2000-2016: як зьмяняўся беларускі чытач

«Ўанс апон э тайм», карацей, недзе ўвесну, калі Саюз беларускіх пісьменьнікаў і «Бацькаўшчына» запускалі сваю гадавую інфакампанію «Пяцісотгоднасьць», прыйшла мне да галавы ідэя наноў перабраць сьпіс найважнейшых беларускіх кніг. Наноў, бо шаснаццаць гадоў таму падобны праект быў зьдзейсьнены газэтай «Наша Ніва». Мне ж заманулася паглядзець, ці зьмянілася што за гэты час.

Дык вось, нагадаю перадгісторыю, бо цяпер нават і нагугліць яе немагчыма (як і ўсё астатняе з «папяровых» нашых бурлівых 90-х): напрыканцы 1996 году «Наша Ніва» надрукавала сьпіс 100 найлепшых кніжак ХХ стагодзьдзя, падрыхтаваны Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкай. Рэдакцыя «Нашай Нівы» прапанавала чытачам зрабіць свой сьпіс 100 найлепшых беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя. Сьпісы друкаваліся рэгулярна, аж да канца тысячагодзьдзя, а 11 сьнежня 2000 году быў апублікаваны зводны кніжны рэйтынг, складзены паводле чытацкіх лістоў. Нехта называў 2-3 кнігі, нехта і ўсе 100. Урэшце, агульны сьпіс налічыў 1000 пазыцый. Як пісаў ананімны куратар праекту пад крыптанімам «Крыт.», «НН паставіла мэту сфармаваць унівэрсальную бібліятэку беларускай цывілізацыі і новую, постсавецкую гіерархію нацыянальных культурных аўтарытэтаў».

Падкрэсьлім тут словы «чытацкія лісты». Бадай што гэта быў апошні рэйтынг, зьдзейсьнены ў даінтэрнэтную эпоху. Меркаваньне цяжка ішло да рэдакцыі, і таму, нягледзячы на чатырохгадовую працу газэты над праектам, лічбы сёньня выглядаюць неастранамічнымі. Гэтак, лідэр рэйтынгу – «Вянок» Максіма Багдановіча – атрымаў 59 лістоў-галасоў. З другога боку, гэта была найцікавейшая спроба акрэсьліць структуру чытацкага ўспрыманьня беларускай кнігі.

Зразумела, што апытанне, якое правялі Саюз пісьменьнікаў і «Будзьма», таксама не адпавядала ўсёй строгасьці сацыялягічнай навукі. Але чытацкую галасаванку «Будзьмы» нельга прыраўноўваць і да вулічнага апытаньня. Па-першае, запускаўся агульны спіс, ад якога трэба было адсекчы «непатрэбнае» (трыццаць кніг ад пяцідзесяці). Па-другое, выбар рабіўся ня ў стане афекту, з прыцэльнай камэрай ці дыктафонам у зубы, а ва ўтульным суседзтве прывычнага кампутара ці тэлефона. Такім чынам, атрымалася нешта блізкае да нашаніўскага досьведу дзевяностых, адно што з большай рэпрэзэнтатыўнасьцю (лідэр інтэрнэт-галасаваньня – караткевіцкі раман «Каласы пад сярпом тваім» – набраў 637 галасоў).

У выпадку з экспэртным сьпісам усё выглядала, зноў жа, па-іншаму. Экспэрту належала назваць пяцьдзясят найбольш знакавых кніг пяцісотгодзьдзя. За тры хвіліны, дзясятак разоў клікнуўшы па маніторы, такую працу ня зробіш. Экспэрты самі мусілі вызначыцца з крытэрамі «фільтрацыі» – на якое стагодзьдзе колькі кніг аддаць (альбо не зважаць на гарманічнасьць храналёгіі); акцэнтаваць гендэрны аспэкт ці не рабіць гэтага; абіраць ці не абіраць іншамоўныя кнігі; закранаць кнігі апошніх гадоў (а ХХІ стагодзьдзе таксама ўваходзіць у пасьляскарынаўскую паўтысячу) альбо сканцэнтравацца на выбудоўваньні клясыкі. У гэтым была і свабода, і пастка.

