Цэнтр беларускай культуры будзе супрацоўнічаць з музеямі Беларусі

Творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча прысвечана выстава, якая адкрылася 22 лютага 2017 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК). Экспазіцыя створана на аснове навуковых распрацовак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск), які аб'яднаў 9 профільных філіялаў. Вынікам узаемадзеяння двух устаноў культуры Латвіі і Беларусі стала доўгатэрміновае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Адкрываючы літаратурны вечар, кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская павіншавала гасцей з Міжнародным днём роднай мовы. Менавіта да гэтага свята ў Латвіі адкрыліся тры перасовачныя выставы пра беларускіх паэтаў: у Рызе - Рыгора Барадуліна, у Екабпілсе - Пятруся Броўкі, а ў Даўгаўпілсе - Максіма Багдановіча. Латвійцы адкрыюць для сябе беларускіх паэтаў і пазнаёмяцца з літаратурнай спадчынай Беларусі.

1-й намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі ў сваім выступленні падкрэсліў, што нацыянальна-культурныя цэнтры ў Даўгаўпілсе паступова становяцца інфармацыйнымі цэнтрамі, якія дапамагаюць усталёўваць міжнародныя сувязі.

Аб цесных сувязях беларускай дыяспары Даўгаўпілса з этнічнай радзімай казаў у сваёй прамове Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў.

У Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі культуры беларускіх гарадоў Мінска, Браслава, Міёр, Полацка, Глыбокага, Смаргоні, Зэльвы, Віцебскага раёна, а таксама з цэнтрамі беларускай культуры "Крок" (Вісагінас, Літва) і аб’яднаннем беларускіх арганізацый "Радзіма" (Талін, Эстонія). Зараз спіс партнёраў ЦБК пашырыўся навукова-музейнай установай РБ. На вечарыне было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

"У фондах нашага музея знаходзяцца больш за 100 тысяч экспанатаў: рукапісаў, фотаздымкаў, дакументаў і прадметаў. Мы нярэдка ладзім выставы ў розных гарадах Беларусі і за яе межамі,"- адзначыў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч. Ён прадставіў прэзентацыю аб дзейнасці музея і яго 9 філіялаў, якія вывучаюць творчасць і захоўваюць літаратурную спадчыну паэтаў і пісьменнікаў: Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, В.Быкава, А.Міцкевіча, К.Чорнага і інш.

На літаратурна-музычнай вечарыне загадчыца культурна-адукацыйнага сектара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Юлія Мацук распавяла пра творчасць і біяграфію самага маладога класіка беларускай літаратуры. Сёння яго вершы ведаюць не толькі знатакі паэзіі, але і шырокая публіка, бо яны сталі словамі знакамітых песень легендарнага беларускага ансамбля "Песняры": гэта "Зорка Венера", "Вераніка", "Вянок" і іншыя. На сустрэчы вершы М.Багдановіча гучалі на беларускай, латышскай і рускай мовах у выкананні жыхароў Даўгаўпілса, якіх цікавіць беларуская культура.

Салістка вакальна-інструментальнага ансамбля "Пралескі" Юлія Хмяльніцкая выканала песню-прысвячэнне "Суніцы для Багдановіча" на словы Станіслава Валодзькі (музыка Мікалая Яцкова).

Для гасцей з Мінска сюрпрызам стала не толькі тое, што ў Даўгаўпілсе кожны дзесяты жыхар - беларус, але і тое, што беларуская дыяспара мае багатую гісторыю, захоўвае свае культурныя традыцыі. Унікальныя экземпляры выдадзеных на тэрыторыі Латвіі вершаў М.Багдановіча перадаў у дар Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры гісторык, краязнаўца, член таварыства «Уздым» Мікалай Паўловіч.

Літаратурную вечарыну завяршыла песня пра родную мову ў выкананні ансамбля "Купалінка".

Дэлегацыя музейных супрацоўнікаў з Мінска таксама наведала Арт-цэнтр М.Ротка, Даўгаўпілскі мастацка-краязнаўчы музей, сінагогу і Музей гісторыі яўрэяў Латгаліі, правяла перамовы з кіраўнікамі ўстаноў.

2017 год у Беларусі аб'яўлены Годам навукі. Плануецца, што на працягу ўсяго года ЦБК ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве будзе прадстаўляць жыхарам Даўгаўпілса выставы пра беларускіх літаратараў з Беларусі, распрацаваныя на аснове навуковых крыніц. Пасля Даўгаўпілса выстава М.Багдановіча адправіцца ў Дагду, выстава Р.Барадуліна - у Екабпілс, а выстава П.Броўкі - у Даўгаўпілс.

Выстава пра творчасць М.Багдановіча будзе працаваць у ЦБК да 22 сакавіка 2017 года.