраецца ў свой наступны прыезд павандраваць па Сібіры. Удзельнікам круглага стала беларускі артыст падарыў дыскі з запісамі беларускіх песень і інструментальных кампазіцый, а таксама запрасіў кіраўнікоў калектываў наведаць Беларусь, бо сустрэчы з майстрамі, носьбітамі мовы і ўдзел у майстар-класах безумоўна пойдуць карысць.

На наступны дзень пасля фестывалю Сяргей Доўгушаў правёў майстар-клас для юных выхаванцаў Тэатра народнай песні "Вясёлка". Сустрэча адбылася на запрашэнне мастацкага кіраўніка Тэатра, педагога вышэйшай катэгорыі Людмілы Кашчэевай.

Дамо ёй слова:

“У сакавіку ў нашай «Вясёлкі» дзень нараджэння – калектыву спаўняецца 14 гадоў. Самым нечаканым і ўзрушвальным падарункам для нас была сустрэча з госцем з Беларусі падчас традыцыйнага вясновага фестывалю. Сяргей, адкрыты, пазітыўны, шчыры збіральнік і прафесійны выканаўца беларускага фальклору, крануў не толькі далікатныя дзіцячыя сэрцы, але растрывожыў і маю беларускую свядомасць. Я спаймала сябе на тым, што раптам пераключылася і стала не толькі размаўляць, але і думаць на роднай мове. Сустрэча з носьбітам беларускай культуры, яго песні, сакавітая беларуская гаворка было для мяне як прывітанне з роднай зямлі, любімай Беларусі.

Пачуўшы выступ Сяргея на канцэрце, мае выхаванцы з нецярпеннем чакалі сустрэчу і размову з ім.

Трэба аддаць належнае нашаму госцю, ён выдатна кіруе глядацкай аўдыторыяй, нават дзецьмі, якіх падмануць цяжка. Яны адчувалі дабрыню і шчырае да іх стаўленне. З вялікай цікавасцю дзеці слухалі, як Сяргей грае на розных музычных інструментах, а таксама з усёй сваёй дзіцячай непасрэднасцю задавалі шматлікія пытанні! Гэтая сустрэча зрабілася своеасаблівым штуршком для далейшага вывучэння беларускай песеннай культуры і глыбокага беларускага народнага фальклору. Адразу пасля канцэрту да мяне падыходзілі не толькі малодшыя, але і старэйшыя выхаванцы з прапановай выконваць тыя песні, якія пачулі і спявалі разам з Сяргеем. Развітваючыся з нашым госцем, мы дамовіліся сябраваць і падтрымліваць зносіны, бо ён для нас стаў блізкім і родным.

Мы ад усяго сэрца зычым яму творчых поспехаў і радасных зносінаў са слухачамі. А песні з ягонага рэпертуару ўзорны калектыў Тэатра народнай песні "Вясёлка" з вялікай радасцю возьме да рэпертуару свайго, і будзе знаёміць з імі навасібірскую публіку”.

Не меней уражанняў пакінула і сустрэча з дырэктаркай НЦБК Анастасіяй Дзяменцевай. “Цікава было назіраць за дзецьмі, – кажа Анастасія, – асабліва за іх рэакцыяй на зусім незнаёмыя ім музычныя інструменты, якімі віртуозна валодае госць з Беларусі – акарыны, колавая ліра ды іншыя. Тое, што пад яго акампанемент дзеці дружна заспявалі «Лявоніху», прывяло Сяргея ў захапленне. Менавіта ад зносін з такімі людзьмі хочацца яшчэ мацней заглыбіцца ў гісторыю продкаў, спазнаць свае вытокі”.

Кіраўніца НЦБК з гонарам распавяла пра тое, што ў гэтым годзе на традыцыйны міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», які праходзіць у Беларусі, паедзе ансамбль “Пацешкі" з вёскі Яркава Навасібірскай вобласці. Сертыфікат за паспяховае выступленне на конкурсе юным артыстам падарыў адзін з партнёраў фестывалю – Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, з якім НЦБК мае даўняе творчае супрацоўніцтва.

Л.Бяляўская, “Навасібірскі Цэнтр беларускай культуры”