МЗС адрэагаваў на развагі літоўскага калегі пра суверэнітэт Беларусі: “Свярбіць яму”

Міністэрства замежных спраў Беларусі рацэньвае нядаўнюю заяву кіраўніка МЗС Літвы пра «рэшткі суверэнітэту» суседняй краіны як абразлівую. «Такі тон патыхае нейкім водгаласам імперскай моцы», заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык.

Днямі кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус у інтэрв'ю Жане Нямцовай для выдання Deutsche Welle адказаў на пытанне пра магчымую згоду Беларусі на размяшчэнне ў сябе расійскай ваеннай базы наступным чынам:

– Практычна так яно там і адбываецца. База ці як яно там называецца. Усё адно мы ведаем, што інтэграцыя Беларусі ў Расію, так будзем казаць, адбываецца вельмі дынамічна. Ва ўсіх галінах – бяспека, абарона, выведка, кантроль паветранай прасторы. Цяпер якраз будуць чарговыя вучэнні Захад-2017, і я не сумняюся, што зноўку шмат тэхнікі будзе завезена ў Беларусь з Расіі. І цяжка гадаць, ці вернецца тая тэхніка назад. Такім чынам, гэта адбываецца, і не трэба быць наіўным, думаць, быццам ёсць нейкія перашкоды для гэтай інтэграцыі. Мяркую, іх усё меней і меней. Але мы, вядома, хочам падтрымаць, наколькі гэта магчыма, гэты суверэнітэт – колькі яго засталося гэтага суверэнітэту, так бы мовіць.

У адказ на гэта МЗС Беларусі паскардзілася, што апошнім часам літоўскі калега «занадта перапоўнены эмоцыямі адносна нашай краіны», і што «яму проста свярбіць, як у вядомым анекдоце».

– А цяперашняя яго заява пра «рэшткі суверэнітэту» асабліва карабаціць сваім паблажліва-абразлівым тонам. Ад гэтага тону патыхае нейкім водгаласам імперскай моцы. Але вось парадокс, апошні раз Літва была імперыяй у першай палове XV стагоддзя, у часы існавання нашага агульнага Вялікага княства. Верагодна, спадар міністр вельмі любіць гістарычную літаратуру і чэрпае з яе натхненне. Альбо тут, як той казаў, у каго што баліць – спадар Лінкявічус экстрапалюе на Беларусь сітуацыю самой Літвы, якая перадала ў ЕЗ і НАТА істотную частку свайго суверэнітэту, – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Таксама ён дадаў, што не ўсё так драматычна, як кажа літоўскі міністр.

– Для нас важна, каб суверэнітэт Беларусі падтрымліваў народ нашай краіны. А калі хтосьці за мяжой сапраўды мае клопат пра суверэнітэт Беларусі, дык дапамагаць трэба справай, а не рабіць абразы ці займацца павучаннямі, – сказаў Мірончык.

Паводле tut.by