“З беларускай упартасцю”. Аляксей Каўка пра Мікалая Улашчыка

Нядаўна ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве адбылася творчая вечарына – круглы стол “Мікалай Улашчык (1906–1986): Памятаем – Слухаем – Чытаем” з нагоды 110-й гадавіны ад нараджэння і 30-х угодкаў памяці вядомага беларускага і расійскага гісторыка і літаратара. Сустрэчу зладзіла Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” пры падтрымцы дыпламатычнай місіі і з удзелам гістарычнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага універсітэту імя М.Ламаносава.

На аказійнай выставе была прадстаўлена творчая спадчына вучонага разам з яго найноўшай кнігай “Даць народу гісторыю” (Мн., “Лімарыус”, 2016), прэзентаванай паэтам Міхасём Скоблам. З неменьшай цікавасцю ўспрынялі прысутныя ўнікальны запіс выступлення Мікалая Улашчыка ў тэлестудыі “Ліра” беларускага тэлебачання (люты 1986) – развагі пра асабісты досвед-спасціжэнне нацыянальнай гісторыі.

Радца-пасланнік пасольства Юры Ярашэвіч падкрэсліў непрамінальную каштоўнасць навуковага даробку “беларускага Герадота”, годнага прадстаўніка нашай культуры ў свеце. Сваімі меркаваннямі па тэме “Улашчык” падзяліліся таксама старшыня НКА “Беларусы Масквы” Аксана Солапава, гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка,  намеснік дэкана гістарычнага факультэту Белдзяржуніверсітэта Андрэй Прохараў, былы Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Антановіч, пісьменнік Алесь Кажадуб, расійскі гісторык Станіслаў Думін, матэматык-праграміст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Якуб Шэгідзевіч, палкоўнік у адстаўцы Васіль Астаповіч, намеснік старшыні НКА “Беларусы Масквы” Віктар Чайчыц (матэрыялы дыскусіі мяркуецца змясціць у чарговым “Скарынічы”).

Гасцям з Мінску – спадарам М.Скоблу і А.Прохараву (адпаведна, Саюз беларускіх пісьменнікаў і гістарычны факультэт БДУ) быў перададзены рэдкі экзэмпляр “Литовско-белорусских летописей”, складальнікам якога быў М.Улашчык, - з пажаданнем перавыдаць фаліянт на радзіме нашага Летапісца.

Прапануем увазе чытачоў скарочаны і удакладнёны тэкст прадмовы Аляксея Каўкі да кнігі “Даць народу гісторыю”.

Віктар Чайчыц, Масква


З беларускай упартасцю

Зямны шлях асабісты ён давяршыў нарысам пра сваю Віцкаўшчыну. Вёска, паводле  аўтара, не з ліку знакамітых, асаблівых славутасцяў не вылучыла. Аднак жа, удакладняючы, усё ж  вылучыла:  “Здавён у Беларусі такіх людзей завуць волатамі. У асобе Мікалая Улашчыка беларусы займелі яшчэ аднаго асілка духу. Сваімі працамі па гісторыі краіны вучоны зрабіў тое, што раней у нашай літаратуры здзейснілі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Вялікую мастацкую праўду аб сваім народзе ён падмацаваў трывалым падмуркам гістарычнае навукі” – чытаем у  некралогу (ЛіМ. 1986. 21 лістапада).

Спамінаецца прыкметная дата на сыходзе яго жыццёвага шляху – 80 год народзінаў. Адпаведнае ганараванне ў светлай прасторнай зале Інстытута гісторыі АН СССР. Узрушлівае ажыўленне прысутных – калег, сяброў, знаёмцаў-прыхільнікаў юбіляра. Бела-чырвоныя гваздзікі,  нават кволенькія тульпаны неяк цеплілі той зімовы ранішнік у акадэмічнай установе. Тады ж сярод іншага занатаваў я словы старшыні ўрачыстага дзейства, загадчыка “летапіснага”сектара, пазней акадэміка, Віктара Буганава (разам з Улашчыкам творча супольнічалі звыш трыццаці гадоў): “Мы сегодня приветствуем сына белорусского народа,  покорившего вершины исторической науки..” Пафасна, але ж справядліва.

