Памёр патрыярх беларускай эміграцыі Антон Шукелойць. Ён пражыў 101 год

7 студзеня ў Нью-Ёрку памёр дзеяч беларускай эміграцыі Антон Шукелойць.

Антон Шукелойць у свае 101 год, фота Віталя Зайкі

Апошнія дні сп. Шукелойць паўтараў словы Купалы

Прыстаў я жыць на белым свеце, Хоць столькі ўвокала жыцця; Завялі думкі на расьцьвеце, Душа жадае небыцця.

Янка Запруднік з нагоды 100-гадовага юбілея сп. Шукелойця пісаў: «Для яго сэрцавінай нашага грамадскага жыцця былі — як тая вось у гіраскопе — дэмакратычнае права асобы на сваю думку і разам з тым справа свабоды й незалежнасці Бацькаўшчыны-Беларусі. У імя гэтых двух ідэалаў-прынцыпаў — права мець свой погляд на рэчы і дбаць пра волю Бацькаўшчыны — наш юбіляр садзейнічаў згодзе з людзьмі й паміж людзьмі. Я блізка супрацоўнічаў з ім на грамадскай ніве, пачынаючы з 1957 года, і магу з поўнай падставай засведчыць ягоны дабрадзейны, стабілізацыйны ўплыў на жыццё нашай грамады».

Пахаваны Антон Шукелойць будзе на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі). Памінальная дзея пройдзе ў суботу 14 студзеня ў пахавальным доме Малішэўскага ў Нью Джэрзі, пачатак у 10:00.

***

Антон Шукелойць нарадзіўся 16 ліпеня 1915 г. на Ашмяншчыне, скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. Пасля прыходу саветаў працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне быў загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, быў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея. З лета 1944 г. на эміграцыі.

У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, шматгадовы старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус».

У 2015 г. у ЗША вельмі шырока адзначалася яго 100-годдзе.


Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе з нагоды смерці спадара Антона Шукелойця і выказвае шчырыя спачуванні яго блізкім і сябрам.