Глыток паветра з Бацькаўшчыны

“Родныя напевы” — пад такою назвай у эстонскім горадзе Кохтла-Ярве прайшоў Трэці фестываль беларускай песні.

Арганізавала свята беларускае культурнае таварыства “БЭЗ”, якім кіруе Зінаіда Клыга. Назва суполкі, нагадаю, мае два значэнні. Па-першае, гэта — абрэвіятура ад назвы “Беларуска-Эстонскае Згуртаванне”. Па-другое, “бэз” — па-руску “сирень”. І эмблема суполкі — галінка з прыгожымі пахкімі кветкамі бэзу.

Гасцямі ды ўдзельнікамі фестывалю сталі ансамблі беларускай песні Талінскага беларускага культурнага таварыства “Лёс”, Беларускага культурнага таварыства “Ялінка” з г. Маарду. Выступаў ансамбль беларускай песні з нашай нарвскай суполкі “Сябры”. Спявалі, канешне ж, і гаспадары. Чаканымі гасцямі сталі артысты з Беларусі: Салігорскага раёна ды Салігорска, горада-пабраціма Кохтла-Ярве. Прыехалі трыа цымбалістак “Натхненне” і вакальны гурт “Заранка”. Узначаліла дэлегацыю Наталля Навіцкая, дэпутатка Салігорскага райсавета дэпутатаў.

Больш за дзве гадзіны на сцэне Культурнага цэнтра гучалі беларускія песні, музыка. Прыгожыя касцюмы, вясёлыя ды лірычныя песні анікога не пакінулі абыякавымі. Гледачы атрымалі асалоду ад народных і сучасных кампазіцый у выкананні артыстаў з Салігорска. Іх сустракалі бурнымі апладысментамі.

А напярэдадні салігорскія госці разам з мясцовым ансамблем “Калина красная” далі вялікі канцэрт у мызе Мяэтагузе для жыхароў воласці. За гэта ім асобная падзяка ад эстонскіх гледачоў!

Ганаровымі гасцямі фестывалю былі Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцепусь, кіраўнік парламенцкай групы “Эстонія—Беларусь”, дэпутат эстонскага парламента Валеры Корб, мэр Кохтла-Ярве Людміла Янчанка, прадстаўнік Мінкультуры Эстоніі Эдуард Адзінец, павятовы сакратар Іда-Вірумаа Эве Эаст, валасны старэйшына Йыхві Эдуард Эаст, кіраўнік “круглага стала” пры старэйшыне Іда-Вірумаа Аляксандр Дусман і прадстаўнікі мясцовых самакіраванняў Паўночнага Усходу Эстоніі. Шмат падарункаў, кветак было ўручана ўсім удзельнікам. Завяршэннем імпрэзы стала сумеснае выкананне ўсімі развітальнай песні “Чарка на пасашок”. Як і належыць паводле народнай традыцыі, яе й гледачы сустрэлі стоячы. А пасля канцэрта ўсе ўдзельнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца адзін з адным. Сяброўскія гутаркі з артыстамі гурта “Заранка” на роднай беларускай мове былі для ўсіх нас, беларусаў Эстоніі, своеасаблівым глытком паветра з Бацькаўшчыны.

Віктар Байкачоў, г. Нарва, Эстонія