«Дыяспара патрэбна Беларусі больш, чым Беларусь дыяспары»

Больш за 3,5 мільёны беларусаў пражываюць за межамі радзімы. Чаму мы не выкарыстоўваем іх патэнцыял?

Калі ўлічваць яшчэ другое і трэцяе пакаленні, то ў 73 краінах, дзе яны жывуць, назбіраецца каля 10 мільёнаў беларусаў.

Беларусаў замежжа аб’ядноўваюць амаль 180 арганізацый. Гэтых людзей з Беларуссю звязвае жаданне быць карыснымі дял радзімы, адчуваць сябе часткай беларускага грамадства.

Чым яны маглі б падзяліцца?

Прафесійны і экспертны досвед

Беларусаў, якія дасягнулі поспехаў у сваіх справах, нямала. Ураджэнец Беларусі Аляксандр Чайчыц прыводзіць прыклады: бізнэсовец, гуру маркетынгу і пісьменнік Гары Вайнярчук (ЗША), пісьменнік, журналіст і даследчык Яўген Марозаў (ЗША), інтэрнэт-прадпрымальнік Руслан Коган (Аўстралія), бізнэсовец Андрэй Мельнічэнка (Расія). Выхадцы з Беларусі ёсць і сярод прафесараў вядучых універсітэтаў, сярод навукоўцаў, не кажучы ўжо пра галівудскіх зорках, пісьменнікаў і нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі.

– Беларусь мае «сваіх» людзей у мностве кампаній: ад кансалтынгавых да нафтавых. І гэты патэнцыял сёння ніяк не выкарыстоўваецца, – лічыць эксперт.

Пры гэтым паспяховыя выхадцы з Беларусі, якія працуюць у буйных замежных кампаніях, маглі б прыязджаць у краіну, каб дзяліцца сваім досведам з бізнесам, дзяржструктурамі, прафесарскім складам і студэнтамі.

Уклад у культуру і прасоўванне брэнда «Беларусь»

Прыцягваць беларусаў, якія жывуць за мяжой, да рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў – далёка не адзіная магчымасць.

Беларусь, як і любы брэнд, мае патрэбу ў рэкламе. Краіна да гэтага часу малавядомая для еўрапейцаў, а за акіянам пагатоў. Але хто, як не тыя беларусы, што жывуць там, могуць выступаць у якасці пасярэднікаў у прасоўванні айчынных культурных дзеячаў: мастакоў, пісьменнікаў, артыстаў? Дыяспара можа садзейнічаць пашырэнню ведаў тамтэйшага насельніцтва пра беларускую культуру і гісторыю.

Капітал

Аб'ём замежных інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за дзевяць месяцаў гэтага года знізўся на 27%: звыклыя крыніцы вычэрпваюцца, а новыя не з'яўляюцца. Шукаць новых інвестараў можна сярод былых суграмадзянаў.

Сярод эмігрантаў ёсць тыя, хто з'ехаў у пошуках лепшага жыцця і змагаецца за яго ў новай краіне, але ёсць і гатовыя ўкладацца ў інфраструктуру і развіваць дзелавое асяроддзе Беларусі.

Такім спосабам актыўна карыстаюцца Індыя і Кітай, эмігранты з якіх спачатку актыўна ўкладалі ў эканоміку краін, а потым пакрысе сталі вяртацца на радзіму, маючы новы багаж ведаў, досвед і капітал.

Наладжаныя стасункі паміж урадам і дыяспарамі дазваляюць многім краінам мець сеткі з тысячаў чалавек, якія знаходзяць інвестыцыі, выступаюць ментарамі для маладых кампаній, інфармуюць аб эканамічных працэсах у розных краінах, лічыць старшыня Савета The Network University (Нідэрланды) Герд Юнне.

«Карта беларуса» – чаму гэта так важна

Беларусы звычайна вельмі добра інтэгруюцца ў новае грамадства. Шмат хто з іх адчувае такую стому ад роднай краіны, што імкнецца абарваць сувязі. Напрыклад, з тысячы беларусаў, якія жывуць у Швейцарыі, толькі 24 чалавекі удзельнічаюць у справах арганізацыі, якая аб'ядноўвае суайчыннікаў.

Тыя беларусы, якія з'ехалі з краіны часта скептычныя, апазіцыйна настроеныя ў дачыненні да беларускіх уладаў. Многія не маюць дакладнага ўяўлення аб тым, якой бы хацелі бачыць Беларусь у будучыні.

Ды і дзяржава не праяўляе цікаўнасці ў тым, каб грамадзяне, якія з'ехалі за мяжу, заставаліся беларусамі.

На думку кіраўніцы міжнароднага грамадскага аб'яднання «ЗБС “Бацькаўшчына”»Алены Макоўскай стымулам, каб працягваць называць сябе беларусамі, маглі б стаць гэтак званыя«карты беларуса». Выдачу такіх пасведчанняў выхадцам з Беларусі прапаноўвалі ўвесці аўтары праекта закона “Аб беларусах замежжа”. Але ўлады так і не адобрылі гэтую ініцыятыву.

– Калі мы кажам пра стварэнне прыемных умоў для беларусаў замежжа, гэта значыць, што патрэбны дакумент, які б пацвярджаў, што вось гэты канкрэтны чалавек ёсць беларус, – лічыць Алена Макоўская. – Наяўнасць пасведчання беларуса магла б суправаджацца зніжкамі ці адсутнасцю кошта візы, даступнасцю медыцынскай дапамогі ў межах краіны на ўзроўні з грамадзянамі рэспублікі, адменай абавязковай часовай рэгістрацыі падчас наведвання сваякоў.

Падтрымка дыяспар у многіх краінах вядзецца на дзяржаўным узроўні. У беларусаў ўсё інакш. Закон аб беларусах замежжа быў прыняты толькі ў 2014 годзе, а сістэмная праца пакуль наогул ніяк не арганізавана. З'яжджаючы з краіны, беларускія эмігранты ў большасці сваёй дамагаюцца ўсяго самі.

Беларусы, якія жывуць за мяжой, цалкам абыходзяцца без краіны, лічыць Аляксандр Чайчыц. На яго думку, Беларусь мае патрэбу ў дыяспары больш, чым дыяспара ў Беларусі.

Калі Беларусь будзе бачыць у дыяспарах партнёраў, улічваць іх інтарэсы і падтрымліваць сувязі, то гэта будзе выгадна перш за ўсё дзяржаве.

– Беларусь павінна ствараць спрыяльныя умовы, каб тыя людзі, якія стаміліся, з’ехалі адсюль, адчувалі сувязь з краінай, каб у іх расла ці не страчвалася нацыянальная самасвядомасць, – лічыць Алена Макоўская.

Надзея Калініна, “Завтра твоей страны”