Загадкі, якія можна разгадаць

У Вільнюсе даследчыкі дзяліліся цікавымі фактамі ды здагадкамі пра віленскі перыяд дзейнасці Францыска Скарыны.

Францыск Скарына

Сёлета будзе шырока адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і ў гэтай сувязі варта звярнуць увагу на віленскі перыяд дзейнасці Францыска Скарыны. Як вядома, Францыск Скарына тры гады (1517-1519) напружана працаваў, выдаючы ў Празе 22 кнігі Святога Пісання на старажытнай беларускай мове. Некаму яна сёння падаецца блізкай да рускай, а правільна будзе сказаць: блізкай да царкоўнаславянскай. І потым беларускі першадрукар пераехаў у тагачасную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, каб наблізіцца да свайго чытача — “православного люду посполитого”. І ўжо амаль адразу, не пазней, мяркуючы па святцах, 1522 года, паспеў надрукаваць там рэдкасную для тых часоў “Малую подорожную книжицу”. Прызначалася яна не для богаслужэння пры алтары, а для вандраванняў з малітваю купцоў, ваяроў, дзяржаўных пасланцоў — сёння мы сказалі б: для “трэцяга” саслоўя. А ўслед за тым у Вільні пабачыў дзённае святло “Апостол” (1525).

А што было там у Скарынавым жыцці далей? Няма пакуль пэўнасці… Потым Скарына, мяркуючы па архіўных дакументах, толькі служыў у віленскага біскупа Яна, сына польскага караля Жыгімонта І Старога. Праўда, яшчэ першы і апошні раз у жыцці ажаніўся ён з Маргарытай, удавой дабрадзея свайго віленскага і, магчыма, таксама пражскага кнігадрукавання Адверніка. Атрымаў ад яе Францыск Скарына за чатыры гады да ейнай смерці двух сыноў. Ды яшчэ, ведаем, з’ездзіў у Каралевец (Кёнігсберг, цяперашні Калінінград) да родзіча польскага караля, прускага герцага Альбрэхта. І пры тым патаемна вывез адтуль у Вільню аднаго друкара і аднаго лекара. І гэта — амаль усё, што вядома сёння даследчыкам пра зробленае першадрукаром за добры дзясятак гадоў…

Пад канец мінулага года мы з калегам ехалі ў Вільнюс, на Скарынаўскія чытанні “Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага”. І ў нас заканамерна ўзнікалі пытанні. Ці не замала зроблена за больш чым дзесяць гадоў такім нястомным працаўніком, якім быў наш суродзіч? А што ён рабіў у віленскага біскупа Яна да вяртання ў Прагу? І навошта быў патрэбны яшчэ адзін друкар, калі ён сам паспяхова справіўся ў Вільні з выданнем і “Малой подорожной книжици”, і “Апостола”? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні мы спадзяваліся пачуць і асэнсаваць у колішняй нашай супольнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

Міжнароднае свята, фармальна прысвечанае 525-годдзю заснавання першай друкарні на беларуска-літоўскіх землях, у Вільні, а фактычна, па большасці ўдзельнікаў і дакладаў, звязанае яшчэ з хуткім 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, пачалося з супольнага ўскладання кветак ля мемарыяльнай дошкі на доме 34-м па вуліцы Дзіджойі (Вялікай). Вуліца злучала й злучае цяпер Гару Гедзіміна, ягоны замак ля падножжа і Катэдральную плошчу са значна пазней узведзенымі ратушай і Вострай брамай. Пасля ўсе ўдзельнікі чытанняў накіраваліся па той жа Вялікай, а далей Універсітэцкай вуліцах у бібліятэку першага ў ВКЛ універсітэта. Нам там паказалі, нават можна было пагартаць адно з аўтэнтычных выданняў Скарыны (гл. здымак). Потым глядзелі на старую частку горада, скарынаўскія шляхі, з высокай вежы ўніверсітэцкага касцёла ў імя святога Яна. У ім, дарэчы, музіцыраваў на аргане другі наш славуты зямляк — польскі і беларускі кампазітар Станіслаў Манюшка: праз два гады будзем адзначаць яго супольны круглы юбілей, 200-годдзе з дня нараджэння на Міншчыне. А вечар таго ж дня мы правялі на сумеснай беларускай імшы памяці Францыска Скарыны ў касцёле Святога апостала Барталамея. Храм — на вуліцы Ужупё (Зарэчнай), якая выходзіць на Полацкі тракт, у бок радзімы беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара. Мяркую, па тым гасцінцы ён, пэўна ж, не раз уязджаў у сталіцу ВКЛ і выязджаў з яе.

