Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы

Урывак з кнігі "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы"

Раздзел: Беларуская дыяспара

Беларуская дыяспара — частка беларускага народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы XIX ст. — 1990-я гады беларуская дыяспара ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі беларускай нацыі. На рубяжы ХХ—ХХІ стст. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае 3—3,5 млн. беларусаў.

У розных гістарычных умовах перасяленне насельніцва беларускіх этнічных зямель у іншыя рэгіёны было выклікана эканамічнымі, палітычнымі, ваеннымі, рэлігійнымі і іншымі прычынамі. Ранняя эміграцыя вызначалася найперш уцёкамі з Вялікага Княства Літоўскага пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Натуральнай эміграцыі з беларускіх зямель садзейнічалі створаныя ў ВКЛ прававыя падставы. Паводле прывілея 1447 г. вялікага князя ВКЛ Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529 г.) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваеннаму майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з «вольных» людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф. Скарына, П. Мсціславец, Сімяон Полацкі, I. Капіевіч і інш.).У ХVІ—ХVІІ стст. выезд за мяжу быў выкліканы ўзмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нацыянальна-рэлігійнага ўціску ў Рэчы Паспалітай. У ХVІІ—ХVІІІ стст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і іншымі дзяржавамі беларускія землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхары масава выводзіліся ў глыб імперыі. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гаспадарчаму асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі ў Расіі высокія дзяржаўныя і ваенныя пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культурнае жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы беларускіх зямель і іх нашчадкі былі ў ліку пачынальнікаў геаграфічнага, этнаграфічнага вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А. Каменскі, Л. Сеніцкі і інш.). У другой палове XVII ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Навадзевячы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рускую дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульптурнай разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Тры падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 гг. і развіццё ў сувязі з гэтым у канцы ХVІІІ—ХІХ стст. нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі вызначалі палітычныя прычыны эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794,1830—1831,1863—1864 гг., а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу ў 1812 г. Напалеона на Расію. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўключыліся ў рэвалюцыйны і вызваленчы рух у Еўропе і Амерыцы (Т. Касцюшка, В. Урублеўскі, М. Судзілоўскі, З. Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і беларускую спадчыну (I. Дамейка, Г. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Рыпінскі, К. Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897 г. у Расійскай імперыі за межамі губерняў пераважна з беларускім насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала больш за 500 тыс. беларусаў. Усходняя беларуская дыяспара папаўнялася таксама шляхам гвалтоўнага высялення найперш па палітычных матывах нелаяльнай да ўлады шляхты, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчых паўстанняў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Далёкага Усходу, Казахстана сталі сасланыя І. Чэрскі, Э. Пякарскі, А. Янушкевіч і інш. Першая хваля масавай працоўнай міграцыі беларускага насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Расійскай імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы ХІХ—ХХ стст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны.

Да Першай сусветнай вайны па эканамічных прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася больш за 700 тыс. (пераважна сяляне), за межы Расіі — 500—600 тыс. чалавек (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Заходняй Еўропы).

У 1914 г. зарэгістравана першае супольнае Таварыства беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У рускіх асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную частку, былі заснавальнікамі многіх праваслаўных цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культурнага жыцця.

Першая сусветная вайна 1914—1918 гг., Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г., германская і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток беларускага насельніцтва на Усход Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш 120 тыс. чалавек у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная палітычная эміграцыя (урад і вайсковыя фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы).

Найбольшай актыўнасцю і нацыянальна-культурнай дзейнасцю ў міжваенны перыяд вызначалася беларуская дыяспара ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі таварыствы, нацыянальны друк, асвета). З БССР у 1926—1938 гг. у іншыя рэгіёны СССР перасялілася больш 600 тыс. чалавек (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, палітычныя рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арганізацый, якія ў 1930-я гады былі знішчаны ўладамі.У выніку Другой сусветнай вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на ўсход і толькі трэць з іх вярнулася ў БССР; у ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў;

385 тыс. чалавек вывезена ў Германію на прымусовую працу. Да сакавіка 1946 г. у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў.

Аснову беларускай дыяспары склалі таксама члены беларускіх арганізацый, устаноў, вайсковых фарміраванняў на акупаванай тэрыторыі, якія выехалі на Захад. Пасля вайны пры адсутнасці свабоднага ўезду і выезду з СССР беларуская дыяспара папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў заходнія краіны выявіўся ў канцы 1980-х гадоў.У 1988—1991 гг. атрымалі дазвол на эміграцыю з БССР на Захад 74 тыс. чалавек, а ў 1992—1999 гг. — больш за 69 тыс. жыхароў Беларусі (у Ізраіль, ЗША, Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду). На 1999 г., па неафіцыйных звестках, каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. — у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў новых цэнтрах беларускай дыяспары — Велікабрытаніі і Аўстраліі.

Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынулася ў Польшчы пасля вызначэння пасляваенных дзяржаўных граніц. Пасля распаду СССР і ўтварэння на яго абшарах новых незалежных дзяржаў у іх апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У наступныя гады вызначылася тэндэнцыя іх вяртання на бацькаўшчыну, хоць хутка выявілася і запавольванне гэтага працэсу ў сувязі з пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі, адсутнасцю пэўнай дзяржаўнай падтрымкі рэпатрыяваных суродзічаў, цяжкасцю ўладкавання.

У 1992—1999 гг. Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 408 тыс. асоб, з якіх амаль 188 тыс. беларусы. За гэты час адсюль перасяліліася амаль 210 тыс. жыхароў Беларусі, у тым ліку ў Расію — 155 тыс., Украіну — больш 37 тыс., краіны Балтыі — 5,2 тыс., Казахстан — 4,3 тыс. Беларусы сярод іх складалі адносна невялікую частку.
На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў, у Расіі іх больш 1 млн. чалавек, на Украіне больш 400 тыс., Казахстане — 110 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 55 тыс., Эстоніі — 25 тыс. і г. д.

Частка беларускай дыяспары, што жыве на памежных з Рэспублікай Беларусь тэрыторыях, з’яўляецца карэнным насельніцтвам на гэтых землях. Духоўнай асновай нацыянальнага самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя ў замежжы працай і ахвярнасцю многіх беларусаў грамадскія, палітычныя, асветна-культурныя, навуковыя, рэлігійныя арганізацыі, суполкі мастакоў, нацыянальны друк і асвета, культурныя цэнтры, музеі і архівы, мастацкія калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Беларуская праваслаўная царква ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха, Беларускія каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царкоўна-рэлігійнае жыццё на нацыянальнай аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Вільнюс, Рыга). Захаванню нацыянальнай свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Беларускі кангрэсавы камітэт, Беларуска-амерыканская рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Велікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя беларускіх арганізацый у Аўстраліі, Беларускі хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арганізацыі; правядзенне традыцыйных сустрэч беларусаў Паўночнай Амерыкі (з 1952 г. — 25 сустрэч), Аўстраліі (з 1976 г. — 13 сустрэч); перыядычны друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я гады выходзіла 15 выданняў на беларускай мове). Нацыянальна-культурныя, сацыяльна-палітычныя інтарэсы беларусаў Польшчы выказваюць палітычная партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Беларускае аб’яднанне студэнтаў і іншыя таварыствы, згуртаваныя ў Раду беларускіх арганізацый і Беларускі саюз, Беларускае грамадска-культурнае таварыства, газета «Ніва», часопіс «Беларускі гістарычны сшытак» і інш. З канца 1980-х гадоў пачаўся працэс нацыянальна-культурнага гуртавання беларусаў СССР. Аб дынаміцы іх арганізацыйнага аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культурна-асветная дзейнасць у 2000 г. — больш 100 беларускіх суполак, таварыстваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане. Выдаюцца газеты «Рунь» (Вільнюс) і «Прамень» (Рыга). Цэнтры навукова-культурнага жыцця беларускай дыяспары: Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-беларускае таварыства, Бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане, філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Вялікалітоўскі фонд імя Л. Сапегі, Фонд імя П. Крэчэўскага (ЗША), асацыяцыя «Беларускія перспектывы» (Францыя). Ажыцяўляецца праект стварэння Цэнтра беларускіх даследаванняў у Францыі з удзелам нацыянальнай дыяспары і нашчадкаў беларусаў-эмігрантаў.

Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла сваіх вядомых людзей у розных галінах навукі, мастацтва, грамадскага жыцця, рэвалюцыйнага руху. Сярод іх —дыпламаты (I. Гашкевіч), вучоныя (А. Адамовіч, В. Грыцкевіч, Я. Запруднік, А. Калубовіч, А. Каўка, В. Кіпель, Б. Кіт, I. Любачка, А. і Я. Мірановічы, I. Прыгожын, Я. Садоўскі, С. Станкевіч, У. Сядура, В. Тумаш, Ю. Туронак, П. Урбан, Я. Шыраеў, У. Юзвюк і інш.), спевакі (М. Забэйда-Суміцкі, П. Конюх, Б. Данчык), кампазітары (М. Равенскі, М. Шчаглоў-Куліковіч), паэты і празаікі (Н. Арсеннева, А. Барскі, Э. Вайвадзіш, А. Кірвель, У. Клішэвіч, I. Ласкоў, А. Салавей, I. Снарская, М. Сяднёў, Я. Чыквін, В. Швед, С. Яновіч і інш.), мастакі (А. Ахола-Вало, М. Давыдзюк, В. Жаўняровіч, П. Мірановіч, М. Наўмовіч, I. Рагалевіч-Дудко, Г. Русак, Т. Стагановіч, Л. Тарасевіч, З. Чайкоўскі, У. Шыманец, I. Шыманец-Сурвіла і інш.).

Партыйна-дзяржаўныя колы Беларусі доўгія гады ў адносінах да беларускай дыяспары вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі ад Бацькаўшчыны, расколу па ідэалагічных адзнаках, русіфікацыі. Створаная ў пасляваенны час беларуская секцыя Савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму» (1955) і Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой (1964, з 1976 г. — Беларускае таварыства «Радзіма») трымалі сувязь толькі з кіраўніцтвам тых арганізацый, якія лаяльна ставіліся да сацыялістычнага ладу. Ігнараваліся нацыянальна-культурныя патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нацыянальнага адраджэння ўзніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі беларускай дыяспары. З канца 1980-х гадоў новыя грамадскія рухі (БНФ, ТБМ і інш.) сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах да беларускай дыяспары, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні, пачаліся, калі Беларусь набыла незалежнасць.

З 1990 г. дзейнічае Міжнародная грамадская арганізацыя «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», асноўнымі задачамі якой з’яўляецца: спрыяць адраджэнню культуры, мовы, нацыянальнай свядомасці і традыцый беларускага народа, кансалідацыі беларусаў свету; наладжваць патрэбныя для Беларусі сувязі з замежжам; аказваць дапамогу ў арганізацыі нацыянальнага, культурнага жыцця беларускім суполкам у замежжы; падтрымліваць пастаянныя кантакты паміж Беларуссю і яе дыяспарай у свеце.
«Бацькаўшчына» стала ініцыятарам і арганізатарам (пры ўдзеле іншых структур) акцый агульнанацыянальнага маштабу. 19—20 снежня 1992 г. у Мінску адбыўся Першы сход беларусаў блізкага замежжа. На сход прыехалі больш за 300 дэлегатаў з Расіі, краін Балтыі, Украіны, Малдовы, Сярэдняй Азіі і Польшчы. На першым з’ездзе беларусаў свету, які праходзіў 8—10 ліпеня 1993 г. у Мінску і быў таксама скліканы па ініцыятыве «Бацькаўшчыны», прысутнічала больш за 1200 дэлегатаў і гасцей з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі, Францыі, Бельгіі, Польшчы, Расіі і інш. краін. У пасяджэннях Другога з’езда беларусаў свету 26—27 ліпеня 1997 г. у Мінску удзельнічалі больш за 700 дэлегатаў і гасцей з розных краін, у тым ліку з ЗША, Італіі, Аўстраліі, Францыі, Украіны.

У 1994—2000 гадах згуртаванне правяло 4 міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, удзельнічала ў Першым і Другім з’ездах беларусаў краін Балтыі (1994— 1998), традыцыйных сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі, у правядзенні культурнай праграмы «Беларусы ў Празе» (1996). Выдадзены кнігі М. Ермаловіча «Старажытная Беларусь», зборнік вершаў Н. Арсенневай «Пад сінім небам», тры зборнікі «Культура беларускага замежжа», матэрыялы Першага з’езда беларусаў свету і па ініцыятыве і пры ўдзеле «Бацькаўшчыны» адноўлены вобраз Крыжа св. Еўфрасінні Полацкай, па выніках гэтай працы апублікавана кніга У. Арлова «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны» і створаны дакументальны фільм В. Шавялевіча «Шлях да святыні».

