Вернісаж Міраслава Здрайкоўскага: „Былі. Ёсць. Будзем”

Вернісаж мастака з Бельска-Падляшскага  Міраслава Здрайкоўскага „Былі. Ёсць. Будзем.” прайшоў ў Гародні. У выставачнай зале  Музея гісторыі рэлігіі  выстаўлена з два дзясяткі твораў мастака-беларуса: выявы ручнікоў,  іконаў Падляшша, яны так блізкія па духу Гарадзеншчыне.

Чаму ў якасьці назвы выбраны радкі з верша Уладзіміра Караткевіча, кажа мастак Міраслаў.

– Па меркаванні статыстыкаў, колькасць беларусаў Падляшша змяншаецца. Назва выставы дае аптымізм на будучае. Нягледзячы ні на што, мы будзем.

Міраслаў Здрайкоўскі вядомы ў Гародні мастак.

Як паведаміў гарадзенскі літаратар Віктар Сазонаў, менавіта ён займаўся афармленнем кніжкі „Суседскія былі”.

– Я, як толькі даведаўся, што гэты чалавек будзе выстаўляцца ў Гародні, з вялікім задавальненьнем прыйшоў сюды. Бо ведаю яго не толькі як сціплага чалавека, але і як цудоўнага творцу, які афармляў маю кнігу. Хачу сказаць, што малюнкі, якія ёе зрабіў з вялікім гумарам, вельмі пасуюць да тэкста. Чалавек цалкам адчувае тое, што ён робіць. З вялікім задавальненнем тут знаходжуся.

На вернісажы прысутнічаў Генеральны консул Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжак. А музычную частку запоўніў ансамбль польскай песні „Хабры”, які выканаў некалькі сваіх твораў, сярод якіх былі і беларускія народныя.

Якуб Сушчынскі, “Беларускае Радыё Рацыя”