Як Скарына!

Адным з “цвікоў” XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стаў унікальны друкарскі станок — аналагічны таму, на якім мог ствараць свае выданні Францыск Скарына. Пры дапамозе гравюр і чарцяжоў XVI стагоддзя механізм аднавіў гісторык і публіцыст Уладзімір Ліхадзедаў, аўтар шматлікіх публікацый і кніг па гісторыі Беларусі.

Каб атрымаць рарытэт, Уладзімір доўгі час вандраваў па музеях кнігадрукавання ў Еўропе, цікавіўся ў майстроў-даследчыкаў друкарскай справы часоў Адраджэння нюансамі тэхналогіі, уздымаў дакументы, унікаў у працэс вытворчасці паперы. Як сцвярджае аўтар праекта “У пошуках страчанага”, у Беларусі гэты станок у адзіным экзэмпляры, у Расіі ўвогуле няма, а па Еўропе знойдзецца некалькі адзінак аналагічнага механізму ў працоўным стане. Мой суразмоўца таксама аднавіў вытворчасць самаробнай паперы з ільну. Менавіта на ёй на ўнікальным станку ўжо надрукавана 12 экзэмпляраў скарынаўскай Бібліі. Візаві нагадаў, што пры сучасных тэхнічных дасягненнях не складае цяжкасці стварыць факсіміле выдання 500-гадовай даўніны, а вось цалкам аднавіць яе па ўсіх правілах часоў зараджэння кнігадрукавання — такога яшчэ ніхто ў свеце не рабіў.

Валік. Для зручнасці і большай эфектыўнасці працэсу ў XXI стагоддзі карыстаюцца малярным валікам, які мае добрыя паказальнікі ўкрывістасці — здольнасці ўкрываць паверхню роўным слоем фарбы аднолькавай таўшчыні. У часы Адраджэння часцей карысталіся самаробнымі брускамі, якія ўкручвалі ў тканіну.

Сушылка. Гатовыя лісты неабходна прасушыць, інакш фарба размазваецца. У якасці сушылкі маглі выступаць звычайныя вяроўкі. Тым, хто на выставе-кірмашы друкаваў сабе ў якасці сувеніра першую старонку скарынаўскай Бібліі, рэкамендавалі асцярожна абыходзіцца з друкаванкай каля гадзіны. Не дзіва, што на вытворчасць накладу старажытнай тыпаграфіі было патрэбна 10 — 12 месяцаў.

Рама прэса. У Ліхадзедава яна зроблена з эстэцкім ухілам. Усё ж станок аднаўляўся не толькі для працы, але і для выстаўлення ў будучым музеі ў Вілейцы, пра адкрыццё якога так марыць гісторык. А экспанат павінен быць прывабным для турыстаў. У Скарыны рама хутчэй за ўсё была простая, без барочных выгібаў.

Вінт. Каб зрабіць на паперы адбітак, неабходна было пацягнуць на сябе ручку вінта, якая прыводзіла ў рух сістэму каленчатых рычагоў. З іх дапамогай апускаўся і ўздымаўся прэс. Візаві падзяліўся меркаваннем, што наўрад ці толькі Скарына стаяў за станком падчас друку сваіх выданняў. Уявіце сабе, што для адной Бібліі патрэбна было 192 разы апусціць прэс. Наклад у тыя часы складаў ад 500 да тысячы асобнікаў, адпаведна, неабходна было зрабіць каля 192 тысяч адбіткаў (не ўлічваючы тое, што адбракоўвалася)!

Прэс. Адна з рухомых частак станка. Зрэшты, з дапамогай асобнага прэса (у калекцыі суразмоўцы ёсць прэс Карла Краузэ XIX стагоддзя) выраблялі паперу: спецыяльную мешаніну з ільну змяшчалі пад механізм і фармавалі ліст, адціскаючы ваду. Гатовы аркуш высушвалі і адпрасоўвалі.

Матрыца. Для праекта на замову спадара Ліхадзедава адлілі 192 спецыяльныя формы (па адной для кожнай старонкі). Вядома, што сам Францыск Скарына карыстаўся крыху іншай тэхналогіяй: для яго выразалі ў люстэркавым адлюстраванні металічныя літары, з якіх набіраліся радкі.

Дэкель. Гэта рама, у якую ўкладваюць ліст для друку, каб ён не саслізгваў з матрыцы. Раней яе маглі абцягваць плотнай тканінай, каб не пашкодзіць падчас працы прэса паперу. Зверху ліст прыкрываецца рашкетам — рамкай, якая захоўвае палі паперы ад фарбы.

Высоўная дошка. Масіўная роўная пліта, якая перасоўваецца па полазах рамы. Неабходна, каб падвесці друкарскі набор (матрыцу, дэкель, паперу) пад прэс і вярнуць назад. У часы Скарыны гэтую карэтку выразалі з дрэва, пасля друкарскія станкі пачалі рабіць з больш надзейнага матэрыялу — з металу.

Настасся Панкратава, “Культура”