Першакніга для беларусаў

Рэдкія выданні Бібліі ў адной выстаўцы. Экспазіцыя «Кніга кніг» распавядае, якім чынам прыходзіла Слова Божае на землі Беларусі. Трэба завітаць у Нацыянальную бібліятэку краіны, каб больш глыбока зразумець гісторыю галоўнай кнігі хрысціянства ў кантэксце дзейнасці Францыска Скарыны.

Асобнае месца на гэтай выстаўцы займае першакніга беларускай культуры — Біблія Францыска Скарыны з фонду Нацыянальнай бібліятэкі. Гледачы пабачылі адразу 7 выданняў першадрукара, змешчаных у трох асобніках Бібліі: у Кнізе «Царствы» пад адной вокладкай аб’яднаныя 4 кнігі. Акрамя яе ў экспазіцыю патрапілі «Прамудрасць Божая» і «Ісус Сірахаў» — выданні Старога Запавету, што выйшлі ў свет на пачатку друкарскай дзейнасці Скарыны ў Празе. Гэтыя выданні набылі для бібліятэкі больш як 90 год таму, але рэдка прадстаўлялі гледачам: вядома, такія рарытэты старанна захоўваюць.

— Варта звяртаць увагу не толькі на час узнікнення кнігадрукавання і яго форму, але і на змест: першая беларуская друкаваная кніга была Бібліяй, — сцвярджае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — На выстаўцы мы зрабілі акцэнт на Бібліі і яе гісторыі, якая налічвае ўжо больш як два тысячагоддзі. У межах экспазіцыі, што адкрылася ў Дзень праваслаўнай кнігі, прадстаўлены старажытныя еўрапейскія спісы на папірусе і пергаменце, адна з першых друкаваных Біблій Заходняй Еўропы, а таксама інкунабульныя выданні XV стагоддзя.

Упершыню дэманструецца якасна зробленае факсімільнае ўзнаўленне «Паслання апостала Пятра» — адзін з найбольш старажытных рукапісаў хрысціянскага свету, які ўваходзіць у склад Новага Запавету Бібліі. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі заўважыў, што ўзнаўленне «Паслання апостала Пятра», хрысціянскі літаратурны помнік ІІІ стагоддзя, зусім нядаўна перадала ва ўласнасць НББ Ватыканская апостальская бібліятэка.

Выстаўка «Кніга кніг» адкрылася ў Дзень праваслаўнай кнігі. Па блаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы разам са Свята-Елісавецінскім манастрыром ды Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі арганізаваў Дзень праваслаўнай кнігі, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатары імпрэзы нагадалі беларусам, што 500-годдзе беларускага кнігадрукавання — гэта, па сутнасці, свята царкоўнай кнігі, бо Францыск Скарына пачаў сваю асветніцкую дзейнасць з выдання «Псалтыра». Зараз Біблія — самае тыражаванае і папулярнае выданне ў свеце. Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спецыяльна да Дня праваслаўнай кнігі падрыхтаваў выстаўку «Кніга кніг», на якой прадстаўлены рэдкія выданні Бібліі.

— Нягледзячы на тое, што ў наша жыццё актыўна прыходзяць тэхналогіі, кнігі застануцца, — заўважыў падчас адкрыцця выстаўкі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. — Калі мы чытаем, адбываецца нешта большае: мы дакранаемся да гісторыі і па-іншаму ўспрымаем свет.

Акрамя сусветнай біблейскай гісторыі акрэслілі і шлях духоўнай кнігі на беларускіх землях: гісторыя Бібліі на Беларусі пачынаецца ад Тураўскага евангелля ХІ стагоддзя і налічвае амаль тысячу год. Нацыянальная бібліятэка прэзентавала не толькі друкаваныя выданні, але і каштоўныя рукапісныя кнігі, што існуюць у адзіным асобніку. Напрыклад, унікальныя помнікі кнігапісных традыцый нашай краіны — беларускія рукапісныя евангеллі XVI — XVII стагоддзяў. Пазнаёміліся госці выстаўкі і з біблейскімі выданнямі знакамітай Берасцейскай друкарні — фактычна, першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Для экспазіцыі «Кніга кніг» падрыхтавалі адно з першых выданняў Берасцейскай друкарні, якое датуецца сярэдзінай XVI стагоддзя. Прадставілі вядомую Астрожскую Біблію, створаную Іванам Фёдаравым. Гэта першая друкаваная Біблія на царкоўнаславянскай мове, выдадзеная ў поўным аб’ёме (на жаль, наш суайчыннік Францыск Скарына не здолеў выдаць усе кнігі, што ўваходзяць у Біблію). Акрамя старажытных асобнікаў, выстаўка звярнула ўвагу і на больш сучасныя выданні Старога і Новага Запавету ХХ стагоддзя, у тым ліку і пераклады на беларускую мову.

Падчас урачыстай часткі імпрэзы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў у падарунак бібліятэцы Інстытута тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».

Да Дня праваслаўнай кнігі экспазіцыі сваёй прадукцыі падрыхтавалі беларускія праваслаўныя выдавецтвы. Выдавецтвы Беларускага Экзархата, Свята-Елісавецінскага манастыра, Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла ды іншыя прадставілі тэматычныя стэнды з навінкамі духоўна-асветніцкай літаратуры для дарослых і дзяцей. Весела і пазнавальна госці свята бавілі час на дзіцячай пляцоўцы побач са стэндамі, дзе ладзіліся цікавыя сустрэчы з аўтарамі дзіцячай духоўнай літаратуры. Свята-Елісавецінскі манастыр узнавіў для наведвальнікаў Дня праваслаўнай кнігі «Скрыпторый» ХІІ стагоддзя — майстэрню па перапісванні кніг часоў Ефрасінні Полацкай. У «Скрыпторыі» дарослыя разам з дзецьмі ўбачылі ўзноўленыя экспанаты: кола для перасоўвання кніг, прэс для сціскання пергаментных старонак і самі кнігі, замацаваныя на паліцах пры дапамозе ланцужкоў. Для паглыбення ў майстэрства перапісвання працавала школа каліграфаў, дзе майстар-клас «Мастацтва пісьма» праводзілі дызайнер шрыфтоў, куратар студыі каліграфіі Аляксей Коваль і кніжны мастак, каліграф Ганна Кулікова.

Дар’я Чарняўская, “Літаратура і Мастацтва”