Беларусы Іркуцка увайшлі ў тройку наймацнейшых нацыянальна-культурніцкіх грамадскіх арганізацый горада

Іркуцк гістарычна фармаваўся як горад перасяленчы, нездарма тут мірна ўжываліся людзі самых розных нацыянальнасцяў. І сёння Іркуцк працягвае падтрымліваць тыя самыя традыцыі: у горадзе жывуць прадстаўнікі больш як 120 нацыянальнасцяў. Іркуцкая супольнасць сладаецца як з карэнных і ўкаранёных этнічных груп (бураты, беларусы, украінцы, татары, башкіры, чувашы, немцы, літоўцы, палякі, габрэі, карэйцы, эвенкі і інш. карэнныя малалікія народы), гэтак і з больш маладых, г.зв. «новых дыяспар»: азербайджанцы, армяне, кітайцы, карэйцы, таджыкі, кіргізы, узбекі, чачэнцы, туркмены ды інш.

Беларусы Прыбайкалля (2014)

Паводле дадзеных Упраўлення Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці ў Іркуцку зарэгістравана трыццаць дзевяць нацыянальна-культурных аб'яднанняў рознай ступені актыўнасці.

З 2011 года ў мэтах актывізацыі дзейнасці нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў Іркуцка,а таксама для падтрымкі і заахвочвання ініцыятываў, арыентаваных на захаванне нацыянальнай мовы, традыцый і культуры праводзіцца «Конкурс на найлепшы нацыянальна-культурны цэнтр горада Іркуцка».

У 2016 годзе дзве беларускія арганізацыі Іркуцка – «Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага» (зарэгістраваная ў 1996 годзе) і Іркуцкая гарадская маладзёжная грамадская арганізацыя «Моладзевы клуб Крывічы»(зарэгістраваная ў 2009 годзе) увайшлі ў тройку наймацнейшых арганізацый горада Іркуцка, заняўшы два другіх месца!

МК “Крывічы” (2015)

Трэба адзначыць, што поспехі былі і раней. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага аднойчы  заняло было першае месца, а другое месца мела нават пяць гадоў запар! З улікам таго, што планка ўвесь час падвышаецца і штогод на “арэне” з’яўляюцца новыя гульцы, хачу зазначыць для Міністэрства культуры РБ, якое не бачыць, з чаго б нас падтрымліваць, што гэтая “стабільнасць” – вынік вялікай працы, якую я раблю вось ужо 18 гадоў.

Дарагія беларусы Расіі і свету! Актывізуйце сваю працу, каб у кожным рэгіёне ведалі пра беларусаў! У Расіі ёсць рэгіёны, дзе паводле перапісу колькасць беларусаў большая за Іркуцкую вобласць, і там таксама ёсць зарэгістраваныя беларускія цэнтры, але нават іх калегі не ведаюць, што яны там ёсць, а ўжо мы наогул пра іх нічога не чулі! На міжрэгіянальных міжнацыянальных сустрэчах я зазвычай толькі чую пра сваіх суродзічаў ад прадстаўнікоў іншых нацыянальна-культурных аўтаномій: «О, беларусы! Перадам вашыя буклеты, хай нашы беларусы ў Омску (Яраслаўлі, Смаленску, Краснаярску) паглядзяць».

Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (2016)

Дарагія мае беларусы! Вы зразумейце, што кожны з нас сваёй працай узмацняе адзін аднаго і ў Расіі, і ў Беларусі! Поспех любой беларускай арганізацыі плённа ўплывае на кожнага, хто лічыць сябе беларусам!

Родненькія, давайце пісаць сумесныя праекты, ездзіць з творчымі калектывамі на юбілеі адзін да аднога аьлбо проста на буйныя мерапрыемствы. Зразумела, што фінансаванне – «з уласнай кішэні», але калі планаваць загадзя, то заўсёды можна знайсці нейкія сродкі. Нашыя творчыя калектывы ў 2016 годзе тройчы выязджалі за межы рэгіёну. Давайце абменьвацца ўдалым досведам, і тут манапалістамі павінны стаць у Расіі ФНКА «Беларусы Расіі», у свеце ЗБС «Бацькаўшчына». Кожная беларуская арганізацыя павінна імкнуцца ўвайсці ў склад гэтых арганізацый – разам мы мірная сіла! Годзе займацца рэалізацыяй уласных амбіцый, гэта ўжо не модна, замест гэтага будзьце моцнымі лідэрамі – гуртуйце вакол сябе людзей, не раз’ядноўвайце наш «беларускі свет»! Давайце падтрымліваць адзін аднаго нашымі беларускімі справамі! Тым больш што пры ўсёй нашай размаітасці мэта ва ўсіх беларусаў свету адна – захаванне і папулярызацыя беларускай культуры!

Жыве беларускi народ! Жыве Беларусь!

Старшыня РГА «Іркуцкае таварыства беларускай культуры ім. Яна Чэрскага» Алёна Сіпакова