У Кнізе гісторыі Мікалай Улашчык адсланіў многія старонкі стоеных сэнсаў нацыянальнай мінуўшчыны,   уключна з беларуска-расійскімі (-літоўскімі, -украінскімі, -польскімі) ўзаемадачыненнямі. Сэнсы, спазнаныя й прынятыя адмыслоўцамі айчыннай й сусветнай славістыкі. Водгукі на яго працы ў беларускім, украінскім, расійскім,  літоўскім, латвійскім, польскім, румынскім, чэшскім, англійскім, нямецкім друку (гл.: Мікалай Мікалаевіч Улашчык. Біябібліяграфічны паказальнік. Выд. 2-е. Мн. 2006) – вымоўнае прызнанне навуковай грамадскасцю беларусазнаўчага даробку нашага суродзіча. Прыкладам, на Захадзе, сведчыць знаны кнігазнаўца Вітаўт Кіпель, пасля Яфіма Карскага з беларускіх аўтараў-гуманітарыяў найчасцей заўважаны Мікалай Улашчык.

Такога вось навукоўца ўшаноўвалі ва ўспомненым акадэмічным Інстытуце. А што на тое віноўнік падзеі?

Гожа смугляваты, магутны з выгляду, хоць відочна прытомлены, ён не прамаўляў, хутчэй разважаў прыцішаным, нібы пра сябе, голасам, не тоячы сумнаватае ўсмешкі на вуснах. Хто ведаў яго бліжэй,  памятае падобную журліва саркастыстычную смяшынку-рэпліку. Маўляў, і “садзілі” мяне, і “ганялі” – цяжка даўся шлях у навуку, аднак нешта ж зроблена, за што ўдзячны лёсу, калегам, усім тут прысутным.

Змоладу яго гвалтам выштурхнулі з Радзімы (справа так зв. “Саюза вызвалення Беларусі”),  яму ж рупіла адно – як радзіме аддзячыць. Даўні горкі парадокс прарока ў айчыне сваёй. Пазней і пры жыцці гісторыка афіцыйныя структуры ў БССР не вельмі праймаліся пошукамі,  адкрыццямі былога “нацдэма” – упарта блакуючы яго жаданне вярнуцца ў Беларусь, прадоўжыць, давяршыць свае творчыя намеры-парыванні. Нават  рукапіс ягонае “Віцкаўшчыны” – у якія б дзверы, выдавецкія, партыйна- адміністратыўныя, не шкрэбаўся – адпрэчылі (свет пабачыла кніга толькі з надыходам галоснасці па адыходзе ягоным у іншы свет). Не адзначыліся спагадаю да памяці Ўлашчыка й цяперашнія ўлады Рэспублікі Беларусь, рэстаўратары “лініі Сталіна”. Не дазволілі ўсталяваць помнік знанаму вучонаму (выкананы на грамадскіх пачатках св.п. Анатолем Белым і скульптарам Алесем Шатэрнікам) перад краязнаўчым музеем у Дзяржынску (б. Койданаве) – малой радзіме Гісторыка.

Тым не меньш, удзячнасць наступнікаў Улашчыкавай думкі, справы не згасае. Выйшла друкам яго “Выбранае” у серыі “Беларускі кнігазбор”, ладзяцца навуковыя чытанні. Па-ранейшаму ў Маскве аддаюць належнае нашаму суродзічу – “с тихим белорусским упрямством” (дырэктар спомненага Інстытуту, акад. М.М.Ціхаміраў) – адпаведнымі друкамі, прынагоднымі вечарынамі.

Цяпер яго творчы даробак багаціцца яшчэ адной аўтабіяграфічнай кнігай “Даць народу гісторыю” (Мн.,”Лімарыус” 2016).  Раней публікаваныя тэксты  Улашчыкавай  “Хронікі”, студэнцкіх краязнаўчых падарожжаў тут апярэджваюць першыя вопыты маладога  храніста,  натаваныя ў сярэдзіне 1930-х (тыя сшыткі, часткова друкаваныя ў “Дзеяслове”, перахаваў Арсень Ліс, пазней старанна  пракаментавала Таццяна Кекелева).  Відавочна гэтая частка спадчыны Улашчыка істотна дапаўняе, каларытна ажыўляе   дзіцяча-юначы абсяг яго жыццяпісу ў суплёце сямейна бытавога ладу Улашчыкаў, Віцкаўшчыны, суседняе Грычына. А тэму вёска-горад, віцкаўцы-менчукі, драматычны подых Першай сусветнай вайны, нямецкай, польскай, расейска-бальшавіцкай акупацый на абшары тадышняга Краю Забранага – хто з нашых гісторыкаў, майстроў слова адлюстраваў дакладней, узрушлівей?