Сваёй дзейнасцю «Бацькаўшчына» аб’ядноўвае беларусаў у адну сусветную беларускую супольнасць, садзейнічае таму, каб суродзічы захоўвалі сваю беларускую адметнасць сярод іншых народаў.

Раздзел: Культура

Значны ўклад зрабілі беларусы ў культурнае развіццё іншых народаў свету.

Паднявольныя ўмовы жыцця ў Беларусі пасля яе захопу Расейскай імперыяй, пераследы за вызваленчую барацьбу, шматлікія войны, а таксама эканамічныя цяжкасці прымушалі многіх беларусаў пакідаць Бацькаўшчыну і шукаць лепшай долі ў чужых краінах. Беларусь перажыла шмат хваляў масавай эміграцыі, у выніку чаго па-за яе межамі жыве цяпер каля 3,5 мільёна нашых суродзічаў. Шмат хто з беларускіх эмігрантаў узбагаціў навуку і культуру іншых народаў і дзяржаў. У гэтым сэнсе Беларусь стала сапраўдным донарам.
Сярод нашых знакамітых суродзічаў лонданскі першадрукар Ян Літвін; нацыянальны герой Чылі, даследчык яе прыродных багаццяў, заснавальнік універсітэта ў Сант’яга Ігнат Дамейка; рэвалюцыянер і вучоны, старшыня сената Гавайскай Рэспублікі Мікола Судзілоўскі; нацыянальны герой Грэцыі Зыгмунт Мінейка, з роду якога паходзіць вядомы дзяржаўны дзеяч гэтай краіны Андрэас Папандрэу; выбітны французскі паэт з роду паўстанца 1863 г. Апалінарыя Кастравіцкага Гіём Апалінэр; генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі; французскі і польскі пісьменнік Аскар Мілаш; дзеяч музычнай культуры Чэхіі, оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі; вядучы мастак амерыканскага «Дыснейленда» Алія Клеч (Пашкевіч); «зорка» паўночнаамерыканскага хакея Уэйн Грэцкі. З Беларусі паходзяць многія вядомыя дзяржаўныя дзеячы Ізраіля, у тым ліку і першы прэзідэнт гэтай краіны Хаім Вейцман.

З нашых суайчынікаў, якія ўзбагацілі сусветную навуку, адзначым матэматыка Соф’ю Кавалеўскую (Корвін-Крукоўскую); выдатнага вучонага ў галіне тэрмаядзернага сінтэзу Льва Арцымовіча; хіміка, прэзідэнта Бельгійскай каралеўскай акадэміі навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1977 г. Іллю Прыгожына; заснавальніка геліабіялогіі Аляксандра Чыжэўскага; аднаго з «бацькоў» кібернетыкі Аляксандра Маліноўскага; авіяканструктара рэактыўных знішчальнікаў СУ Паўла Сухога; выдатнага нямецкага фізіка і матэматыка Германа Мінкоўскага; амерыканскага вучонага ў галіне ракетнай тэхнікі, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта; выдатнага авіяканструктара Ігара Сікорскага...

Беларуская эміграцыя дала ўзоры нацыянальнай літаратуры і мастацтваў. На ніве беларускай культуры ў эміграцыі плённа працавалі Алесь Салавей, Наталля Арсеннева, Уладзімір Дудзіцкі, Юрка Віцьбіч, Антон Адамовіч, Леў Гарошка, Вітаўт Тумаш, Уладзімір Случанскі, Уладзімір Глыбінны, Аляксандра Саковіч, Аўген Калубовіч, Язэп +++++++Сёння ў эміграцыі працуе цэлы шэраг грамадскіх, навуковых, творчых дзеячаў, імёны якіх несумненна ўвойдуць ў гісторыю нашага народа.

На жаль, і ў наш час беларусы пакідаюць Бацькаўшчыну. Краіна перажывае новы этап масавага выезду ў замежжа носьбітаў інтэлектуальнага патэнцыялу народа па палітычных і эканамічных прычынах. Сярод тых, хто апынуўся па-за межамі Беларусі, і наш вядомы ва ўсім свеце Васіль Быкаў, гонар і сумленне нацыі.

