Рэйтан і Касцюшка — браты

Замак Фантэнбло. Ноч з 12 на 13 красавіка 1814 года. Імператар Францыі Напалеон, усімі пакінуты і знявераны, вырашыў звесці апошні рахунак з жыццём.

Але, атрута (опіум), які Банапарт заўсёды меў пры сабе, страціла смяротную сілу. Напалеон выжыў, хоць і праз страшэнныя і фізічныя і маральныя пакуты.

Сведкамі гэтага былі афіцэры Генеральнага штабу Вялікай арміі, у тым ліку тыя, што паходзілі з земляў Вялікага Княства Літоўскага, а сярод іх — Дамінік, пляменнік Тадэвуша Рэйтана, нашага нацыянальнага героя.

Пакуль афіцэры неслі службу пры штабе, іх слугі раз’ехаліся па наваколлі ў пошуку фуражу для коней. Мясцовасць пры замку Фантэнбло, дзе была стаўка Напалеона, ужо вычысцілі ад рэшткаў гэтай стратэгічнай сыравіны ранейшыя фуражыры, таму жаўнеры вымушаны былі зрабіць рэйд у бок вёскі Бервіль, мілі за дзве ад замка.

Убачыўшы на падворку нейкай сядзібы сена, жаўнеры пачалі грузіць яго на коней, не звяртаючы ўвагі на дзяцей, якія спрабавалі адстаяць сваю апошнюю каштоўнасць.

На гвалт выбег стары у капоце з пятліцамі, якія былі ў модзе ў Літве і Польшчы. Зразумеўшы, што жаўнеры міжсобку гавораць па-польску, ён таксама звярнуўся да іх на польскай.

Тадэвуш Касцюшка. 1810. Мастак Казімеж Вайнякоўскі.

На пытанне, хто ён такі, чалавек адказаў « Я генерал Касцюшка».

Неўзабаве да сядзібы Тадэвуша Касцюшкі прыбыў з Фантэнбло генерал Красінскі і афіцэры генштаба, якія паходзілі з земляў ВКЛ і Польшчы, у суправаджэнні эскадрона імператарскай гвардыі. Прыняў Касцюшка землякоў як сыноў. З кожным меў кароткую размову, бо шмат хто з старэйшых сваякоў афіцэраў служыў пад загадам генерала ў часы вайны за незалежнасць 1794 года. Але, «калі падпалкоўнік Рэйтан назваў сваё прозвішча, то мусіў яму распавесці пра лёсы знакамітага пасла і усёй сям’і». Так у сваіх нататках занатавалі саслужбоўцы Дамініка Рэйтана, Францішак Гаеўскі і Язэп Грабоўскі.

Чым была выкліканая такая цікавасць Тадэвуша Касцюшкі да асобы Тадэвуша Рэйтана і усёй сям’і Дамініка?

Імя «знакамітага пасла» Тадэвуша Рэйтана, як і Касцюшкава, было легендарным на абшарах былой Рэчы Паспалітай. Рэйтаны, як і Касцюшкі, былі са старых вялікалітоўскіх родаў, толькі Касцюшкі з Берасцейскага ваяводства, Рэйтаны ж з Наваградскага.

Пагадзіцеся, сустрэць ва ўмовах татальнай вайны на чужыне земляка было для Касцюшкі нібы знакам з нябёсаў. Гэта было як апошняе прывітанне з роднай зямлі, на якую Касцюшка так болей і не ступіў. Неўзабаве, у кастрычніку 1817 года ён развітаўся з гэтым светам.

Да таго ж Рэйтан і Касцюшка былі не проста землякамі, але і сваякамі.

Касцюшкі

Будучы нацыянальны герой ЗША, Беларусі і Польшчы Тадэвуш Касцюшка, нарадзіўся на Берасцейшчыне, блізу Косаўскага замка, у спадчынным фальварку Мерачоўшчына (яго маці ў лістах пісала «Марачоўшчына»).

Род Касцюшкаў каранямі сягае ў канец XV—п.XVI ст. Продкі героя адносіліся да вялізарнага клану дробнай шляхты.

