Мікалай Аўтуховіч зарэгістраваў у Літве грамадскую арганізацыю

Прадпрымальнік з Ваўкавыска, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч зарэгістраваў у Літве грамадскую арганізацыю „Камітэт падтрымкі „Салідарнасць”. Пра гэта ён паведаміў 23 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле слоў Аўтуховіча, гэтая арганізацыя, як і тая, якую ён двойчы беспаспяхова спрабаваў зарэгістраваць у Беларусі, будзе займацца падтрымкай прадпрымальніцтва.

У мінулым годзе Аўтуховіч спрабаваў двойчы зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне „Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва „Салідарнасць” у Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Першы раз адмова была атрыманая з-за таго, што ў аднаго з заснавальнікаў аб’яднання была няправільна пазначана дата нараджэння, а ў другога — напісана няпоўнае найменне працадаўцы. Акрамя таго, у пратаколе сходу па памылцы было прапушчана слова.

Другі раз падставай для адмовы сталі выкарыстанне ў назве слова „камітэт” як не адпаведнага патрабаванням заканадаўства, недакладныя звесткі пра месца працы некаторых заснавальнікаў і адсутнасць звестак пра хатнія тэлефоны асобных заснавальнікаў.

На прэс-канферэнцыі Аўтуховіч паведаміў, што зробіць яшчэ адну спробу зарэгістраваць аб’яднанне ў Беларусі. Каб яшчэ раз паказаць, што ўлады не хочуць легалізаваць дэмакратычныя арганізацыі, а ў самой краіне няма сапраўднай лібералізацыі, растлумачыў прадпрымальнік.

Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва „Салідарнасць” ствараецца на аснове грамадскай ініцыятывы „Камітэт выратавання прадпрымальніцтва”, утворанай у лютым мінулага года па ініцыятыве аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Заснавальнікамі аб’яднання сталі ў асноўным прадпрымальнікі, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі ў сувязі з указам прэзідэнта № 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”.

“Беларускае Радыё Рацыя” паводле БелаПАН