Наогул, хранікальна-мемуарны цыкл Мікалая Мікалаевіча разам з пададзенымі ў кнізе ўспамінамі, згадкамі пра Янку Купалу, М.Багдановіча, М.Доўнар-Запольскага, М.Гарэцкага, В.Ластоўскага, Уладзіміра Пічэту ды іншых – бясцэннае сведчанне, апроч іншага, лёсу і шляху беларуса да Беларусі, узыходжання вяскоўца-студэнта з нізін  сялянскае “тутэйшасці” да вяршыняў  нацыянальнага самапазнання-самасцверджання. А затым – да адпаведнага выбару, значыць – да выпрабавання (наколькі свядомае слугаванне Беларусі-Беларушчыне ці ня скрозь было й застаецца даволі праблемным). У гэтым змагарным сэнсе асабісты досвед Мікалая Улашчыка, пражытае-перажытае ім надае мемуарным старонкам выключную крыніцазнаўчую каштоўнасць пры асэнсаванні нацыянальнай адметнасці гістарычнага развіцця Беларусі, беларусаў, іх непаканальнага Будамжыцця, як і  постасці самога Мікалая Улашчыка  ў нацыятворчым працэсе.  

Яго аўтабіяграфічныя, з Віцкаўшчыны, успаміны-замалёўкі аспрэчваюць, між іншым,  здавён устойлівы ў літаратуры ніклы вобраз беларускай “дакастрычніцкай”,  беспрасветна занядбанай вёскі (нібы й новай і “Новай зямлі” не было) – маўляў, абагачанай, прасветленай савецка-калгасным ладам.  З тае нагоды Улашчык спрабуе, у іншым месцы,  аб`ектыўна пазірнуць на праблему: “Але ж бяспрэчна,  беларусы не былі нейкай аднолькавай масай, не хадзілі ў лапцях, жывіліся нішчымнай бульбай і наогул былі падобны да жабракоў. На Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі тысячы паселішчаў, дзе сяляне жылі заможна, нават багата, мелі добрых коней, па 5–6 кароў, прадавалі зерня, на сотні рублёў жывёлы, іх дзеці пачалі паступаць у гімназіі, дочкі ў свята апраналіся так, што хутаранская модніца мала чым рознілася ад гарадской. Але ўсе гэтыя заможныя самі аралі і касілі, самі малацілі, самі кармілі скаціну, а калі ў іх былі нанятыя парабкі ці парабчанкі, то яны елі з імі з аднае міскі і ў будзённы дзень адрозніць парабка ад гаспадара часам было нельга”. Не абсалютызуючы, адразу  ўдакладняе: “Аднак такіх было меншасць,  большасць зарабляла са свайго кавалка зямлі столькі, каб сяк-так пражыць…” Спачуваем большасці. Няхай  яна, “кавалкавая”, і разбурала (“до основанья...”) сацыяльныя падставы, аднак не вельмі патрапляла надаць ім разумнейшы, сумленнейшы сэнс. Што да беларускае мяншыні, то яна дасюль  не стамляецца  бараніць незалежнасць, нацыянальную тоеснасць даўніннага крывіцкага абшару -  дзеля нармалёвага, на беларускі лад, росквіту й бальшыні. 

Улашчыкава апісанне традыцыйнай беларускай сям`і, пранікненне ў так званыя ментальныя структуры мінулага (як людзі жылі, працавалі, адпачывалі, вучыліся, што думалі, у што верылі і г.д.) спрыяе спасціжэнню жывога, дзейнага чалавека ў пэўных абставінах на фоне, здавалася б, безаблічнага грамадства. У гэтым кантэксце выразней вымалёўваецца драматызм беларускае вёскі, нашае сацыяльнае Атлантыды, з заняпадам, сыходам якой у нябыт (згадайма  Купалава “Сыходзіш вёска з яснай явы”, Барадулінава “…Сказаў Купала і – сышла”) адчувальна парушыўся нацыянальны падмурак Беларускага дому.