Толькі бацька Тадэвуша, Людвік Касцюшка, трохі ўзняўся па ўрадавых прыступках. Памёр ён у 1758, маючы дастойнасць мечніка берасцейскага і палкоўніка булавы польнай літоўскай Яго каралеўскай Мосці. Меў такі-сякі дастатак — зямлю і маёмасць, бо часам мог пазычаць даволі значныя сумы грошай іншым панам-дабрадзеям.

Мерачоўшчына, маёнтак Касцюшак. Сярэдзіна ХІХ ст. Мастак Напалеон Орда.

Каля 1740 Людвік Тадэвуш Касцюшка ажаніўся з Тэкляй з Ратамскіх.

Яе бацькам быў Станіслаў (пам.1725) аршанскі стольнік. Як і род Касцюшкаў, Ратамскія ў ВКЛ — адзін з найстарэйшых родаў, бо згадкі аб ім таксама маюцца ад канца XV ст. Маці Тэклі, Эмерцыяна (Марцыяна) паходзіла з роду Валадковічаў. Яны з Станіславам, апроч дачкі Тэклі, мелі некалькі сыноў, сярод якіх найбольш вядомым стаў Марцін-Антон. Марцін Ратамскі ўвайшоў у кола аршанскай павятовай эліты і часам граў значную палітычную ролю, якая праяўлялася на тле ўнутрадзяржаўнага вялікалітоўскага супрацьстаяння магнатаў Радзівілаў і г.зв. Фаміліі (клану Чартарыскіх).

Гісторык Тадэвуш Корзан, у сваіх працах прысвечаных Касцюшку, падае некалькі дакументаў, з якіх можна даведацца пра акалічнасці злучэння двух гэтых старых родаў.

Валадковічы

Згаданыя ўжо Валадковічы, такі ж стары мясцовы род, як і іх пералічаныя сваякі. На Меншчыне яны мелі шмат нерухомасці і лічыліся кліентэлай усёмагутных Радзівілаў.

Падчас войнаў вылучаліся мужнасцю, а ў мірны час, скіроўвалі свой імпэт на вырашэнне маёмасных справаў і палітычныя інтрыгі. Згаданая вышэй жонка Станіслава Ратамскага, Марцыяна з Валадковічаў, была дачкой Дамініка Алаіза і Тарэзы з Янішэўскіх, стольнікаў менскіх. Усяго дзяцей у іх было дзевяць! Шэсць сыноў — Ян-Станіслаў, крайчы менскі, Феліцыян-Піліп, Лявон-Павал, войскі менскі, Антон-Лявон, ксёндз-дамініканін, Станіслаў-Пётр, прыёр менскі і вікарый Беларускіх правінцый ВКЛ і Марцін. А таксама тры дачкі — Тэафілія, старэйшая менскага жаночага кляштара францішканак, Марцыяна за Станіславам Ратамскім і Ганна за Антонам Крукоўскім, падчашым аршанскага павета. Лявон-Павал у першым шлюбе з Канстанцыяй з Цеханавецкіх меў сыноў Язэпа (памёр у выгнанні), Міхала (расстралянага ў Менску ў 1760 г.) і дачку Тарэзу, якая пабралася шлюбам з Дамінікам Рэйтанам.

Рэйтаны

Карэнні гэтага роду, якія навідавоку, глыбейшыя, чым у папярэднікаў.

Якуб Рэйтан вядомы нам з дакументацыі Княскай Прусіі ўжо ў 1467—68 г. За наданне зямельнага надзела і двух вёсак ён быў абавязаны ставаць па патрабаванні кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна ў войска ў лёгкім узбраенні.

Якога паходжання гэты род — на дадзены момант няма дакладнага адказу. Выказваюцца розныя версіі — славянская, пруская, нямецкая. Самі Рэйтаны, нічога не ведаючы пра сваіх продкаў з Прусіі, лічылі, што да іх вялікалітоўскай крыві дамешалася і шведская.

Мураванка, маёнтак Тадэвуша Рэйтана. сярэдзіна ХІХ ст. Мастак Напалеон Орда.

На нашу думку (і гэта пацвярджаецца дакументамі), Рэйтаны за 150 год да перасялення ў ВКЛ парадніліся з вялікай кольскасцю «прускіх» родаў самага рознага паходжання, таму казаць пра «чысціню» крыві не выпадае.

