Курортны раман Янкі Купалы

Яго каханая была маладзейшай амаль на 30 гадоў. Наш пясняр Янка Купала меў свае слабасці і быў неабыякавы да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. На працягу некалькіх гадоў ён сустракаўся з каханай дзяўчынай у Грузіі. Прыгажуня Эліко стала музай паэта і натхніла на многія выдатныя творы.

Якуб Ко­лас, Элі­ко Ме­тэ­хе­лі, Ян­ка Ку­па­ла, Ма­рат Ін­дзю­коў (хлоп­чык). Цхал­ту­ба, 1941 год. Фота з фонду Літаратурнага музея Янкі Купалы.

«Сэрца маё, жыццё маё»

На курорце ў Цхалтуба Купала бываў з 1937 па 1941 год. Менавіта там ён сустрэў Эліко Метэхелі, якая працавала галоўным урачом. Купалу на той час было 55 гадоў, а Метэхелі — 26. «Вядома ж, яна пакарыла паэта сваёй маладосцю і прыгажосцю. А паэт яе — пэўна ж, вершамі, да таго ж ён быў цікавым мужчынам», — упэўнена Марына Падгурская-Кутатэладзэ, якая днямі завітала з Грузіі ў Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску.

Пара сустракалася падчас прыездаў беларускага песняра ў Цхалтуба (у Мінску яго чакала жонка), а ў іншы час яны перапісваліся. Калі Купала пытаўся ў сяброў, як перакладаецца «генацвале», яны адказвалі яму, што дакладнага тлумачэння няма, яно можа азначаць «каханая, дарагая, сэрца маё, жыццё маё». На гэта паэт адказаў: «Тады я ведаю, што генацвале мяне чакае ў Цхалтуба».

Па ўспамінах некаторых сучаснікаў, Метэхелі не вылучалася надзвычайнай прыгажосцю. Але яна была вельмі прыемнай і абаяльнай жанчынай, да таго ж шыкоўна спявала грузінскія песні. Як характарызавала такі раман з беларусам яе сяброўка: «У іх была платанічная любоў».

Пазней гэта грузінская дзяўчына вельмі ўдала выйшла замуж. Яе муж быў другім чалавекам у Грузіі — фактычна, адным з кіраўнікоў краіны. У іх нарадзіліся дзеці.

Адметна, што трое ўнукаў Метэхелі і сёння выдатна валодаюць беларускай мовай. Яны чытаюць вершы па-беларуску і кажуць, што Янка Купала быў іх дзядулем, што яны выраслі на гэтым творцы. Для іх сям'і Янка Купала — родны чалавек.

Кватэру Метэхелі ў Тбілісі ўнукі захавалі як своеасаблівы сямейны музей. Яе можна наведаць, убачыць там фотаздымкі. Захаваліся картачкі, што сведчаць пра гэты беларуска-грузінскі раман, успаміны ўнукаў, вельмі шмат лістоў, якія Купала слаў сваёй каханай. Пазней наш пясняр напіша: «Будуць сніцца скалы, горы, Грузіі цудоўнай далі».

Купала казаў, што спатрэбілася некалькі гадоў, каб пераасэнсаваць усе тыя ўражанні, якія ў яго засталіся пасля Грузіі. І яны натхнілі яго на некалькі яскравых твораў.

Ру­ка­піс вер­ша «Ге­нац­ва­ле». Фота з фонду Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Беларускі куток на грузінскім курорце

Даведаўшыся пра тыя сувязі, якія яднаюць беларускага песняра з грузінскай зямлёй, уладальніца гасцявога дома ў Цхалтуба Марына Падгурская-Кутатэладзэ вырашыла стварыць у сябе невялікую музейную экспазіцыю, прысвечаную Купалу. Яна адзначае:

