У Вісагінасе правадзілі зіму беларускай песняй

24 лютага 2017 года ў г. Вісагінас (Літва) прайшло Свята беларускай песні, арганізаванае беларускім культурным цэнтрам “Крок“. Шаноўнымі гасцямі на канцэрце было кіраўніцтва гарадской улады Вісагінаса і сябры-беларусы з Даўгаўпілса.

У вялікай зале с сімвалічнай назвай “Дружба” паўтары гадзіны гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні ў выкананні мясцовага беларускага ансамбля “Світанак”. І слухачы разам з любімым ансамблем спявалі “За Беларусь”, “Ой, братка беларус”, “Гаворка беларуская”, “Сустрэча з домам”, “Вёсачка”, “Гаспадыня”, “Добрым людзям”, “Цешчыны дранікі”, “Ночка цёмная”, “Цячэ рэчанька”, “Ой, каліна-маліна”, “Бульбачка”, “Шэрая лашадачка” і інш., песню на літоўскай мове “Duetas”.

Ганаровымі гасцямі свята былі мэр г.Вісагінас Даля Штраўпайцэ, віцэ-мэр Наталля Гайваронская, дырэктар адміністрацыі Сяргей Міцкевіч, дэпутат гарадскога самакіравання і кіраўнік беларускага культурнага цэнтра ”Крок” Алег Давыдзюк, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская.

У канцэрце прынялі ўдзел госці з Даўгаўпілса: паэт Станіслаў Валодзька, які прачытаў свой верш “На Масленку”, паколькі якраз праходзіў Маслянічны тыдзень, а спявак Павел Прозар выканаў тры вядомыя песні на біс.

Як даніна павагі гасцям з Даўгаўпілса ў выкананні саліста ансамбля “Світанак” Сяргея Шабадалава прагучала песня “Чаромха” (музыка Альберта Белуся, словы Станіслава Валодзькі), а ансамбль “Світанак” выканаў песню “Беларускі дом” (музыка Аляксандра Рудзя, словы Станіслава Валодзькі), якая стала гімнам беларусаў Літвы.

У наступным годзе беларускі культурны цэнтр “Крок” будзе адзначаць 20-годдзе свайго вакальнага гурта “Світанак”. Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і Вісагінаскі беларускі культурны цэнтр “Крок” звязваюць шматгадовыя стасункі, а ў 2016 годзе на Міжнародным фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” дзве ўстановы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)