Ганс (Ян) Рэйтан (сын Георга і невядомага імя Сачковай), першы з вялікалітоўскіх Рэйтанаў, памер у 1639 у досыць маладым веку. Але перад смерцю гэты ваяр паспеў заваяваць сэрдца мясцовай шляхцянкі з роду Баржымоўскіх. Яго праўнук — Дамінік Рэйтан Першы (каля 1700—1769) харужы гусарскі і стражнік наваградскі, ажаніўся з Тарэзай, дачкой Лявона-Паўла і Канстанцыі Валадковічаў, стольніка менскага. Здарылася гэта 4 кастрычніка 1739 года. Шлюб маладыя бралі ў менскім кафедральным касцёле айцоў езуітаў. Роўна праз год, на дзень св. Тадэвуша у Менску ці ў Грушаўцы (сядзіба Рэйтанаў пад Ляхавічамі, у Наваградскім ваяводстве), нарадзіўся хлапчук — Тадэвуш Рэйтан, будучы «знакаміты пасол». Высветліць дакладную дату нараджэння ўдалося дзякуючы некалькім лістам Дамініка Рэйтана да Міхала Радзівіла «Рыбанькі». Нагадаю, раней фігуравалі некалькі памылковых датаў: 1741, 1746, 1750, і самая пашыраная — 20 жніўня 1742 года.

Падамо частку метрыкі давяршэння хросту Тадэвуша Рэйтана, якое адбылося 20 ліпеня 1742 ў Ляхавіцкім касцёле:

«…абрад хросту над дзіцём на імя Тадэвуш (які раней быў ахрышчаны з адной вады), сынам …Прысутнічалі: яснавяльможны пан Леў Валадковіч, менскі стольнік…, яснавяльможны пан Марцін Ратомскі, аршанскі падстолій, з яснавяльможнай пані Канстанцыяй Валадковіч….»

Звярніце ўвагу на імёны прысутных — Лявон і Канстанцыя Валадковічы дзяды Тадэвуша Рэйтана, а Марцін Ратамскі… дзядзька Тадэвуша Касцюшкі і… стрыечны дзядзька Тадэвуша Рэйтана.

Цікава, што памянёны Марцін Ратамскі, кліент Чартарыскіх, у дадзеным выпадку трапіў на свята да Рэйтанаў і Валадковічаў, катэгарычных прыхільнікаў нясвіжскіх Радзівілаў. Магчыма, яго прысутнасць была прадыктаваная нейкім хвілінным палітычным разлікам ці адлігай у супрацьстаянні палітычных груповак. Больш імя Марціна Ратамскага на святах у Рэйтанаў не сустракаецца, нягледзячы на тое, што ён пражыў доўгае жыццё.

Браты ў трэцяй стрэчы — такое сваяцтва і ў наш час лічыцца даволі блізкім. Што казаць пра XVIII ст., калі дынастычныя сувязі пляліся не толькі па волі нябёсаў, але, збольшага, падштурхоўваліся інтарэсамі зямнымі.

Спадзяемся, што гэты цікавы факт возьмуць на зацемку творчыя людзі, навукоўцы, экскурсаводы, а таксама дырэкцыя музея Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшыне і ў будучым мемарыяльным музеі Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы.

Тадэвуш Рэйтан, невядомы аўтар.

Тадэвуш Рэйтан

(1739—1780) — дэпутат Сойма Рэчы Паспалітай 1773 ад Наваградскага ваяводства. Сойм мусіў ратыфікаваць падзел дзяржавы між Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй і адбываўся пад моцным ціскам. Прадстаўнік Расіі пагражаў каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму разграміць Варшаву, калі Сойм не прыме патрэбных рашэнняў. Рэйтан быў адным з найсмялейшых праціўнікаў падзелу. Ён клаўся крыжам у дзвярах залы пасяджэнняў, не выпускаючы дэлегатаў, з заклікам: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву». Хоць Рэйтан і не змог пераламаць сітуацыю, ён стаў легендай і сімвалам патрыятызму ў Рэчы Паспалітай. Апошнія годы пражыў у маёнтку Грушаўцы пад Ляхавічамі, дзе і памёр (паводле іншых версій — загінуў ад няшчаснага выпадку ці нават быў забіты з інсцэніроўкай самагубства).

Зміцер Юркевіч, “Наша Ніва”