— Купала — гэта пясняр беларусаў. А ў грузінаў ёсць свой пясняр — Ілья Чаўчавадзэ. І вось мы іх параўноўваем. Я заўсёды кажу, што Купала для беларусаў — тое ж, што Чаўчавадзэ для грузінаў — і тады ўсё робіцца зразумелым. У нас нечым родныя душы. Сам Янка пісаў, што ў нас шмат блізкага — напрыклад, любоў да зямлі. Да таго ж грузінская саламуры і беларуская жалейка маюць аднолькавае гучанне... Калі я даведалася, што Купала адпачываў у Грузіі, вельмі зацікавілася і адразу вырашыла ў нас зрабіць выставу з гэтай нагоды. Знайшла аднадумцаў-дзяўчат, якія мяне падтрымалі. Мы адшукалі родных Метэхелі, узялі дазвол у кіраўніка горада і стварылі музейную экспазіцыю.

Такім чынам, у Цхалтуба дзейнічае беларускі куток. Ён знаходзіцца па адрасе Авальяні, 27 (там жа месціцца гасцявы дамок для прыезджых).

На гэтай выставе можна ўбачыць тое, што падарылі грузінам сябры з мінскага Літаратурнага музея Купалы — беларускія лялькі, ручнік, фотаздымкі паэта. Там збіраюць і іншыя рэчы і разлічваюць, што ў хуткім часе будуць мець досыць багатую калекцыю прадметаў з Беларусі.

— Безумоўна, Купалу ведаюць у Грузіі! Яго творы перакладзеныя на грузінскую мову, яны ёсць у бібліятэках, — адзначае Марына Падгурская-Кутатэладзэ. — У 1940 годзе было адкрыццё музея Маякоўскага ў Багдадзі, Купала ездзіў туды. Наведваў манастыр у Гелаці. Разам з Шанідзэ (грузінскім пісьменнікам) ён аб'ездзіў амаль усю заходнюю Грузію, не кажучы ўжо пра ўсходнюю. Таму для асноўнай экспазіцыі створана банерная выстава — са шматлікімі фотаздымкамі беларускага песняра, аповедамі пра яго. Там падрабязна адлюстравана, што менавіта Купала наведваў у Грузіі і з якой нагоды. Гэту выставу мы плануем у красавіку прадставіць у музеі Маякоўскага ў Багдадзі. А ў верасні — паказаць яе ў Тбілісі.

Збор­нік пе­ра­кла­даў вер­шаў Ку­па­лы на гру­зін­скую мо­ву. Фота mamulі.by

Гаючыя ўласцівасці вады...

Цхалтуба вядомы сваімі радонавымі ваннамі. Іх вада лечыць 74 захворванні. Вельмі карысная яна для ўмацавання апорна-рухальнай сістэмы. Шмат мінералаў, якія ўтвараюць вельмі добрае спалучэнне. Там маецца нават выстава мыліц — людзі проста пакідалі іх, вяртаючыся дадому ўжо на сваіх нагах. Людзі расказваюць, што тутэйшыя воды дапамагаюць ім роўна на год — каб жыць без уколаў і лекаў, а затым яны зноў прыязджаюць да гэтых крыніц. Пятрусь Броўка таксама неяк пісаў, што ходзіць у Цхалтуба на ванны і гэта дапамагае яму.

У Цхалтуба можна ўбачыць пансіянат, у якім адпачываў Купала і дзе знаходзіўся медыцынскі персанал. Захаваўся будынак, абсталяваны каля 3-й крыніцы, да якой хадзіў паэт. Завітваў ён і на халоднае возера, якое можна ўбачыць і сёння.

Адметна, што вакол Цхалтуба шмат манастыроў. Побач рассцілаюцца горы. Можна ўбачыць і сталактытавыя пячоры... Усе адметнасці Заходняй Грузіі акурат сканцэнтраваны ў гэтым краі. Калі раптам надумаеце наведаць сонечную Грузію, падумайце над тым, каб пракласці свой маршрут праз Цхалтуба. Хто ведае, можа, і вам, як і Янку Купалу, пашанцуе сустрэць там сваю музу?..