“Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка” – 500-годнасць на Пружаншчыне

18-га і 19-га лютага 500-годнасць кнігадруку гасцявала на Пружаншчыне Брэсцкай вобласці. Спявачка Таццяна Матафонава і паэтка Антаніна Хатэнка вандравалі насустрач Дню роднай мовы па дрымучай Пружанскай пушчы, прыпыняліся на добрую шчырую гаворку пра нас, пра час, пра мінуласць і будучынь у школе нумар 4 г. Пружаны, у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, а таксама на сядзібе Народнага майстра-разбяра Міколы Тарасюка ў знямелай колісь вёсцы Стойлы, дзе намаганнямі Ларысы і Аляксандра Быцко створана цяпер унікальная дыялогавая прастора – культурна-адукацыйны цэнтр “Вясковы рэнесанс”.

Настаўнікі і вучні чацвёртай пружанскай школы прысвяцілі суботні выхаваўчы дзень віртуальнаму падарожжу ў далёкія часы Францішка Скарыны, калі з’явілася першая друкаваная кніга на роднай мове, ды ў зусім блізкія гады абвешчання сувэрэнітэту Краіны, гартаючы разам з творцамі старонкі нашай слыннай і годнай гісторыі, занатаванай у народнай культуры, літаратуры, музыцы. Падлеткі радасна адкрывалі для саміх сябе жывую гаючую повязь з продкамі, што пакінулі нам неацэнную спадчыну. І з дзяцінства знаёмыя мясціны паўставалі ва ўсёй велічы і непаўторнасці, расхіналі векавечныя таямніцы. Белая вежа, найбуйная ў Еўропе пушча, Ружанскі палац і наўпрост злучны з ім Статут ВКЛ, непараўнальны спеў народжанага тут Міхася Забэйды-Суміцкага, творчасць Юзафа Крашэўскага, радзімнае гняздо Андрэя-Тадэвуша Касцюшкі, зберажэнне і папулярызацыя фальклору Рыгорам Шырмам – цалюткае палатно жыцця ад прадаўнасці да сёння разгортвалася ў сустрэчы школьнікаў з Антанінай Хатэнкай, дзяцінства якой прайшло якраз у Пружанах, і Тацянай Матафонавай, якая знітоўвала песнямі гэты дзівосны Край з усёй Беларуссю.

Вечаровая ж імпрэза ў Стойлах, дзе і сядзіба – вабны сучасны цэнтр, і ваколіцы дыхаюць памяццю пра майстра Тарасюка, сабрала неабыякавых да этнічных вытокаў людзей з Брэста, Драгічына, Камянца, Пружан, Бездзежу. Юнакі і дзяўчаты, што робяць спробу далучнасці да каранёў, сямейныя пары, гурты сяброў-аднадумцаў з’ехаліся ў самую глыбіню пушчы на сустрэчу, абярожаную 500-годнасцю кнігадруку і Днём нацыянальнае мовы. Былі тут і будаўнікі, і мэдыкі, і народныя майстры, і бізнэс-кансультанты, і маркетолагі, і супрацоўнікі ўстаноў культуры, аб’яднаныя памкненнем пазнаць шлях і думку народу – ад сівой даўніны да дзён мігатлівых цяперашніх.

Аповеды пра слынных людзей Айчыны, пра жыццядайную моц мастацтва, пра лучнасць папярэднікаў і наступнікаў Антаніны Хатэнкі, мелодыка чытаных паэткай вершаў і калыханне песень Таццяны Матафонавай і насамрэч нібыта разгарнулі чуйную бязмежнасць: каля сарака чалавек, прысутных на цёплым свяце, разам з выступоўцамі згадвалі сваіх дзядоў, іхнае умельства захавання і перадавання праз пакаленні чыстай пявучай мовы, традыцый, рамёстваў, ладу мыслення і гаспадарання, злітнасці з прыродай і адданасці сваёй зямлі, злучнасці з родам. А калі завінуліся народныя танцы, то і рухі прабабуль, гэтаксама, як іхная гамонка, лёгка і светла абудзіліся ледзь не ў кожным з давернай публікі. Гэткім цудным чынам адбылося павяртанне ў часе і падмацаванне, паджыўленне прадзедавай магутай дабра, святла і любові.

