Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алег Гардзіенка "Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы"

І. Дыяспара

Дыяспара — гэта не проста “кавалак” аднаго народу, які пражывае ў іншай краіне, гэта этнічная супольнасць, што валодае асноўнымі рысамі нацыянальнай адметнасці народу — мовай, культурай, самасвядомасцю. Яна захоўвае гэта праз арганізацыйныя формы функцыянавання — пачынаючы ад групаў, кшталту зямляцтваў, і да наяўнасці грамадскіх, нацыянальна-культурных і палітычных рухаў. Таму панятак дыяспара можна выкарыстоўваць толькі ў дачыненні да вызначанага шэрагу краінаў, дзе ёсць арганізаваныя формы беларускай этнакультурнай прысутнасці — грамады беларусаў. Беларускія суполкі дзейнічаюць больш чым у 25 краінах свету: дзяржавах СНД, Балтыі, Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Галандыі, ЗША, Канадзе, Нямеччыне, Чэхіі. У дачыненні да гэтых краін магчыма казаць пра наяўнасць структур дыяспары.

Сюды трэба аднесці і беларусаў Беласточчыны, Віленшчыны, Латгаліі, якія да пэўнага часу ўтваралі разам з беларусамі метраполіі цэлы народ, але з палітычных прычын штучна сталі дыяспарай. Для ўсіх беларусаў, што жывуць па-за межамі метраполіі найбольш пасуе тэрмін беларускае замежжа.

Беларускія дыяспары дзеляцца як паводле геаграфічнай прыкметы, так і паводле часавай. Відавочныя адрозненні існуюць між дыяспарамі на Захадзе і Усходзе — асяродкамі беларусаў у Паўночнай Амерыцы. Аўстраліі, Еўропе, якія арганізаваліся пасля ІІ сусветнай вайны і дыяспарамі ў постсавецкіх і некаторых еўрапейскіх краінах, якія ўтварыліся ў 1990-ых у іншых гістарычных умовах.

Важным пытаннем падаецца колькасць беларусаў, што жывуць па-за межамі краіны.

ІІ. Колькасць беларусаў у замежжы

Раней лічылася, што па-за межамі Беларусі пражывае да 3,5 млн беларусаў. Лічба базавалася як на перапісах насельніцтва, так і на прыкладных ацэнках, часам перабольшаных. Аднак звесткі, якія трывала ўвайшлі ў новыя энцыклапедыі, састарэлі. Апошнім часам назіраецца няўхільнае змяншэнне колькасці беларусаў. Старэйшае пакаленне, хваля паваеннай эміграцыі — фізічна вымірае, а іх дзеці і ўнукі, ці прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі асімілююцца.

Так, колькасць беларусаў у Санкт-Пецярбургу зменшылася з 1999 да 2004 г. з 85 да 54 тыс. чалавек — на 36%, колькасць беларусаў у Расіі з 1999 па 2004 год — з 1,2 млн да 810 тыс. Традыцыйна лічылася, што ў Аўстраліі пражывала каля 10 тыс. беларусаў, аднак перапіс 2002 г. зафіксаваў, што беларусамі запісалася толькі 483 чалавекі.

На 2005 г. па за межамі Беларусі пражывала 2,1—2,4 мільёна беларусаў. Такім чынам па-за межамі метраполіі жыве 20-25% усіх беларусаў паводле этнічнага паходжання. Але ў актыўным жыцці — уваходзяць у суполкі, бяруць удзел у святкаваннях — толькі невялікая частка.

Эміграцыя — гэта люстэрка жыцця ў метраполіі, і працэсы, характэрныя для Беларусі — раз’яднанасць, нізкая палітычная актыўнасць, уласцівыя і для яе.

Найбольшая беларуская грамада жыве ў Расеі — 810 тыс. Ва Украіне 275 тыс., Казахстане — 111 тыс., краінах Балтыі — 153 тыс. (Латвія — 90 тыс., Літва — 42 тыс., Эстонія — 21 тыс.). У ЗША — 600 тыс. (паводле падлікаў В.Кіпеля на пачатак 1990-х). Энцыклапедыя Беларусі ацаніла лічбу беларусаў у Канадзе ў 110 тыс. Аднак прафесар Атаўскага ўніверсітэта, старшыня Асацыяцыі славістаў Канады Уладзімір Кэй (Кісэлеўскі), аўтар працы па канадцах беларускага паходжання, назваў лічбу на 1960 год у 30 тыс., падкрэсліўшы пры гэтым, што толькі 4 тыс. лічаць сябе беларусамі. З гэтай лічбай пагаджаецца беларускае пасольства ў Канадзе, дадаючы, што перапіс насельніцтва, які праводзіўся ў 2001 г., даў лічбу 5115 грамадзян беларусаў (звесткі беларускага консула Уладзіміра Матусевіча).