Наша зямля ўзгадавала шэраг дзеячаў культуры, палітыкаў і вучоных, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю суседняй Польшчы, у развіццё яе культуры і навукі. Яшчэ ў часы Ягайлы беларускія майстры зрабілі значны ўплыў на фрэскавы жывыпіс Польшчы. З Беларусі паходзяць многія прадстаўнікі польскай літаратуры — Францішак Багамолец, Францішак Князьнін, Адам Нарушэвіч, Юльян Нямцэвіч, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Юзаф Крашэўскі. Нашымі суайчыннікамі з’яўляюцца кампазітар, «бацька польскай оперы» Станіслаў Манюшка і пачынальнік польскага сімфанізму Мечыслаў Карловіч. Беларусы па паходжанню «бацька польскай хірургіі» Рафал Чарвякоўскі, вядомы матэматык Юзаф Марцінкевіч. У пару рэвалюцыйнай маладосці залічваў сябе да беларусаў і Юзаф Пілсудскі, з этнічных беларускіх зямель родам вядомы генерал Люцыян Жалігоўскі.

Надзвычай значным быў уплыў беларусаў на культуру суседняй Расеі. Кнігадрукаванне ў Маскве заснавалі нашы таленавітыя суродзічы Іван Федаровіч (Фёдараў) і Пётр Мсціславец. Выключную ролю ў культурным развіцці нашых усходніх суседзяў адыграў у XVII ст. беларускі асветнік, паэт, драматург і грамадскі дзеяч Сімяон Полацкі. Ён напісаў праект першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, студэнт якой Міхайла Ламаносаў на Сімяонавых твораў упершыню пазнаёміўся з вершаскладаннем. Полацкі стаў першым у Расеі прафесійным пісьменнікам, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага расейскага перакладу Бібліі. Высокаадукаваны палачанін стаяў ля вытокаў першага ў Расеі тэатра. Калі Сімяон Полацкі адчыніў у Маскве сваю, незалежную ад патрыяршай цэнзуры друкарню, іх колькасць у Расеі адразу падвоілася (была адна, стала дзве). У той самы час у дзяржаве нашых продкаў налічвалася 134 друкарні.

У Масковіі, а пазней у Расейскай імперыі, былі свае адмысловыя формы і метады ўзбагачэння за кошт людскіх рэсурсаў Беларусі. Майстравітыя, адукаваныя ды таленавітыя беларусы пад прымусам вывозіліся на ўсход. Багатыя ды саноўныя, што прынялі расейскага цара за свайго гаспадара, з’язджалі ў Маскву ды Пецярбург па сваёй волі або па запрашэнню новых валадароў. Так адсарбіравалася лепшае, разумнейшае, інтэлектуальнае.

Сёння мы добра ведаем, што ў стварэнні многіх славутых помнікаў расейскай культуры бралі непасрэдны ўдзел выхадцы з Беларусі. У Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. працавалі 68 майстроў з Полацка і Віцебска. Клім Міхайлаў са Шклова разам з іншымі беларускімі майстрамі аб’ёмнай разьбы («беларускай рэзі») стварыў сусветна вядомы іканастас Смаленскага сабора Навадзевічавага манастыра ў Маскве. Кафляр Сцяпан Іванаў (па мянушцы Палубес) з Мсціслава пакінуў у Маскве свае шматколерныя рэльефы на царкве Грыгорыя Неакесарыйскага, на Пакроўскім саборы ў Ізмайлаве. Менавіта беларускія кафляры занеслі ў XVII ст. у Масковію вытворчасць паліхромнай кафлі. Беларус па паходжанню Андрэй Чохаў (Чэхаў) адліў у 1586 г. знакамітую Цар-гармату. Нявольнікі з Беларусі будавалі і аздаблялі царскі палац у Каломенскім, крамлёўскія саборы ды палаты. Нават барэльеф Пагоні пакінулі ў адным з крамлёўскіх сабораў як напамінак пра дарагую ім Айчыну.

