На лонданскіх могілках асвяцілі помнік на магіле айца Аляксандра Надсана

4 сакавіка на могілках сьв. Панкрата ў Лондане біскуп Глеб Ланчына і айцец Сяргей Стасевіч асьвяцілі помнік на магіле айца Аляксандра Надсана. Памаліцца за сьветлую памяць айца сабраліся ягоныя сябры, вучні і вернікі з Брытаніі і Беларусі.

Скульптар Генадзь Лойка зрабіў бронзавы барэльеф і прапанаваў форму помніка, падобную да тых, што ён бачыў на гародзейскіх могілках – у помніка - беларукі характар, хоць і зроблены ён у Ангельшчыне.

На выяве айцец бласлаўляе нас скарынаўскай Бібліяй і крыжом, як сьвятар і асьветнік.

Мы цешымся, што помнік айцу завершаны і спадзяемся, што гэтае мейсца стане адным з найважнейшых на мапе Лондана для ўсіх, каму дарагая ягоная памяць.

Караліна Мацкевіч, фота Мікалая Пачкаева і Паўла Шаўцова