Свае людзі ў Алматы

Актывісты рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларускі культурны цэнтр” з Казахстана падвялі вынікі працы за мінулы год.

Што напярэдадні Раства ў алмацінскім Доме Дружбы збіраліся актывісты БКЦ, паведаміў Беларускі партал у Казахстане http://belarus.kz/ “Актывістаў дыяспары, кіраўнікоў камерцыйных структур, супрацоўнікаў СМІ, гасцей вітаў намеснік Старшыні Асамблеі народа Казахстана, старшыня БКЦ Леанід Мікалаевіч Піталенка”, – чытаем на партале.

Пад час сустрэчы былі падведзены вынікі працы беларускай суполкі за мінулы год, абмеркаваны некаторыя праблемы, намечаны шляхі па рэарганізацыі працы БКЦ у новым годзе. У прыватнасці, шмат каштоўных заўваг па аптымізацыі дзейнасці Цэнтра ўнёс прафесар, доктар тэхнічных навук Аляксей Цэхавы. Плённай працы, поспехаў беларусам горада Алматы і вобласці пажадаў старшы дарадца па гандлёва-эканамічных пытаннях Аддзялення Пасольства Беларусі ў Казахстане Сяргей Жартун.

На партале пад рубрыкай “Грамадскія аб’яднанні” значацца 11 беларускіх суполак. Спадзяемся на больш цесныя творчыя кантакты з нашай газетай, паважаныя супляменнікі з Казахстана.

Іван Іванаў, “Голас Радзімы”