Прыгонныя балерыны Азарэвічы са Шклова стаялі ля вытокаў расейскай балетнай школы. Музычнай часткай імператарскіх тэатраў Пецярбурга, дзе танцавалі Азарэвічы і іншыя артысты-беларусы з былога Шклоўскага тэатра С. Зорыча, забраныя ў сталіцу імперыі, кіраваў Восіп Казлоўскі, які нарадзіўся паблізу беларускага Прапойска (Слаўгарада) і раней працаваў у Слоніме. З беларускага княскага роду паходзіць аўтар першай фундаментальнай «Истории Российской» Васіль Тацішчаў. Беларускае паходжанне маюць кампазітары Міхаіл Глінка, Мадэст Мусаргскі, Ігар Стравінскі (сын саліста Марыінскага тэатра ў Пецярбургу Фёдара Стравінскага, родам з Рэчыцкага павета). З беларускіх родаў — Дзмітрый Шастаковіч (унук віленчука Баляслава Шастаковіча — паўстанца 1863 г.) і знакамітыя артысты Васіль Качалаў (Шверубовіч) родам з Вільні, Пётр Алейнікаў са Шклоўскага раёна. З беларускіх земляў скульптары Міхайла Мікешын (аўтар помніка «1000-годдзе Расеі» у Ноўгарадзе) і Сяргей Канёнкаў. А яшчэ з нашых — падарожнікі Мікалай Пржэвальскі (Перавальскі), ягоны наступнік Пётр Казлоў, Грум-Гржымайла (Гром-Грымайла), даследчык Байкала Бенядзікт Дыбоўскі.
З беларускай Смаленшчыны паходзіць Васіль Дакучаеў, заснавальнік сучаснага глебазнаўства. Беларускае паходжанне маюць заснавальнік расейскай школы доменшчыкаў Міхаіл Курака; славуты адвакат Фёдар Плявака; першы консул Расеі ў Японіі, аўтар першага японска-расейскага слоўніка Іосіф Гашкевіч; першы расейскі санскрытолаг, стваральнік санскрыта-расейскага слоўніка Каятан Касовіч; укладальнік першага слоўніка якуцкай мовы Эдвард Пякарскі; геолаг, даследчык Сібіры Іван Чэрскі, чыім імем названа горная сістэма ды інш. геаграфічныя аб’екты; вучоны-фізіёлаг Браніслаў Вярыга; вядомая лекарка Саламея Русецкая; матэматык Васіль Ермакоў; фізік Аляксандр Садоўскі; хімік Аляксандр Вярыга; радыёхімік Васіль Барадоўскі; інжэнеры, будаўнікі портаў Рыга і Кранштат Ян Багінскі і Язэп Зарэцкі; старшыня Сібірскага аддзялення Расейскай акадэміі навук Валянцін Капцюг; геолаг, дырэктар Інстытута геалогіі Сібірскага аддзялення Расейскай акадэміі навук Андрэй Трафімук; фізікі Якаў Зельдовіч і Іван Артабалеўскі.

З Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці — вядомы дзяржаўны дзеяч савецкага часу, былы міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка. Выхадцамі з Беларусі былі вядомыя ваеначальнікі Іван Якубоўскі, Аляксей Антонаў, Васіль Сакалоўскі ды інш.
З беларускіх родаў паходзіць цэлая плеяда расейскіх літаратараў: Фёдар Дастаеўскі, Іван Бунін, Дзмітрый Пісараў, Фёдар Глінка, Фадзей (Тадэвуш) Булгарын, Аляксандр Грыбаедаў (з Грыбоўскіх), Аляксандр Грын (з Грынеўскіх), а таксама паэт Аляксандр Твардоўскі (бацька яго з Меншчыны), Яўгеній Еўтушэнка (продкі з в. Хамічы на Гомельшчыне), Яраслаў Смелякоў, Юрый Алеша, Уладзімір Высоцкі (яго продкі з Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай з ХVII стагоддзя беларусамі)...

Культурныя набыткі Беларусі маюць вялікую значнасць не толькі для нашага народа, яны з’яўляюцца часткай сусветнай культуры. Які ж высокі і больш магутны ўзлёт духоўнасці магла б даць нацыя беларусаў у спрыяльных умовах развіцця!

 

Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы.
М. Біч, Р. Гарэцкі, У. Конан і інш.; Рэдкалегія: У. Арлоў і інш.; Пер. на анг. А. Бурсаў. — Менск: Мэдысонт, 2006. — 440 с.: іл.
Падзяліцца: