Цэнтр беларускай культуры ўручыў спецпрыз дзіцячаму хору з Мінска

З 13 да 15 студзеня 2017 года ў Даўгаўпілсе праходзіў XII Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Сярэбраныя званы» (Sudraba zvani), у якім удзельнічала больш за 70 хораў з сямі краін, у тым ліку чатыры з Беларусі.

Тры дні ў Даўгаўпілсе прайшлі пад знакам духоўнай музыкі: у Цэнтры латышскай культуры, Музычным каледжы і храмах горада. Удзельнікі фестывалю «Сярэбраныя званы» не проста выступалі на канцэртах, а яшчэ і спаборнічалі на конкурсах у розных намінацыях.

З Беларусі на фестываль духоўнай музыкі «Сярэбраныя званы» прыехала чатыры калектыва: Студэнцкі хор Магілёўскага аддзялення Дзяржаўнай Беларускай музычнай акадэміі, Аматарскі хор «Светач», Дзіцячы ўзорны хор гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка і Узорны хор «Вішанька» ДУА «Сярэдняя школа №115 г.Мінска ".

Студэнцкі хор Магілёўскага аддзялення Дзяржаўнай Беларускай музычнай акадэміі выступаў усе тры дні: у Музычным каледжы, касцёле св.Паны Марыі і Кафедральным Барысаглебскім саборы, у Гала-канцэрце закрыцця фестывалю ў Цэнтры латышскай культуры.

На ўрачыстасці закрыцця фестывалю 14 студзеня былі адзначаны пераможцы конкурсаў, лепшыя калектывы ў намінацыях. Студэнцкі хор Магілёўскага аддзялення Дзяржаўнай Беларускай музычнай акадэміі (кіраўніца Ірына Пякарская) стаў лепшым у намінацыі «Аднародныя хоры".

Дыплома 2-й ступені ўдастоены аматарскі хор «Светач" (кіраўнік Андрэй Кунцэвіч). Госці з Мінска напярэдадні наведалі Цэнтр беларускай культуры, правялі там рэпетыцыю і пакінулі добрыя пажаданні ў гасцявой кнізе.

У сваю чаргу, Цэнтр беларускай культуры ўручыў спецыяльны прыз «За выкананне сучаснага твора» Дзіцячаму ўзорнаму хору гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка (кіраўніца Марыя Ліпніцкая) з Мінска.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)