Словам, Улашчыкавы ўспаміны-роздумы – гэта і гісторыя, і пэўнае прадказанне нашае незайдроснае сучаснасці, з частымі праявамі антыбеларускасці. З адчуваннем тае ж балючае актуальнасці ўспрымаеш, чытаючы, колішнія меркаванні гісторыка-пачаткоўца з-за кратаў адносна вызначальных падстаў Беларускае дзяржаўнасці (пададзеныя ў кнізе паказанні на следстве па справе так зв. СВБ (нажаль, у “паказальную” частку разглядаемай кнігі, праз недагляд, “праслізгнула” старонка (408) з  пацверджаннем на допыце самім Улашчыкам яго нібыта прыналежнасці да СВБ (“я… в самом деле принадлежал к нелегальной организации”), што як следча-працэсуальную правакацыю пазней, цягам рэабілітацыі, рашуча аспрэчыць сам колішні падследны. I што, не меньш прыкра, не патлумачана, не пракаментавана належнаю спасылкаю ў кнізе. Даруй мяне, чытач, і светлы цень Мікалая Мікалаевіча. – Заўв. А.К. )). 

Крытыку-адмыслоўцу можна ўважней засяродзіцца над нарматыўнай стылістыкай Улашчыка-мемуарыста – пісьменніка нашага часу, калісьці прадказанага Львом Талстым – “не сочинять, а только рассказывать то значительное, интересное, что (ему) случалось наблюдать в жизни”. Тым болей, калі аўтару давялося не толькі назіраць, але многае  з таго “значнага, цікавага” перажыць-адпакутваць (яго “Хроніка” у спомненым “Выбраным” ). Невыпадкова апавядальны дар гісторыка аднойчы трапна прыкмеціў строгі ў ацэнках Васіль Быкаў, адгукаючыся на адну з яго манаграфій: “Здавалася б, вузка спецыяльная кніга, а чытаецца лепш за які раман”.

Да мемуарных старонак дапасавана ў кнізе невялічкая частка яго эпісталярыі, вартай адмысловага фаліянта пры выданні збору твораў вучонага. Ці не ў кожным, інфармацыйна насычаным тэксце – спрэсаванае багацце аўтарскай думкі, перажыванне ім асабістых і агульнабеларускіх клопатаў. Нават калі клопат той акрэслены двума-трыма радкамі, за якімі пазнаецца прыцярушаная пылам гадоў тая ці іншая старонка, а нават  занядбаны аблог нацыянальнае гісторыі, культуры. Як у выпадку з тэмай бежанства, закранутай у лістах да Л.Войцікавай (Зоські Верас), В.Скалабана. Або лісты да В.Чамярыцкага – з павучальным досведам адкрывальніка-даследніка беларускай летапіснай айкумены. А перапіска з Ул.Калеснікам? Шчымлівая легенда пра Уладзіміра Жылку, светла балесную постаць беларускай паэзіі; з ім маладому Улашчыку давялося падзяліць гаркату выгнання, прачытаць аўтарам дасланы яму прадсмяротны “Тэстамент”, перажыць Паэта трагічны сыход у вечнасць. Не менш узрушвае лістоўна спавядальнае ўзнанне Івану Мележу за несамавітую палескую трылогію – як знамянальны довад нацыянальнай сталасці й самастойнасці  беларускай літаратуры,  якая “узнялася так высока, што ёй не трэба рэкамендацый, не трэба дапамогі..., яна стаіць на сваіх нагах”. Узаемнасць творчага  прыцяжэння гісторыка і пісьменніка  пасведчыў дарчым аўтографам і творца “Подыху навальніцы”:  “Мікалаю Мікалаевічу, які на вечары аўтара 8 мая 1971 года пераканаўча даказаў, што зямля беларуская невыпадкова дала свету Кірыла Тураўскага і Сымона Полацкага і што іх талент не пагас, жыве і цяпер. Іван Мележ. 23.08.1971. Каралішчавічы”.

