“Пяцісотгоднасць” у “Паўночных Афінах”: Марына Шода і Андрэй Хадановіч у Залессі

3 сакавіка, у межах акцыі “Пяцісотгоднасць”, Марына Шода і Андрэй Хадановіч наведалі Залессе. У Залескай сярэдняй школе адбыліся дзве творчыя сустрэчы.

Першая была арганізаваная для малодшых школьнікаў. Андрэй Хадановіч прадставіў сваю кніжку “Нататкі таткі”, расказаў пра яе стварэнне і пачытаў вершы з яе. Дзеткі разам з аўтарам шукалі адказы на пытанні “Чаму агуркі калючыя?”, “Чаму рыпяць арэлі?”, “Як правільна шукаць пальчаткі?” і “Чаму шкарпэткі не шкарпяткі?”. Перакладчыца Марына Шода апавяла пра класіка дзіцячай літаратуры Януша Корчака, прадставіўшы па-беларуску яго знакамітую кнігу “Кайтусь-чарадзей” – гісторыю польскага папярэдніка Гары Потэра, маленькага хлопчыка, што навучыўся магіі ў міжваеннай Варшаве.

На другую сустрэчу сабраліся ўжо старэйшыя школьнікі. Спадарыня Шода прэзентавала дзве калектыўныя перакладчыцкія працы – дзве кнігі польскіх пісьменнікаў, месцам нараджэння аўтараў і месцам дзеяння раманаў шчыльна звязаныя з Беларуссю: “Знахара” Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча і “Надбярэзінцаў” Фларыяна Чарнышэвіча.  Андрэй Хадановіч выступіў у некалькіх іпастасях, пачытаўшы свае вершы з кніг “Дэжа вю” і “Землякі, або Беларускія лімэрыкі” (сярод персанажаў апошняй фігуруе “музыка з Залесся”), прадставіўшы некалькі перакладаў з беларускіх зборнікаў Эдгара По і Гіёма Апалінэра, а таксама праспяваўшы колькі песень – ад цалкам складзенага з цытат “Гатэля Беларусь” да перакладаў Леанарда Коэна і апошняга нобелеўскага лаўрэата Боба Дылана. Дадатковай урачыстасці сустрэчам надавала тое, што яны адбываліся ў Сусветны дзень пісьменніка, так што размовы пра творчасць, мастацкі пераклад і беларускае кнігадрукаванне, урачыстыя словы пра Францыска Скарыну і памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, ініцыятарам і каардынатарам якой з’яўляецца ЗБС “Бацькаўшчына”, былі асабліва дарэчныя.

“Будзьма беларусамі!”