Наступны ж дзень, навуковых пасяджэнняў, правялі мы ў гістарычным Публічным доме “Клуб пісьменнікаў”. Распачаўся ён музычным прывітаннем, уступнымі словамі прадстаўнікоў руплівых арганізатараў “Скарынаўскіх чытанняў”: Амбасады Беларусі ў Літве, Вільнюскага гарадскога самаўпраўлення і асноўнага арганізатара — Беларускага клуба “Сябрына”. Старшынюе ў клубе Валянцін Стэх, яго паплечнікі — кіраўнікі Інстытута літоўскай мовы і Асацыяцыі беларусістаў Літвы.

Помнік летапісцу ў Вільнюсе

Даклад “Русінская Біблія” і яе сучаснікі — найбольш раннія выданні Літвы” ў навуковым блоку чытанняў зрабіў доктар гуманітарных навук, дацэнт Сігітас Нарбутас (Вільнюс). Слова “русіны” ён традыцыйна ўжываў як вызначэнне для продкаў сённяшніх беларусаў і ўкраінцаў: каб не блытаць іх з сучаснымі рускімі, а тагачаснымі маскавітамі. Дарэчы, успомнім: такое вызначэнне ўжываў для сябе ў час экзаменаў у Падуанскім універсітэце й сам Скарына, а потым і Карл Маркс...

Затым эстафету з рук аднаго з гаспадароў чытанняў пераняў беларускі навуковец з літоўскім прозвішчам: доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Мінчанін разгледзеў некалькі загадак і сваіх  версій адгадак з віленскага перыяду жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Асноўная з іх: што рабіў ён не менш чатырох гадоў, служачы ў віленскага біскупа Яна, гарачага патрыёта ВКЛ? Дакладчык прывёў новыя важкія аргументы, што менавіта Скарына, які добра ведаў “правы боскія і правы чалавечыя”, і быў асноўным аўтарам Першага Статута ВКЛ 1529 года, які яшчэ называюць Першай еўрапейскай канстытуцыяй. Бо іншай такой адукаванай і кваліфікаванай у юрыспрудэнцыі асобы, як Скарына, у тагачасным ВКЛ проста не было. А другога друкара Скарына патаемна вывез з Караляўца ў 1530-м, па ўсёй бачнасці, якраз для выдання Першага Статута. Толькі не ўдалося тое зрабіць з-за праследаванняў прускага герцага. У выніку Статут застаўся на стагоддзі ў рукапісе… Хто ведае: калі б выйшаў тады, то можа па-іншаму склалася б і наша гісторыя… Тыя здагадкі дакладчыка былі сустрэты апладысментамі. А пацвердзіць гіпотэзу будзе лёгка, калі да юбілею лінгвісты параўнаюць старабеларускую мову прадмоў і пасляслоўяў Скарыны да перакладаў Бібліі са старабеларускай жа мовай некаторых, арыгінальных частак Збору законаў 1529 года. І тады, варта спадзявацца, акажацца: 1525-29 гады не былі геніем змарнаваны.

“Тройцу” на першым пасяджэнні Скарынаўскіх чытанняў у Вільнюсе завяршыў даклад маскоўскага навукоўца і гандляра-практыка Рамана Лізагубава “Кнігі кірылічнага друку ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў ВКЛ на антыкварна-букіністычным рынку Расіі”. Дакладчык засведчыў: віленскія выданні Мамонічаў ды іх паслядоўнікаў былі папулярнымі ў Маскве, гарадах Паволжа.

Даклады навукоўцаў з Вільнюса і Каўнаса, Полацка і Прагі, якія прагучалі на чытаннях, увойдуць у выданне, якое рыхтуецца Беларускім клубам “Сябрына”. Будзем спадзявацца, што два навуковыя форумы, якія сёлета рыхтуюцца (у Полацку 6 жніўня і на пачатку верасня), будуць таксама плённымі.

А цяпер варта і ўсім нам падумаць: як лепш адзначыць 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Да якога застаецца ўжо няшмат часу.

Мікалай Люцко, “Голас Радзімы”