Пружанскі Палацык склікаў у шыкоўную шляхецкую залу, са сцен якой пільна ўглядаюцца ў вечнасць гаспадары сядзібы музею – Швыкоўскія, інтэлігенцыю гораду і навакольных мясцін. Настаўнікі, сябры Таварыства беларускай мовы, журналісты раённай газеты, аднадумцы і паплечнікі ў справе аднаўлення звычаёвай культуры з Кобрына, рупліўцы з Цэнтру народнай творчасці разважалі разам з гасцямі – Тацянай Матафонавай і Антанінай Хатэнкай – пра мажлівасці адраджэння спрадвечных продкавых традыцый і пошукі новых фарматаў улучнасці ў іх сучаснай моладзі, пра значнасць і важкасць у плыні развіцця нацыі раўнаважнасці культуры народнай і шляхецкай.

Паэзія і музыка гучалі тут гарманічна і высока, як і мае быць у шляхецкім салоне, дзе і колісь, за часамі валадароў Палацыку, што апекаваліся тут асветай, духовасцю, пашырэннем гістарычных ведаў, экалагічнасцю асяродку, ствараючы аранжарэі і батанічныя дзялянкі і ўкладаючы фінансы і намаганні ў фармаванне культурнага поля на грунце здабыткаў нашых папярэднікаў.

Паэт, прадпрымальнік-пчаляр Мікола Папека, што жыве на Пружаншчыне, усчаў гаворку пра цяперашні стан экалогіі і патрэбу ратавання зямлі ад бяздушнага карыстальніцтва, пра ісціну і міфы Сярэднявечча і сфармуляваў ідэю суладнасці ў грамадстве – засяленне і новаабжыванне пакінутых хутароў.

Гэткім чынам, сустрэча пад знакам 500-годнасці і Дня роднай мовы ў пружанскім Палацыку сталася адметнай падзеяй не адно культурніцкай, але й экалагічна-гаспадарніцкай: вершы, спаміны, спевы, мікрадыскусіі пра этнас, княжасць і сялянскасць, пра псіхалогію вяскоўца і гараджаніна наўпрост закранулі ці ня кожнага наведніка. І ўсе разам, яшчэ доўга пасля выступу не адпускаючы сталічных гасцей, пружанцы прыйшлі да высновы, што найпершай мэтай эліты мае быць узрошчванне і выхаванне сапраўднага, адказнага гаспадара свайго лёсу, дому, Краю, здольнага акумулёўваць набыткі, атрыманыя са старажытнасці і абароненыя ў ліхадзействе войн, распраў і глухіх замоўчванняў, і вынаходніцтвы сучаснасці.

Вось так 500-годнасць кнігадруку, набліжэнне Дня роднай мовы, сённяшнія вершы Антаніны Хатэнкі, песні на тэксты класікаў і сучасных аўтараў, выконваныя Тацянай Матафонавай, паспрыялі паразуменню і пагодненасці шмат каго з сабраных у Палацыку людзей у нязбыўным падзеле на фізікаў і лірыкаў. “Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка”, – здагадаўся колісь Янка Купала. І гэтую праўду знайшлі на сустрэчы 500-ГОДНАСЦІ ў Пружанах: Бацькаўшчына – гэта наша роднасць між сабой, прыхільнасць да сваёй нівы, сваёй песні, свайго Слова, пазлучваныя ў квітнёны вянок памяці, годнасці і гонару.

І гэтая простая выснова была пацверджана паўсюль, дзе ладзіліся сустрэчы, добрым, удзячлівым зацікаўленнем удзельнікаў музычнымі і літаратурнымі дыскамі, стваранымі Таццянай Матафонавай дзеля прыцягнення грамадзкай увагі да нацыянальных культуры і мастацтва.

“Будзьма беларусамі!”