Не забываюць родны кут

Як паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі, на святочнай вечарыне, якая прайшла ў Амбасадзе Беларусі ў Бішкеку, сабраліся актывісты беларускіх суполак “Світанак”, “Крыніца”, аб’яднання “Выпускнікі беларускіх ВНУ ў Кыргызстане”.

Амбасадар Віктар Дзенісенка павіншаваў супляменнікаў з Новым 2017 годам і Калядамі, звярнуў увагу на тое, як спрацавалі суполкі дыяспары летась, акрэсліў задачы на перспектыву. З віншаваннямі выступілі кіраўнікі  “Світанка” і “Крыніцы” Аляксандр Шут ды Ніна Міронава. Расказала пра дзейнасць і планы на новы год старшыня суполкі “Выпускнікі беларускіх ВНУ ў Кыргызстане” Тамара Джумашава.

Ураджэнка Віцебска спявачка Юлія Руцкая стала Заслужанай артысткай Кыргызстана

Творчым падарункам для ўсіх, хто сабраўся на вечарыне, стала выступленне папулярнай эстраднай спявачкі Кыргызстана Юліі Руцкай. Яна — сябар “Світанку” і Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі, кавалер медаля Францыска Скарыны. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Гучалі беларускія песні, дэманстраваліся відэафільмы пра родную Беларусь. А ў Амбасадзе Беларусі распавялі: нядаўна спявачцы Юліі Руцкай прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст Кыргызкай Рэспублікі”. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Алмазбек Атамбаеў падпісаў 31 снежня 2016 года. Адзначана супляменніца за асаблівы ўнёсак у захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны кыргызкага народа, падрыхтоўку, арганізацыю і правядзенне Сусветных гульняў качэўнікаў, мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю нацыянальна-вызваленчага паўстання і трагічных падзей 1916 года, а таксама за вялікія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці па выніках Года гісторыі ды культуры. Дарэчы, Юлія Руцкая — сябра і нашай газеты. Мы сустракаліся з ёй пад час І і ІІ Фэстаў мастацтваў беларусаў свету, пасяджэнняў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі. Віншуем Юлію з высокім званнем! Жадаем далейшых творчых поспехаў ды шырокай гастрольнай геаграфіі. Хацелася б, каб у спісе яе “гастрольных краін” Беларусь заўсёды займала першыя пазіцыі. Нагадаем: нарадзілася Юлія ў Віцебску. Бацьку, Сяргея Барысавіча, перавялі працаваць у Кыргызстан, калі дзяўчынцы было пяць год. І ўдалечыні ад Бацькаўшчыны сям’я Руцкіх засталася жыць надоўга. Сяргей Руцкі быў намеснікам міністра, затым міністрам лёгкай прамысловасці, а пасля — Амбасадарам Беларусі ў Бішкеку. Маці, Святлана Іванаўна, выкладае ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Юлія Руцкая прадстаўляе Кыргызстан на міжнародным узроўні, яна — дыпламант шматлікіх вакальных конкурсаў краін СНД і Балтыі. Спявачка вядомая за межамі сваёй другой радзімы, а ў Беларусі яе лічаць сваёй і запрашаюць на канцэрты. У яе рэпертуары ёсць і беларускія песні, а “Мой родны кут” (музыка Ігара Лучанка на словы Якуба Коласа) Юлія выконвае на кожным са сваіх сольных канцэртаў. Біяграфія Ю. Руцкай уключана ў энцыклапецыю “Кто есть кто в мире 2012” Маркіса (ЗША) і ў “2000 выдающихся людей 2012” (Вялікабрытанія).

Карына Міронава, “Голас Радзімы”