Заява Сакратарыята ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Заява з нагоды выключэння Саюза беларускіх пісьменнікаў з пераліку творчых саюзаў.

19 лютага ўступіла ў дзеянне пастанова №7 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2017 года “Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў”, дзе не знайшлося месца для Саюза беларускіх пісьменнікаў – найстарэйшага творчага аб’яднання Беларусі. Сярод заснавальнікаў нашага творчага саюза ў 1934 годзе былі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Янка Маўр, а ў кіраванні ім удзельнічалі ўсе без выключэння народныя паэты і пісьменнікі Беларусі, у тым ліку Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў, Янка Брыль і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

Мы лічым, што неўключэнне Міністэрствам культуры нашай пісьменніцкай арганізацыі ў лік творчых саюзаў мае палітычную афарбоўку і з’яўляецца ганебным крокам, які шкодзіць нацыянальнаму і грамадска-культурнаму развіццю краіны, правакуе міжнародны рэзананс і негатыўна ўплывае на імідж нашай дзяржавы. ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” мае дзесяцігоддзямі пацверджаны высокі міжнародны аўтарытэт, разам з 70 пісьменніцкімі саюзамі краін Еўропы ўваходзіць у Еўрапейскую Пісьменніцкую Раду, з’яўляецца правадзейным сябрам Генеральнай асамблеі Рады пісьменнікаў Балтыі.

Ад імя сяброў найстарэйшай творчай арганізацыі краіны патрабуем перагляду пастановы, прынятай Міністэрствам культуры, і вяртання нашаму грамадскаму аб’яднанню статуса творчага саюза.

20 лютага 2017 г.