Ручніком злучаем душы

У Даўгаўпілсе 3 лютага ў малой зале гарадскога Палаца культуры прайшла сустрэча “Беларускі ручнік. Сувязь часоў”.

Падрыхтавала і правяло імпрэзу Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” — у плыні праекта Саюза беларусаў Латвіі “Беларускі ручнік — сімвал нацыянальнай культуры”.

Беларускі ручнік у Даўгаўпілсе ўшаноўвалі песнямі, танцамі, вершамі

Шмат прыгожых слоў пра беларускія ручнікі сказана, шмат песень, вершаў напісана. У нас на вечарыне гучалі такія радкі: “На іх ад розных бед замовы,/ Ва ўсе часы для нас яны —/ Як сімвал матчынай любові,/ Як знак людское дабрыні”... Як вядома, летась пачаўся вялікі супольны праект усіх беларускіх суполак Латвіі: мы разам вышываем 7-метровы Ручнік. Распрацаваны ягоны эскіз. На Ручніку будуць ушанаваныя назвы беларускіх суполак, якія з 90-х гадоў працуюць на тэрыторыі краіны. Вось такі падарунак Латвіі мы рыхтуем да яе 100-гадовага юбілею, а таксама да 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі. Ганаровымі гасцямі на вечарыне былі консулы Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская і Дзмітры Канстанцінаў. Яны ж звярнуліся да ўдзельнікаў сустрэчы з вітальнымі словамі. Пра ход праекта распавялі старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова і старшыня беларускага таварыства “Прамень”з Рыгі, яна ж і кіраўніца праекта Алёна Лазарава.

Шмат стагоддзяў жывуць традыцыі ткацтва, вышывання ручнікоў у нашай культуры. Ручнік, як вядома, убірае ў сябе розныя сімвалы, сэнсы, ён нібы люструе багатую гісторыю народа, ягоны дух, творчыя памкненні лепшых майстрых, асаблівасці народнага, мастацкага светаўспрымання нашых суродзічаў. Праз тыя ручніковыя коды і мы далучаемся ў жывую, несмяротную плынь свайго Роду, свайго Народа. Так што ручнікі — гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва. Яны ж маюць як розныя прызначэнні, так і назвы. “Выціральнік” — бо ім выціралі рукі, твар, і вісеў ён на бачным месцы ў доме. “Ручнік на смерць” — з ім праводзілі чалавека ў апошні шлях. А “Ручнік-падножнік” быў абярэжным, бо бласлаўляў на шчаснае жыццё маладых, жаніха і нявесту.

Пра гісторыю ды адметнасці беларускага ручніка расказалі вядучыя свята: Іна Валюшка, Вольга Паўловіч, Валянціна Ліпінская, Тэрэза Паўлава, Вера Сухарава, Людміла Сінякова. Аповеды суправаджаліся паказам слайдаў, якія падрыхтавала Таццяна Дзянісава. Мы запрасілі гледачоў зазірнуць у беларускую вясковую хату, на зімовыя Вячоркі — там і разгортваліся дзеі. Жанчыны вышывалі, вязалі, маталі ніткі, а яшчэ — гутаркі вялі. Гледачы пачулі шмат цікавага з гісторыі ручнікоў: аб іх прызначэнні, пра асаблівасці каляровай гамы, пра сімвалы, якія вышывалі дзяўчаты і жанчыны. Між тым былі размовы й пра мужчын. Хтось выхваляўся сваім мужам, а хтосьці — лаяў з добрым гумарам...

Зазірнуў да нас гурт украінскай суполкі “Мрія”: друзі расказалі пра свае ручнікі. У культурах нашых шмат агульнага. На свяце быў і гурт “Балагуры” Рускай школы-ліцэя.

Дэбютаваў з прыпеўкамі на канцэрце выхаванец беларускай школы “Вясёлка”, якая працуе пры таварыстве “Уздым”, Павел Бучэль. Дапамагала, акампанавала яму мама — Алена Бучэль, выпускніца гэтай жа школы, а цяпер намесніца старшыні праўлення суполкі “Уздым”. Выдатны ў сына з матуляй дуэт! Запомнілася й выступленне маладой спявачкі Святланы Ліпінскай. Ды як заўсёды на вышыні была спявачка Зінаіда Сіліня.

Гожа выступіў гурт “Спадчына” (кіраўніца Яніна Юзэфовіч): гучала песня “Бацькоўскі кут” — музыка Станіслава Клімава, словы Станіслава Валодзькі. Парадавалі гурты “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) з салісткай Любоўю Кавалёвай, танцавальны “Лянок”. Дарэчы, аніводнае свята ці то канцэрт, якія ладзяць ЦБК ці “Уздым”, без іх удзелу не абыходзяцца. На гэты раз кранула ўсіх іх сумеснае выкананне песні ды танца “Ручнік” — музыка Альберта Белуся, словы Станіслава Валодзькі. А сам паэт прачытаў яшчэ два свае вершы: “Бабулін ручнік” і “Дываны цёці Гені”.

А ў Цэнтры беларускай культуры беражліва захоўваюцца ручнікі, якія сабралі сябры суполкі “Уздым”. Пад час свята ладзілася іх выстава. Цікава было разглядаць рэліквію сям’і Галіны Сантоцкай: ручнік, якому больш за 100 гадоў. Вышывала яго бабуля Галіны Францаўны, Канстанцыя Раўдановіч перад сваім вяселлем. Потым перадавалі яго ў родзе ў спадчыну. На ручніку вышыты літары “К. Р”, захаваўся ён вельмі добра: магчыма, таму, што прызначаны ручнік толькі для вясельнага абраду. Былі яшчэ на выставе ручнікі тканыя і вышытыя, вясельныя і звычайныя, ільняныя і паркалёвыя. У калекцыі шмат сучасных ручнікоў, фабрычнай вытворчасці, якія калектывы прывозяць з выступленняў, фэстаў. Яны таксама нясуць у сабе шмат інфармацыі.

І вось — перадача 7-метровага Ручніка ад беларускай суполкі Вентспілса беларусам “Уздыму”. Цяпер мы будзем яго вышываць.

Дзякуем за падтрымку, дапамогу кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры Жанне Раманоўскай. Дзякуй кіраўнікам творчых гуртоў з ЦБК: Вячаславу Пятрову, Марыне Медунецкай, Яніне Юзэфовіч, дзякуй артыстам з “Купалінкі”, “Лянка”, “Спадчыны” — сябрам таварыства “Уздым”. Дзякуем усім: за інфападтрымку, за цікавасць да імпрэзы. За тое, што мы разам, як нітачкі ў ручніку. І тым мы прыгожыя і моцныя.

Людміла Сінякова, “Голас Радзімы”