"Кожны дзень размаўляю па-беларуску". Японская аспірантка чытае Барадуліна

На Міжнародны дзень роднай мовы, які святкуюць 21 лютага, БДУ распачаў святочны тыдзень. На філфаку БДУ, дзе вывучаюць 15 моў, пройдуць сустрэчы, імпрэзы ды акцыі, а сёння адбылася ўрачыстае адкрыццё, на якім выступіла аспірантка Цукубскага ўніверсітэта (Японія) Сіёры Кіёсава, якая бегла размаўляе па-беларуску і нават напісала падручнік для вывучэння мовы японцамі.

Сіёры спачатку вывучала рускую мову, потым ад настаўніка даведалася пра існаванне беларускай мовы і ўключыла яе ў тэму сваёй дысертацыі. У 2012 годзе яна атрымала магчымасць прыехаць у Беларусь і вывучаць мову тут. Па вяртанні Сіёры Кіёсава арганізавала курсы беларускай мовы ў Японіі, на якія хадзіла дзесяць чалавек. Неглядзячы на тое, што колькасць вучняў курса не павялічылася, Кіёсава бачыць змены і ў Японіі, і ў Беларусі ў стаўленнi да беларускай мовы.

— Я шмат яшчэ чаго не чытала па-беларуску, але ёсць адзін верш, які мне вельмі падабаецца. Гэта верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей…». З гэтым фрагментам я пазнаёмілася ў аэрапорце, калі вярталася ў Японію. Радкі аздаблялі сцены аэрапорта, — тлумачыць Сіёры. — Вершаваныя радкі адразу нагадалі мне пра родны дом і маіх бацькоў, якія мяне чакаюць у Японіі. Разам з тым мне падалося, што радкі ненавязліва заклікаюць мяне: вяртайся хутчэй на Беларусь, на тваю другую радзіму.

Сіёры гаворыць, што цяпер заўсёды ўспамінае гэты верш перад вяртаннем у Японію і на Беларусь. У сценах філфака яе добра ведаюць, кожны падыдзе і спросіць, ці надоўга японка прыехала, сябры абменьваюцца падарункамі, сувенірамі, кніжкамі і салодкім.

Яна кажа, што калі прыязджае ў Беларусь, то ў магазінах і транспарце часцей размаўляе па-руску.

— Людзі размаўляюць па-руску, і я не хачу ім перашкаджаць. Але калі чалавек размаўляе па-беларуску, то я адразу пераключаюся на беларускую. Людзі не чакаюць, што я загавару па-руску, а з майго ведання беларускай мовы і ўвогуле здзіўляюцца. Калі заходжу ў кнігарню «Логвінаў», беларускамоўны прадавец, калі чуе ад мяне мову, заўсёды дзівіцца, — успамінае Сіёры.

Навуковец гаворыць, што спачатку яе здзіўляла такое стаўленне да роднай мовы. Але з часам яна прачытала гісторыю Беларусі і даведалася пра яе складаны лёс. У Сіёры атрымліваецца бываць у Беларусі раз ці два разы на год на канферэнцыях ці мерапрыемствах і зараз яна заўважае змены ў стаўленні да беларускай мовы.

— Гэтыя змены адбываюцца не так хутка, як ва Украіне, напрыклад, ці іншых славянскіх краінах. Але паступова сітуацыя змяняецца, і новае пакаленне, якое нарадзілася не ў СССР, стварае новае грамадства. У 2013 годзе тут толькі пачыналіся курсы «Мова цікава» — першы крок. Зараз больш людзей цікавяцца беларускай мовай, з’явіліся курсы «Мова нанова» і іншыя.

Сіёры Кіёсава прызнаецца, што ёй цяжкавата размаўляць па-беларуску без інтэнсіўнай практыкі. Хаця яна амаль не шукае словаў, яна ўпэўнена, што ёй яшчэ трэба шмат вучыцца. Яна тлумачыць, што для японцаў гукі «л» і «р» адчуваюцца аднолькава, таму і ёй спачатку было цяжка іх разлічаць паміж сабой. Такая ж гісторыя з гукамі «дз» і «з».

— Настаўнік пачынала занятак з практыкі, давала словы, якія адрозніваюцца паміж сабой менавіта гэтымі гукамі.

Сіёры размаўляе па-беларуску кожны дзень, неглядзячы на тое, што ў роднай Японіі з ёй мала хто можа падтрымаць размову на гэтай мове. Але праз інтэрнэт ды ў сацыяльных сетках Сіёры піша сябрам, чытае беларускую літаратуру і артыкулы. Беларускіх пісьменнікаў у арыгінале яна амаль не чытала, але кажа, што давялося прачытаць на японскай мове апавяданне Васіля Быкава «Мёртвым не баліць». «Гэты твор магу назваць маім любімым», — дадае Сіёры.

З таго моманту, як Сіёры пачала вывучаць беларускую мову, яна разам з выкладчыцай дацэнтам кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Таццянай Рамзай напісала падручнік для японцаў.

— У 2015 годзе я выкладала беларускую мову на сваім факультэце, і там матэрыялы карысталіся вялікім попытам. Людзей на курсах не павялічылася, але мне здаецца, што больш людзей цікавяцца беларускай мовай. Часта мяне пытаюцца, якое адрозненне рускай мовы ад беларускай, просяць распавесці пра культуру Беларусі. Замежная мова з’яўляецца бар’ерам для іншага чалавека. Але пасля таго як я пачала яе вывучаць, гэты бар’ер ператварыўся ў дзверы. Адчыніць іх было не так проста, але потым перада мной разгарнуліся не толькі цікавейшыя звесткі пра Беларусь, але і надзейныя сябры. Цяпер беларуская мова ўспрымаецца ўжо амаль як родная, хаця я валодаю ёй яшчэ не зусім свабодна. Яна дае мне апірышча, спакой і цяпло ў душы, як родная японская.

Анастасія Лук’янава, tut.by