Вельмі блізкія суседзі

Беларускае зямляцтва на Браншчыне адзначыла 10-гадовы юбілей.

Годна адзначылі беларусы Браншчыны юбілей суполкі

Годна адзначылі беларусы Браншчыны юбілей суполкі Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/gistoryya/article/velmi-blizkiya-susedzi.html

Урачыстасць з нагоды юбілею абласной грамадскай арганізацыі “Беларускае зямляцтва на Браншчыне” праходзіла ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Сярод ганаровых гасцей былі намеснік губернатара Аляксандр Карабко, намеснік старшыні Бранскай абласной Думы Анатоль Бугаёў, намеснік кіраўніка гарадской адміністрацыі Бранска Людміла Ганчарова, кіраўнікі адміністрацый Савецкага і Фокінскага раёнаў. Са Смаленска прыбыў павіншаваць супляменнікаў кіраўнік Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі Чэслаў Шульга. Прыйшлі студэнты-беларусы, якія навучаюцца ў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, лідэры нацыянальных суполак (армянаў, грузінаў, гагаузаў, яўрэяў, палякаў, дагестанцаў), грамадскіх арганізацый вобласці, сябры зямляцтва, жыхары горада, вобласці.

Кіраўнік зямляцтва Мікалай Голасаў адзначыў: суполка створана беларусамі, якія сваімі справамі ўмацоўваюць сяброўства і супрацоўніцтва паміж брацкімі народамі Беларусі ды Расіі, імкнуцца захаваць сваю самабытнасць, культуру. Як вядома, калі распаўся Савецкі Саюз, то парываліся сувязі паміж людзьмі. Зямляцтва шмат папрацавала на ніве народнай дыпламатыі — таму ёсць і вынікі. Умацоўваюцца рознабаковыя сувязі Браншчыны з Беларуссю.

Цяпер жыхары Браншчыны звяртаюцца да нас па розных пытаннях. Актывісты суполкі спрыяюць пошуку людзей, дакументаў, аказваюць дапамогу ў набыцці пуцёвак у санаторыі, дапамагаюць устанавіць месца гібелі родных людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, арганізаваць выставы, выступленні творчых калектываў, знайсці працу… “Звяртаюцца да нас і беларусы, якія трапілі ў складаныя сітуацыі, — гаварыў Мікалай Іванавіч. — Зямляцтва ператварылася ў свайго роду грамадскае прадстаўніцтва Беларусі ў Бранску. І мы стараемся вырашаць праблемы праз сяброў зямляцтва, сярод якіх ёсць дэпутаты рознага ўзроўню, камерсанты, урачы, настаўнікі, творчыя работнікі, студэнты...” Нагадаю, што сам Мікалай Голасаў — чалавек аўтарытэтны: член Грамадскай палаты вобласці, член Грамадскага савета пры УМВД, член экспертнага савета пры Упаўнаважаным па правах чалавека, член Савета па нацыянальных пытаннях пры Урадзе вобласці, памочнік дэпутата Дзяржаўнай Думы VI склікання. Уваходзяць у склад грамадскіх структур пры розных галінах улады таксама іншыя сябры зямляцтва. Аўтар гэтых радкоў — кіраўніца моладзевага крыла суполкі, працую ў складзе Грамадскага савета пры мэры Бранска. Наш сябар Дзмітры Канаваленка — член маладзёжнага парламента вобласці, адзін з заснавальнікаў Агульнарасійскага народнага фронту. Дзякуючы такім акалічнасцям зямляцтва мае магчымасці больш эфектыўна кантактаваць з органамі ўлады, іншымі грамадскімі структурамі.

Высока ацэньвае дзейнасць зямляцтва Урад вобласці. Сярод этнасуполак Браншчыны беларуская — адна з найактыўных, яна спрыяе развіццю міжнацыянальнага дыялогу ў рэгіёне. Актывісты ўдзельнічалі ў форуме “Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Бранскай і Магілёўскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы”. Форум праходзіў сёлета ў Магілёве. Прадстаўнікі зямляцтва — жаданыя госці на ўсіх святочных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Бранску і вобласці. Мы сярод тых, хто адзначае такія святы, як Дзень Расіі, Дзень народнага адзінства, Дзень вызвалення Бранскай вобласці, Дзень Перамогі.

Намеснік губернатара Аляксандр Карабко, віншуючы суполку, адзначыў: “Беларускага зямляцтва на Браншчыне проста не магло не быць! Ваша арганізацыя — наш даўні сябар і памочнік у пытаннях рэалізацыі стратэгіі нацыянальнай палітыкі. Ва Урад вобласці паступае шмат цікавых прапаноў, ідэй ад вашай арганізацыі”. Ярка, эмацыйна выступіў намеснік старшыні абласной Думы Анатоль Бугаёў: гаварыў пра дружбу беларускага і расійскага народаў, якія маюць агульныя карані, гісторыю, лёс. “Беларускае зямляцтва ў Бранску мае шэраг традыцый, якія адрозніваюць яго ад суполак у іншых гарадах, — адзначыў беларускі дыпламат Чэслаў Шульга. — Менавіта тут адчуваецца наш нацыянальны каларыт. Вядзецца і патрыятычная праца, тым болей што Браншчыну і Беларусь аб’ядноўваў у вайну партызанскі рух. Асаблівае значэнне мы надаём і гандлёва-эканамічным адносінам. Сёлетнія эканамічныя форумы сведчаць пра моцныя, сяброўскія кантакты, і прыемна, што беларусы Браншчыны актыўна спрыяюць іх умацаванню”. Чэслаў Шульга ўручыў кіраўніку зямляцтва Падзяку ад Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі. Падзяку Мікалаю Голасаву накіравала і кіраўніцтва Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”.

Кіраўнікі горада, раёнаў, лідэры абшчын, грамадскіх суполак таксама віншавалі зямляцтва з юбілеем, звярталі ўвагу на яго важную ролю ў жыцці рэгіёну, вялікі аўтарытэт. Найбольш актыўныя сябры зямляцтва ўшанаваны граматамі, падзячнымі лістамі, адзначаны падарункамі.

Потым выступалі самадзейныя калектывы. Цёпла гучалі песні на беларускай мове, якія спявалі сябры зямляцтва ў нацыянальных строях. Мясцовыя СМІ падрыхтавалі матэрыялы аб дзейнасці зямляцтва, павіншавалі беларусаў з юбілеем.

Кацярына Коладава, намесніца старшыні праўлення Беларускага зямляцтва на Браншчыне