Дапаможа інтэрнэт

Актывістам беларускіх суполак замежжа, рыхтуючы святочныя мерапрыемствы, можна творча выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы.

Электронны ліст з эстонскай Нарвы накіравала нам у рэдакцыю кіраўніца суполкі “Сябры” Людміла Аннус. Піша: “Раней, калі фармат газеты быў на 12 старонак, то была рубрыка, пад якой друкавалі словы песень з нотамі, вершы. Было б выдатна, як мне падаецца, адрадзіць традыцыю. І пачаць з матэрыялаў да 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Шматлікім беларусам замежжа гэта будзе дапамогай, калі рыхтуем адпаведныя мерапрыемствы”. Людміла прапануе весці рубрыку і пра творчасць сучасных аўтараў. Ёй вельмі падабаецца творчасць Міхаіла Скрундзя з Баранавіч, тамтэйшага самабытнага гурта “Фэст”: “Колькім беларусам замежжа я перасылаю яго песні ў відэафармаце, а таксама ноты і словы! А з газеты — даведаліся б адразу многія!”. Мы падзякавалі спадарыні Людміле за прапанову. Вядома ж, калі б фармат газеты быў большым, то і розных кірункаў для публікацый знайшлося б. Шмат усяго цікавага можна публікаваць пра народныя святы і абрады, знакамітых супляменнікаў, пра сучасных народных майстроў, творчых людзей… Аднак, маючы толькі 4 старонкі, мы выкарыстоўваем іх пераважна для таго, каб расказваць пра каштоўны досвед дзейнасці беларускіх суполак у свеце, падаем і цікавыя весткі пра жыццё на Беларусі. Не ўсе ж спяваюць, каб друкаваць ноты, вершы. А выхад прапануем такі: актыўней выкарыстоўваць розныя інтэрнэт-рэсурсы. Набярыце ў пошукавік хоць адзін радок з вядомага верша — і нешта знойдзецца. На розных сайтах (http://primanota.ru/syabry/ , http://vma-pesnyary.com/library/noti.php ) ёсць і ноты знакамітых песень з рэпертуару “Сяброў”, “Песняроў”. Шукайце — і знойдзеце. Пайшлі, як кажуць, у шырокі свет і песні вядомага беларускага паэта з Даўгаўпілса (Латвія) Станіслава Валодзькі. Нядаўна ён даслаў у рэдакцыю кароткі ліст: “Дасылаю спасылкі. Па іх можна праслухаць некалькі маіх песень, размешчаных на сайце ЗБС “Бацькаўшчына”. Дзякуем Станіславу — і дзелімся спасылкамі, бо шмат месца гэта не зойме: http://zbsb.org/node/11150 Яшчэ можна, адкрыўшы спасылку, замест апошніх пяці лічбаў падстаўляць вось гэтыя: 11200, 11256, 11182. Там ёсць 4 песні: у запісе артыстаў з Даўгаўпілса, а таксама і тэксты, і ноты, і нават мінус-фанаграмы. Зручна! І пра юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Звяртайцеся непасрэдна ў музеі — сайты, кантакты для сувязі лёгка знайсці ў інтэрнэце. Альбо набярыце ў пошукавіку “поем песни и романсы на слова классиков (из фондов нбб) — знойдзеце шмат цікавага. І ўжо сабранага. А да юбілею класікаў будзе яшчэ больш.

“Голас Радзімы”