У Вялікабрытаніі, паводле звестак ЭГБ, пражывае каля 20 тыс. беларусаў. Айцец Аляксандар Надсан ацаніў цяперашнюю колькасць беларусаў у 5 тыс. чалавек. У Аргентыне на 2005 год пражывае 7 тыс. нашых суайчыннікаў. У Бельгіі — каля 2 тыс. беларусаў. Раней была прынята лічба, што ў Польшчы (перадусім на Беласточчыне) пражывае каля 300 тыс., аднак апошні перапіс зафіксаваў, што беларусамі запісаліся каля 50 тыс., астатнія палічылі сябе праваслаўнымі палякамі.

Вядзенне падлікаў беларусаў далёкага замежжа — справа цяжкая. Да 1991 г. нашы суайчыннікі улічваліся разам з іншымі выхадцамі з СССР. Часы незалежнасці не нашмат паправілі сітуацыі. Міністэрствы статыстыкі Канады, ЗША, Аргентыны ў агульнадаступных публікацыях робяць так званы топ-10, фіксуючы толькі прадстаўнікоў найбольш колькасных дзесяці нацый, што ўязджаюць у краіну. Беларусы ў гэту дзясятку не ўваходзяць і зноў аб’ядноўваюцца ў раздзел “іншыя нацыянальнасці”.

І яшчэ адзін прыкры для беларусаў факт: суседзі беларусаў — расейцы, палякі, украінцы — уваходзяць у дзясятку найбуйнейшых дыяспар свету, якія налічваюць па 27, 20 і 9 млн. чалавек. Таму пры невысокім узроўні нацыянальнай свядомасці беларусаў нашы суайчыннікі міжвольна заўсёды траплялі ў поле ўплыву польскай, украінскай ці расейскай дыяспар.

ІІІ. Арганізацыі

Створаныя ў магутных асяродках беларускага замежжа (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія) арганізацыі дзейнічаюць і да сёння — гэта Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, Згуртаванне беларусаў Канады, Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Беларускі культурна-грамадскі клуб у Сіднеі, Федэральная рада беларускіх арганізацый у Аўстраліі і інш. Беларусы Аргентыны традыцыйна гуртаваліся ў супольныя арганізацыі выхадцаў з СССР. Сённяшнія аб’яднанні беларусаў у гэтай краіне — Культурна-спартовае таварыства Усход і Дняпро — уваходзяць у склад Федэрацыі аб’яднанняў былых савецкіх грамадзян у Аргентынскай Рэспубліцы. Крыху іншыя формы супрацоўнічання ў Бельгіі, дзе арганізацыя “Салідарнасць” аб’ядноўвае трыццаць суполак выхадцаў з былога СССР, у тым ліку і беларускія арганізацыі.

Новыя эмігранты (хвалі 1990-х і пачатку ХХІ ст.) у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Брытаніі звычайна селяцца ў традыцыйных асяродках беларусаў і далучаюцца да старых эмігранцкіх структур — Згуртавання беларусаў Канады, БАЗА, ЗБВБ, ФРБА. Аднак у гэтых краінах адкрываюцца новыя цэнтры беларускай прысутнасці. У Канадзе беларусы сталі сяліцца і назаходнім узбярэжжы — Брытанскай Калумбіі.

У кантынентальнай Еўропе эмігранты новай хвалі ствараюць альбо новыя паралельныя структуры. У Бельгіі дзейнічае Беларускі цэнтр, які прыйшоў на змену Саюзу беларусаў Бельгіі, што цяпер амаль спыніў актыўную дзейнасць. Ствараюцца таксама суполкі ў новых краінах — Галандыі, Гішпаніі, аднаўляецца закансерваванае беларускае жыццё ў старых асяродках — Нямеччына, Чэхія, Аўстрыя.

З канца 1980-х — пачатку 1990-х актывізавалася беларускае жыццё ў рэспубліках СССР. Па распадзе СССР беларусы сталі аб’ядноўваюцца ў саюзы для захавання ідэнтычнасці і абароны ўласных правоў (Федэрацыя нацыянальна-культурных аўтаномій “Беларусы Расіі”, Саюз беларусаў у Малдове і г.д.) Многія суполкі ў постсавецкіх краінах маюць падтрымку ад урадаў сваіх краін, працуюць у цесным кантакце з пасольствамі, што робіць працу больш эфектыўнай, даючы магчымасць уплываць на палітычныя працэсы ў згаданых дзяржавах.