Токамі высокага творчага напружання вылучаецца карэспандаванне з Сцяпанам Александровічам, Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Валянцінам Грыцкевічам, Генадзем Каханоўскім, Арсенем Лісам, Міколам Ермаловічам,  Міхасём Ткачовым,  Хведарам  Янкоўскім, Эрнэстам Ялугіным, сябрам студэнцкае маладосці археолагам, лекарам Сяргеем Шутавым. Там скрозь гаворка пра здабыткі і страты айчыннай культуры, вострая занепакоенасць станам гісторыяграфіі, зберажэннем і асваеннем гісторыка-культуровай спадчыны, грамадскім прэстыжам, чысцінёй роднае мовы, прытарможаным станам нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця самапавагі й годнасці ў  народзе. З той жа  інтэлектуальнай заклапочанасцю чытаюцца Улашчыкавы лісты да калегаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, да настаўнікаў, вучняў-краязнаўцаў. 

Да гэтага мудрага чулага чалавека ў Маскве, працятага жывой, незацуглянай Беларушчынай, кіравала свае творчыя пошукі, спадзяванні й азарэнні тая свядомая Беларусь, што не мірылася з квазінавуковай казёншчынай, з асімілятарскім засіллем. У гэты сэнсе Улашчыкава перапіска – унікальнае сведчанне няспыннасці нацыянальнага супраціву ў глухую пару глумлення над культуровай спадчынай, гістарычнай памяццю народа. І адначасна – доказ неадольнасці векавечнай адраджэнскай традыцыі, з якой нястрымна бруіць, наталяецца сучасная плынь Беларускага Адраджэння.

Магчыма і гэтым разам каторы з чытачоў запыніўшыся над спомненымі старонкамі ўзрушыцца, як некалі мой малодшы сябра-паэт: “У першы ж вечар прачытаў лісты – безліч цікавых звестак, малавядомых імёнаў, фактаў. Улашчыкаў эпісталяр, як і Геніюшаў (дадамо – Зоські Верас, Вітаўта Тумаша, Юркі Віцьбіча, Антона Адамовіча – Улашчыкавага пабратыма па выгнанню. – А.К.), мог бы скласці асобны том, які чытаўся  б як мастацкі твор” (з ліста М.Скоблы 12 красавіка 2001). У сукупнасці з тае ж перапіскі вымалёўваецца жывы прываблівы  партрэт  нястомнага рупліўцы-Беларуса на  разлеглым абшары беларускага часу й эпохі. Дачакацца б спадзяванага тому, а нават 2-х тамавіка, наколькі таму дазваляюць засекі зберажонага архіва вучонага (аддзел Рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі).

Уражвае прытоены лірызм эмацыйна стрыманага дзядзькі Мікалая. З малеча вясновых разораў палонены свірчэннем жаваранкаў над свежай раллёй – праз цярністыя вёрсты і годы пранёс ён пад сэрцам тое  вясновае, роднае-векавечнае. Што й на апошняй вярсце выбоістага шляху яго, выпрабаванямі занядужанага, падсілкуе, ускрыліць. – “Месца тут надта харошае, – маёвым надвячоркам звяртаўся лістоўна ў Менск да малодшае сястры Вольгі Мікалаеўны з падмаскоўнае лякарні ва Успенскім, – проста пад нагамі Масква-рака, невялікі парк, поўны варон, шпакі і ні аднаго жаваранка. Учора я пайшоў, пайшоў і перабраўся праз мост на другі бераг. Ішоў і зайдросціў: людзі скрозь длубаюцца ў зямлі, кідаюць гной, робяць грады, саджаюць картофлю, у  бліжніх агародах ужо падрасло пер’е цыбулі. Успомніўся 1921, калі вясною пайшоў араць, як хораша было ісці за плугам і адчуваць холад, а ззаду гракі і гракі, а ўверсе сотні жаваранкаў…”

А пакуль – запыніся, ласкавы чытач, над спамінамі-роздумамі, хваляваннямі аднаго з Беларусаў. Пэўна вартае штосці табе распаведзяць, варухнуўшы таёмныя мроі пра краіну Белую Русь. Пра Купалы-Улашчыка сненні – “Мне сняцца сны аб Беларусі”-,  прымглёна зіхацяць на магільным валуне ў менскай Чыжоўцы.         

Варта чытаць, памятаць, верыць. 

Аляксей Каўка