Беларусы Даўгаўпілса і Екабпілса сумесна адсвяткавалі “Каляды”

14 студзеня 2017 года сумесная дэлегацыя белорусаў даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” адправіліся ў госці да сваіх сяброў-беларусаў екабпілскага таварыства “Спатканне”, каб разам адсвяткаваць светлае і радаснае свята Каляд паводле старажытных беларускіх традыцый.

У гадавым коле народных абрадавых святаў Каляды спрадвеку займаюць першае месца. Іх прынята святкаваць шумна і весела з роднымі і блізкімі. У Беларусі хрысціянская абрадавасць святкавання Каляд цесна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Абавязковы атрыбут свята – хаджэнне па хатах калядоўшчыкаў у касцюмах Казы, Мядзведя, Кабылкі або Цыганкі, з песнямі, карагодамі, гульнямі, гаданнем. Абавязковы персанаж гэтага абраду - Каза. Па павер'ях, Каза выганяе з хаты нячыстую сілу, спрыяе багатаму ўраджаю і прыбытку ў гаспадароў. А для гэтага яны павінны задобрыць Казу і калядоўшчыкаў рознымі пачастункамі і манеткамі.

У гэты вечар шматлікія госці свята мелі магчымасць паглядзець, як гаспадыня сустракае калядоўшчыкаў, якія прыйшлі з каляднай зоркай, пачастункамі і падарункамі; як Каза засявае збожжам дом з пажаданнямі дабрабыту і згоды; як Цыганка варожыць па руцэ і прадказвае ўсім ўдалы год, перамены да лепшага і дастатак; як Мядзведзь паказвае розныя смешныя сцэнкі з вясковага побыту; маглі самі паўдзельнічаць у тэатралізаваных дзеяннях, якія разыгрывалі як самі гасцінныя гаспадары вечара, так і прыехаўшыя з Даўгаўпілса беларусы.

Пачаўся вечар пад вельмі светлыя і пранікнёныя духоўныя песні ў выкананні екабпілсскага беларускага ансамбля "Завіруха". Шмат цікавага пра свята распавяла вядучая вечара, старшыня екабпілскага беларускага таварыства "Спатканне" Валянціна Дарашчонак; а колькі разнастайных таленавітых пераўтварэнняў актыўнага ўдзельніка таварыства Тамары Бухціяравай у розных "зорак" з захапленнем назіралі гледачы. І наогул вечар прайшоў у вельмі цёплай, шчырай, сяброўскай абстаноўцы, дзе было шмат духоўных і душэўных песень, тэатралізаваных дзеянняў, цікавых музычных нумароў і танцаў пад "жывую" музыку.

Ад'язджаючы, дэлегацыя беларусаў Даўгаўпілса ўрачыста павіншавала арганізатараў, удзельнікаў і гасцей з такім выдатным мерапрыемствам і, адзначыўшы яго крэатыўнасць, праспявала песню-пажаданне "Мы вам жадаем", сардэчна падзякаваўшы гасцінных гаспадароў за цёплы прыём, за захаванне беларускіх традыцый, за папулярызацыю беларускай культуры. Метадыст ЦБК Марыя Памецька і старшыня таварыства "Уздым" Людміла Сінякова ад імя арганізацый, якія яны прадстаўлялі, уручылі падзячную грамату і падарункі старшыні "Спаткання" Валянціне Дарашчонак у сувязі з яе 65-гадовым юбілеем, а таксама пакінулі памятныя запісы на "ручніку пажаданняў" для екабпілскіх беларусаў з пажаданнямі здароўя, дабрабыту, творчага натхнення і аптымізму.

“Цэнтр беларускай культуры” (Даўгаўпілс, Латвія)