Але ў актыўным беларускім жыцці бярэ ўдзел невялікі адсотак суайчыннікаў. У Малдове пражывае 20 тыс. беларусаў, тады як у нацыянальныя суполкі ўваходзіць 2300 чалавек. Ва Узбекістане, дзе паводле звестак пасольства пражывае 21 тыс. беларусаў дзейнічае толькі Нацыянальна-культурны цэнтр “Світанак”.

IV. Царкоўнае жыццё

Важнае кансалідуючае месца ў жыцці эмігрантаў адыгрывае царква. На эміграцыі былі два кірункі ўласнабеларускіх рэлігійных праваслаўных цэнтраў — парафіі, што падпарадкоўваліся Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве (Брэдфард, Манчэстар, Лювен, Таронта — парафія св. Кірылы Тураўскага, Нью-Йорк, Дэтройт, Гайленд-Парк, Мельбурн, Адэлайда, Перт) і Радзе беларускіх праваслаўных кананічных парафій, падпарадкавання Сусветнаму патрыярхату (Саўт-Рывер, Чыкага, Рычманд-Гіл, Таронта — парафія св. Ефрасінні Полацкай, Манчэстар, Лондан).

З цягам часу спынілася беларускае жыццё ў некалі моцнай парафіі БАПЦ у Кліўлендзе, яшчэ раней — у Еўропе: Брэдфардзе, Лондане, Бірмінгаме (Брытанія), Лювене (Бельгія). Умяшаліся свецкія чыннікі ў парафіяльнае жыццё беларусаў Адэлаіды (Аўстралія).

Моцны і аўтарытэтны беларускі асяродак у Чыкага — уніяцкая царква св. Хрыста-Збаўцы — спыніў дзейнасць праз здрабненне беларускай грамады. Працягвае дзейнасць беларуская царква св. апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Узніклі ўніяцкі прыход Уваскрэсення Хрыстова ў Антвэрпене (Бельгія), касцёл св. Барталамея ў Вільні, Беларуская праваслаўная царква ў Львове.

V. СМІ

Росквіт беларускай прэсы ў замежжы прыйшоўся на канец 1940-х — 1950-ыя гады, у той час калі скрозь паўставалі суполкі і формай камунікацыі было стварэнне перыёдыкаў. Усяго бібліяграфія Вітаўта і Зоры Кіпеляў за ўвесь час зафіксавала 414 беларускіх перыёдыкаў.
Сёння эміграцыйная прэса перабывае ў крызісе, па-за метраполіяй выдаецца пару дзясяткаў газет і часопісаў. Галоўнай газетай беларусаў далёкага замежжа з’яўляецца Беларус (Нью-Йорк). Газета, якой ужо 55 гадоў, выходзіць раз на месяц колькасцю старонак ад 8 да 16 і распаўсюджваецца амаль у 20 краінах свету. На ангельскай мове ад 1989 г. выходзіць інфармацыйны бюлетэнь-квартальнік Belarusian Review (Юры Станкевіч). Некалькі гадоў таму ў Нью-Йорку аднавіў выданне Беларускі час (Расціслаў Гарошка), але газета чарговы раз патанула ў унутрырэдакцыйных разборках. Ад лістапада 1993 г. у ЗША выдаецца “Беларускі дайджэст” (гал. рэд. Мікола Прускі).

У Таронта ад студзеня 2002 г. раз на квартал стала выходзіць газета Беларускае слова (Віялета Кавалёва). Выходзіць Камунікат Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады (Р.Жук-Грышкевіч). Прэсы ў Заходняй Еўропе, беларусы, на жаль, не маюць. Хоць яшчэ чатыры гады таму беларусы Туманнага Альбіёну мелі тры перыёдыкі — Камунікат ЗБВБ (1999—2001), Наша місія (2000—2004), Belarusian News Bulletine (1999—2003).

Выняткам выглядае польскі Беласток, дзе выдаецца газета Ніва, і некалькі часопісаў.

У Латвіі раз на два месяцы выдаецца Прамень. Менскі Голас Радзімы рыхтуе старонку Беларусы ў Малдове для газеты Независимая Молдова, Белорусские новости для Ізраіля.

