Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

У Навасібірску прайшоў XI Міжрэгіянальны дзіцячы фестываль-конкурс беларускай творчасці

Сяргей Доўгушаў, лідар гурта “Vuraj”, які ў якасці сябра журы прадстаўляў на XI фестывалі-конкурсе “От Полесья до Сибири несите, аисты, весну” ЗБС “Бацькаўшчына”, падзяліўся сваімі ўражаннямі.

“Фестываль раз на год ладзіцца Навасібірскім Цэнтрам беларускай культуры, якім кіруе Анастасія Трубянкова, і мне хацелася б адзначыць высокі ўзровень яго арганізацыі. Было вельмі цікава, прыйшло шмат гледачоў. Для ўдзельнікаў былі прадугледжаны падарункі, а спонсарам выступіла Міністэрства культуры Навасібірскай вобласці.

Нумары, якія дэманстравалі дзеці з розных рэгіёнаў Навасібірскай вобласці, падзяляліся на спеўныя і танцавальныя. Усе гэтыя дзеці – праўнукі колішніх перасяленцаў, і хаця яны самі, на жаль, па-беларуску разумеюць не вельмі добра, беларускія песні шчыра любяць і вельмі якасна іх выконваюць. У Расіі зусім іншыя адлегласці паміж населенымі пунктамі, і я быў у захапленні ад таго, што людзі гатовыя ехаць за столькі кіламетраў, каб пачуць беларускую песню. Дзеці спяваюць захоплена, ім гэта сапраўды падабаецца, яны задавалі мне шмат пытанняў, прасілі пракаментаваць іх выступы.

Пасля канцэрту для нас зладзілі экскурсію па горадзе, распавялі пра беларускую культуру ў Заходняй Сібіры, і я прыйшоў да высновы, што ў тым рэгіёне наогул ёсць сэнс ладзіць фальклорныя экспедыцыі. Напрыклад, я даведаўся пра вёску Каўбаса, дзе і цяпер жывуць носьбіты беларускай культуры. З гарадоў беларуская мова сышла, а ў такіх вёсках, з якіх жыхары рэдка куды выязжаюць, на ёй гавораць. Хто ведае, якія беларускія песні там можна пачуць?

На наступны дзень я наведаў школу, дзе беларускі гурток вядзе жанчына з Беларусі, Людміла Кашчэева. Дзеці з таго гуртка якраз першае месца і занялі. Я праспяваў ім некалькі песень, паказаў колавую ліру. На добры ўспамін падарыў плыты з беларускімі фальклёрнымі запісамі, каб яны змаглі яшчэ больш папоўніць свой рэпертуар”.

Гутарыў Сяргей Кандраценка,
прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”

Фотагалерэя: 
Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.