Сьветлай памяці Барыс Кірка

Шаноўныя сябры,

З глыбокім смуткам паведамляем пра адыход у іншы сьвет Барыса Кіркі – аднаго з самых актыўных дзеячоў парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага і Згуртаваньня Беларусаў Канады.

На працягу многіх гадоў спадар Барыс выконваў абавязкі старшыні альбо скарбніка парафіі. І, хаця жыў на Ніягары, амаль кожную нядзелю прыяжджаў у Таронта на ранішнюю Багаслужбу. Ні дрэннае надвор’е, ні кепскае самаадчуваньне не заміналі Барысу Фёдаравічу разам зь любаю на ўсё жыцьцё сьв. памяці Вераю Радэк прыяжджаць на сваім аўта без спазьненьня і амаль да апошніх дзён сьпяваць у царкоўным хоры. Барыс Фёдаравіч валодаў цудоўным голасам і тонкім прыродным музычным слыхам. А ў маладосьці спадар Барыс танчыў у народным ансамблі.

Многія з нас – маладыя альбо старэйшыя – лічылі Барыса Фёдаравіча сваім сябрам і любілі яго за чуласьць, дабрыню, адказнасьць, аптымізм, прыязнасьць, вясёлы характар.

Парафія Сьвятога Кірылы Тураўскага, Згуртаваньне Беларусаў Канады


Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сям’і і сябрам Барыса Кіркі. Вечная і светлая яму памяць!