Саколка і Гародня распрацавалі супольныя турыстычныя праекты

Саколка і Гародня маюць супольныя планы на развіццё і прамоцыю сваіх гарадоў. „Шляхам Тызенгаўза” і „Два возеры – адна культура” – гэта праекты, якія чакаюць фінансавання з праграмы Польшча-Беларусь-Украіна. Падпісанню дамоваў, якое прайшло ў канцы 2016 года ў Саколцы, папярэднічалі сустрэчы уладаў абодвух гарадоў.

Агульны кошт абодвух праектаў складае 4,6 мільёна еўра, кажа бургамістр Саколкі Эва Кулікоўская.

– Спадзяюся, што праекты будуць рэалізаваны. Першы праект „Два возеры – адна культура” – гэта стварэнне роварных сцежак, адукацыйнай трасы. А другі праект – „Шляхам Тызенгаўза” – прадугледжвае стварэнне турыстычнага шляху, які будзе прамаваць культурнае адзінства Саколкі і Гародні. Маю надзею, што мы зможам атрымаць фінансаванне.

Каб рэалізаваць праекты, гарады патрабуюць фінансавання да 90% агульнага кошту. Падтрымка дазволіла б пачаць працы ўжо з 2018 года.

Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”