Больш шырока прадстаўлена беларуская прэса ў Расіі. Так, беларуская амбасада ў Маскве выдае Інфармацыйны веснік Беларусь сегодня і Федеральную газету. У Іркуцку беларусы выдаюць штомесячную газету “Маланка” (наклад 800 асобнікаў), у Навасібірску — газету Мая Радзіма, у Краснаярску — бюлетэнь Калі ласка. Выходзіць літаратурна-мастацкі і гістарычна-этнаграфічны альманах беларусаў Дона Мы – славяне (рэдактар — В.Банцэвіч). ФНКА “Беларусы Расіі” выдае газету з аднайменнай назвай.

Функцыі камунікацыі беларусаў з розных старон свету выконвае мінскія выданні бюлетэнь ЗБС Бацькаўшчына і газета Голас Радзімы.

Скарацілася да мінімуму колькасць эміграцыйных часопісаў у далёкім замежжы. Неперыядычна выходзіць Беларуская думка (Саўт-Рывер). Аднак аднавілася выданне ў Адэлаідзе часопісу аўстралійцаў — Новае жыццё. Часопіс Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва за апошняе дзесяцігоддзе ператварыўся з чыста эміграцыйнага ў супольны нью-йоркска-мінскі праект.

Некаторыя беларускія суполкі на эміграцыі заводзяць свае сайты, так рэгулярна абнаўляюцца сайты газеты “Беларус”, БАЗА, беларусаў у Вялікабрытаніі, “Беларускай Уніі”, панбеларускі партал “Беларуская палічка”.

Спыніла дзейнасць беларускае радыё ў Перце і Сіднеі. У 2003 г. на мясцовым радыё ў Буэнас-Айрэсе на хвалях АМ 1500 была створана радыёпраграма Славянская зямля (“Tierra Eslava”), у якой перыядычна гучаць перадачы пра Беларусь. Перадачы пра Беларусь і беларусаў гучаць таксама ў рамках расейска-украінска-беларускай радыёпраграмы Родная зямля.

У пэўнай ступені функцыі “галоўнага” радыё на эміграцыі выконвае “Радыё Свабода”. Сучасныя сродкі сувязі — мабільная сувязь, інтэрнет-вяшчанне, інтэрнет-старонка) дазваляюць дайсці да кожнага слухача і рэспандэнта ў любым кутку свету. Апроч таго, на радыё ёсць спецыяльная праграма “Суайчыннікі”, якая распавядае пра беларусаў ва ўсіх кутках зямной кулі.

Дзейнічаюць беларускія секцыі “Радыё Ватыкана” і “Радыё Швецыі”, ад кастрычніка будзе працаваць беларуская секцыя “Нямецкай хвалі”.

VI. Інстытуцыі

 

Працягвае дзейнасць Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, Беларуская бібліятэка і м, музеі Івана Луцкевіча ў Вільні, М.Багдановіча ў Яраслаўлі, беларускі музей у Сыктыўкары, мемарыяльная кватэра М.Улашчыка ў Маскве.
У Мельбурне (Аўстралія) працуе парафіяльная бібліятэка БАПЦ, у Рызе — бібліятэка беларускай падставовай школы, Бібліятэка ТБК “Світанак”; у Вільні – бібліятэка ТБК у Літве, бібліятэка “Беларусь” у Кішынёве, асабістая бібліятэка Іны Снарскай у Палтаве, Бібліятэка беларускай грамады ў Львове.

VII. Умовы захавання і перспектывы

Адна з умоваў захавання дыяспары — яе сувязь з радзімай. У адваротным выпадку, не маючы трывалых сувязяў з радзімай і пастаяннага прытоку новых эмігрантаў, дыяспара, паступова асіміляваўшыся, знікае. Так, беларусы замежжа валодаюць велізарным культурным, навуковым і эканамічным патэнцыялам. Але яны не могуць стаць дзейным фактарам развіцця Беларусі — ні дыяспара, ні метраполія не маюць міжсобку рэальнага ўзаемадзеяння. Метраполія мусіць прыхільна ставіцца да ініцыятыў у сферы бізнесу, магчыма, ствараючы спрыяльны клімат для суайчыннікаў замежжа. Для стварэння больш трывалых повязяў з беларусамі замежжа неабходна ўвядзенне інстытута двайнога грамадзянства, каб асобы, што адведваюць радзіму, не пачуваліся тут грамадзянамі другога гатунку і каб у іх не ўзнікала перасцярогі пры перасячэнні мяжы.

Але самая галоўная праблема, што стаіць сёння перад беларускай эміграцыяй,— праблема змены пакаленняў. Старэйшае пакаленне, што пакінула радзіму ў сярэдзіне 1940-х і стварыла цэлы беларускі свет на Захадзе, сыходзіць.

Таму трэба канстатаваць, што беларуская прысутнасць у свеце няўхільна змяншаецца. І галоўнае пытанне, што стаіць перад маладым пакаленнем — ці здолее яно пераняць іх традыцыі, захаваць старыя асяродкі ці арганізаваць новыя ў іншых краінах. Магчыма, патрэбныя новыя формы арганізацыі беларускага жыцця ў замежжы. Інакш на наступным, ці VI З’ездзе беларусаў свету, мы зноў будзем канстатаваць пра няўхільнае змяншэнне колькасці беларусаў.

Нягледзячы на амаль стогадовую гісторыю існавання беларускіх асяродкаў у замежжы, яны дагэтуль застаюцца мала вывучанымі. Мы маем толькі тры грунтоўныя кнігі, прысвечаныя жыццю беларускай дыяспары ў асобных краінах, — “Беларусы ў ЗША” В.Кіпеля, “Беларусы ў Аўстраліі” Н.Гардзіенкі, “Беларусы ў Канадзе” Янкі Садоўскага (на ангельскай мове).
Не спрыяе вывучэнню зацікаўленасць дзяржавы і адсутнасць стымулаў з ейнага боку, а таксама раз’яднанасць беларускіх асяродкаў у свеце. Важным крокам для стварэння агульнай інфармацыйнай базы для навуковага даследавання беларускага замежжа можа стаць Энцыклапедыя беларускай дыяспары, якая будзе ўтрымліваць інфармацыю пра актыўных удзельнікаў беларускага жыцця на чужыне, асяродкі, арганізацыі, выданні і г.д. Праект стварэння такой энцыклапедыі распрацаваны сумеснымі высілкамі БІНІМ і ЗБС “Бацькаўшчына” і выдрукаваны ў чэрвенскім нумары “Беларуса”. Для паспяховай рэалізацыі праекта неабходна яго інфармацыйная — і матэрыяльная — падтрымка з боку ўсіх беларускіх асяродкаў замежжа.

Аўтар дзякуе Міколу Нікалаеву (Санкт-Пецярбург), Алегу Рудакову (Іркуцк), Андрэю Антонаву (Вільня), Таццяне Казак (Рыга), Івонцы Сурвілле (Канада), беларускаму консулу ў Канадзе Уладзіміру Матусевічу, Сяргею Лукашэвічу — супрацоўніку беларускага пасольства ва Узбекістане, супрацоўніку беларускага пасольства ў Аргентыне Мікалаю Шымчуку, Галіне Мацюшынай (Антверпэн, Бельгія), Ванкарэму Нікіфаровічу (Чыкага, ЗША), Марату Клакоцкаму, Лявону Юрэвічу (Нью-Йорк), айцу Аляксандру Надсану, Ігару Лабацэвічу (Лондан), Алене Макоўскай (Мінск) за дапамогу ў працы над дакладам.

Табліца Колькасць беларусаў у замежжы.


Краіна

Колькасць беларусаў

Крыніца

1.

Аўстралія

10.000 (на 1970-я гг.)
483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (БСЭ).
Перапіс насельніцтва Аўстраліі 2002(?) г. (Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі)

2.

Аргентына

7 000 (на 2005 год )

Звесткі пасольства

3.

Бельгія

2 000

Паводле звестак кіраўніка Беларускага цэнтра Галіны Мацюшынай

4

Вялікабрытанія

20.000
5000

ЭГБ
Ацэнка а. Аляксандра Надсана

5

ЗША

600.000

Кіпель В. Беларусы ў ЗША

6

Казахстан

111.926

Перапіс 1999

7

Канада

30.000,)

Паводле В. Кэя

8

Літва

42.866

Перапіс 2001 г.

9

Латвія

92.000

Афіцыйная статыстыка

10

Малдова

20.000

ЭГБ

11

Польшча

200.000
50.000

Ранейшая статыстыка
Афіцыйны перапіс апошні

12

Расея

810.000

Перапіс 2002

13

Узбекістан

21.000

Паводле перапісу

14

Украіна

275.700

Перапіс 2001 г.

15

Чэхія

менш 10.000, калі не лічыць нелегалаў

 

16

Эстонія

21.363

Перапіс 1999

Падзяліцца: