Рашэнні Агульнага сходу Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі

14 студзеня 2017 ў Берне адбылася важная падзея — Агульны сход Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі. Гэта вышэйшы орган арганізацыі, які выбірае яе Праўленне і вырашае самыя значныя пытанні дзейнасці. Сур’ёзнае і прадуктыўнае паседжанне завяршылася прыемным адпачынкам — святкаваннем Старога Новага году ў цёплай кампаніі.

На Агульным сходзе была прадстаўлена справаздача аб дзейнасці арганізацыі за мінулы год, прынятыя некаторыя новыя сябры, прадстаўлены вынікі аудыту, зацверджаны бюджэт і план мерапрыемстваў на 2017 года, а таксама зробленыя некаторыя змены ў Статуце арганізацыі.

Сярод важных зменаў у Статуце варта адзначыць змену назвы арганізацыі. Трэба сказаць, што пытанне карэктнасці нямецкай назвы паўстала даволі даўно. Для гэтага былі такія падставы: слова Assoziation звычайна не ўжываецца ў назвах швейцарскіх грамадскіх арганізацый, а таксама з’яўляецца даволі цяжкім для вымаўлення; у слове WeissrussInnen ўжываецца неафіцыйная нямецкамоўная назва краіны (павінна быць Belarus), а таксама «паліткарэктны» суфікс Innen, які часта разумеюць няправільна, і інш.

У выніку галасавання былі зацверджаныя наступныя варыянты назвы арганізацыі:

  • Belarussische Vereinigung in der Schweiz
  • Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі
  • Белорусское объединение в Швейцарии
  • Belarusian Association in Switzerland

Акрамя таго, гэты Агульны сход быў выбарным. Прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за зацвярджэнне наступнага складу Праўлення: Алесь Сапега, Сяргей Сіроткін, Алесь Вашкевіч і Вольга Крук. Прэзідэнтам быў абраны Сяргей Сіроткін, які змяніў на гэтай пасадзе Алеся Сапегу.

Падводзячы вынікі і ўступаючы ў новы 2017 год, Праўленне Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі хоча выразіць шчырую падзяку Алесю Сапезе за добрасумленнае выкананне абавязкаў Прэзідэнта на працягу амаль што пяці гадоў — з пачатку існавання арганізацыі.

Таксама вялікі дзякуй тым сябрам арганізацыі і зацікаўленым асобам, якія прысутнічалі на Агульным сходзе і сваімі галасамі паўдзельнічалі ў вызначэнні стратэгіі і тактыкі арганізацыі.

І, безумоўна, вялікая падзяка ўсім, хто падтрымлівае дзейнасць арганізацыі сваімі сяброўскімі ўнёскамі, прыходзіць на мерапрыемствы, не застаецца абыякавым. Заставайцеся з намі! 2017 абяцае быць не менш цікавым!

Вольга Крук, “Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі”