Выстава твораў з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла «Радзівілы: лёсы краіны і роду»

Выстава твораў з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла «Радзівілы: лёсы краіны і роду» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь – знакавая падзея ў нацыянальнай культуры. Жывапісныя і графічныя партрэты, мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны будуць упершыню экспанавацца для шырокага кола гледачоў.

У дадзеным праекце прадстаўлена галерэя вобразаў вядомых дзеячаў нашай агульнай гісторыі: Барбара Радзівіл – каралева Польшчы, яе бацька – Юрый Радзівіл, які меў ганаровую мянушку Геркулес Літоўскі, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка – заснавальнік Нясвіжскай рэзідэнцыі, яго брат Юрый – кардынал, кракаўскі біскуп, Катажына з Сабескіх – сястра польскага караля Яна III Сабескага, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька – заснавальнік мануфактуры слуцкіх паясоў, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку –  яркі прыклад свабоды і незалежнасці шляхты ВКЛ і іншыя. Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з'яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя выявы, магчыма, захаваліся ў адзіным экзэмпляры:  Цэцылія з Радзівілаў Сяняўская, Антаніна Мянчыньская, Тэафілія з Радзівілаў Бжастоўская.

У экспазіцыю ўвайшлі і партрэты пэндзля вядомых еўрапейскіх майстроў: італьянца Марчэла Бачарэлі (1731–1818), які працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага, аўстрыйца Францішка Ксаверыя Лампі (1782–1852), сына знакамітага Іагана Баптыста Лампі Старэйшага, і гравюры фламандскага майстра Дамініка Кусто (1560–1612), які працаваў пры двары Рудольфа II у Празе па малюнках Дж. Фантана (1525–1587).

У экспазіцыю выставы арганічна ўпісваюцца і жывапісныя партрэты князёў Радзівілаў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія да 1939 года знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Гэтыя працы дапаўняюць унікальны ў сваім родзе выставачны праект.

Выстава “Радзівіллы: лёсы краіны і роду" азначае важнасць звароту да гістарычнай памяці беларускага народа. Цяжка назваць іншы род, які сыграў такую значную ролю ў гісторыі краіны, немагчыма пераацаніць актыўную дзейнасць яго нашчадкаў, якія падтрымліваюць дух Вялікага Княства Літоўскага на зямлі сваіх продкаў, працягваюць традыцыі дабрачыннасці і міратворчасці. Нагадаўшы агульнае гістарычнае мінулае, выстава паслужыць умацаванню культурных сувязей Беларусі з роднаснымі народамі – украінцамі, літоўцамі, палякамі.

Выстава пачне працаваць з 15 лютага 2017 года

Куратар выставы – Карпенка Алена Уладзіленаўна, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.