Такім чынам, цяпер, пры ўсіх плюсах і мінусах, маем трайную дыягностыку чытача: сьпіс даінтэрнэтнай эпохі, інтэрнэтнай адпаведна і – сьпіс спэцыялістаў.

Нехта скажа: ды задралі вы са сваімі рэйтынгамі, ерархіямі і корпаньнем у старабеларушчыне. Ня ведаю, у той магутнай, гучнай плыні трэшу, якім запоўненае інфармацыйнае поле спажыўца, складаньне падобнага рэйтынгу падалося мне, прынамсі, забаўным. А хто не захацеў гуляць у гэтыя гульні, той... пагуляў у іншыя.

***

У спісе «Нашай Нівы» яшчэ моцна адчуваецца подых паўставаньня незалежнасьці. Акцэнт зроблены на 1990-я, на тое, каб захавацца, найперш – на нацыянальную канцэпцыю гістарыяграфіі. Таму 11 з 50 кніг у ім – тагачасныя гістарычныя дасьледаваньні і раманы. То бок найважнейшымі гадамі для кніг у ХХ стагодзьдзі былі названыя ўласна дзевяностыя. Ермаловіч, Сагановіч, Тарасаў, Туронак, Ткачоў, Чаропка, Арлоў, Дайнека трывала працінаюць увесь рэйтынг «Нашай Нівы», а першыя два нават замыкаюць васьмёрку найлепшых. У першай палове сьпісу 100 галоўных кніг ХХ стагодзьдзя – 8 караткевічаўскіх і 4 быкаўскія, асноўны масіў – нашаніўцы (19 кніг, амаль 40%). На пасьляваенную літаратуру, акрамя згаданых гісторыкаў, а таксама Караткевіча і Быкава, застаецца гулькін нос: эмігранты Акула і Віцьбіч, «Людзі на балоце», «Родныя дзеці», «Вастрыё стралы» Разанава і «Выбранае» Стральцова. Жанчыны займаюць функцыянальныя пазыцыі ў пачатку, сярэдзіне і напрыканцы сьпісу: дзясятай ідзе «Споведзь» Ларысы Геніюш, у 20-30-х хаваюцца дэбютныя паэтычныя кніжкі той жа Геніюш і Арсеньневай, а топ-50 замыкае «У вайны не жаночае аблічча» Алексіевіч і «Хрэст на свабоду» Цёткі. Зразумела, відавочны маскулінны змагарскі характар гэтай расфасоўкі. Найвышэй ацанілася ў Геніюш мемуарная, антысавецкая, лягерная «Споведзь», а паэзія зайшла ў 35 месца. Арсеньнева ўзьнікае, безумоўна, дзякуючы таму ж антысавецкаму эміграцыйнаму флёру біяграфіі, а рэвалюцыйная ўлётка Цёткі, што «цара павесіць трэба» намякае на скорае паўставаньне БНР. Кніга Сьвятланы Алексіевіч, якая нейкім дзівам – рускамоўная – прарываецца ў топ-50, наводзіць на думку, што і напрыканцы ХХ стагодзьдзя адчуваўся энэргетычны запал, які ўжо нельга было так проста ставіць у ігнор.

***

Як ішла чытацкая галасаванка на «Будзьме», я сачыў ад пачатку – Караткевіч выйшаў у лідэры амаль адразу, хоць арганізатары кампаніі «Пяцісотгоднасьць» нават назвай сваёю недвухсэнсоўна ўказвалі на Скарыну як асноўнага фаварыта. Атрымалася ж, што ў чытачоў свая ерархія, незалежная ад кампаній і прапаноў. Выбар «Каласоў», «Вянка» і Скарыны трыма кітамі беларускай кнігі паказальны. Скарына тут сімвалізуе ўсё нашае слаўнае мінулае часоў Рэнэсансу, Караткевіч – паўстанцкі характар беларускай пасьляваеннай літаратуры, а Багдановіч акумулюе ў сабе ідэю эстэтызму і чыстай красы (забіраючы такім чынам балы ў Дубоўкі, Жылкі, Калюгі і іншых інтэлектуалаў). Наогул жа, чытацкі топ-20 выглядае досыць гарманічна: 4 кнігі (Біблія Скарыны (№2), «Песня пра зубра» Гусоўскага (№6), Статуты ВКЛ (№9) і «Катэхізіс» Буднага (№18)) абнялі падставовыя канструкты нашага разуменьня аб беларускім Рэнэсансе. Гэта беларускі гонар, «і называюць той век залатым», як пісаў Семяжон. Адтуль наўпроставы скачок у ХІХ стагодзьдзе, зноў жа чатыры кнігі: польскамоўныя «Шляхціц Завальня» (№8) і «Пан Тадэвуш» (№10) і заканамерны пераход у «Пінскую шляхту» (№11) і «Дудку беларускую» (№12). Заўважым, што Багушэвіч тут займае найніжэйшую пазыцыю знакавасьці. Бо галасавалі чытачы кніг, якія найперш ацэньвалі свае эмоцыі ад тэксту (а можа, і ад нядаўніх спектакляў паводле Міцкевіча і Дуніна-Марцінкевіча). «Нашаніўцы» забіраюць тыя ж чатыры месцы ў дваццатцы: «Вянок» Багдановіча (№3), «Новая зямля» Коласа (№5), «Жалейка» Купалы (№13) і граматыка Тарашкевіча (№14). У дваццатку праходзяць тры аўтары даваеннай БССР: «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра (№15), «Запіскі Самсона Самасуя» Мрыя (№19) і «Пошукі будучыні» Чорнага (№20). Яны – напрыканцы спісу, але ў дваццатцы «Нашай Нівы» іх не было наагул. Нарэшце найбольшы працэнт у топ-20 – шасьцідзясятнікі. Два раманы Караткевіча (№1 і №17), «Знак бяды» Быкава (№4), «Людзі на балоце» Мележа (№7) і «Ксты» Барадуліна (№16) (імя Барадуліна ў рэйтынгу «Нашай Нівы» зьяўлялася недзе пад канец сотні). Сем кніг дваццаткі – гэта паэзія, аднак з пасьлянашаніўскай лірыкі вылучаны толькі зборнік «Ксты». Больш знакавых паэтычных кніг, на думку інтэрнэтчыкаў, у Беларусі за сто гадоў не было. Прынамсі, так каб выносіць іх на самы верх. З кніг немастацкай літаратуры ў топ-20 «Будзьмы» – Статуты ВКЛ і граматыка Тарашкевіча. Жанчын няма. Жывых аўтараў няма. Шматмоўнасьць беларускае кніжнасьці падкрэсліваецца як вымушанае зло (рэнэсансная лаціна і пальшчызна ХІХ стагодзьдзя).

***

Экспэртны топ-50 найбольш знакавых кніг не такі гарманічны паводле храналёгіі выданьняў, як чытацкае галасаваньне. Найважнейшым рухавіком кніжнасьці экспэрты вызначылі пакаленьне нашаніўцаў. Калі ўмоўна далучыць да іх плёну дэбютны зборнік Арсеньневай, ковенскую «Гісторыю кнігі» Ластоўскага і сярэднелітоўскі нарыс «Адвечным шляхам» Канчэўскага, то атрымаецца, што дзеячы нашаніўскага руху (старэйшыя і малодшыя) абыймаюць 18 пазыцый з 50 (прычым 14 зь іх знаходзяцца ў першай трыццатцы). Другім па колькасьці дзейнікам зьяўляецца пакаленьне шасьцідзясятнікаў: Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Караткевіч, Кісялёў, Мележ зь іх эпахальнымі кнігамі, а таксама найвыдатнейшы нон-фікшн праект «Я з вогненнай вёскі» (агулам 10 кніг з 50). Далей ідзе час Вялікага Княства (7 кніг), будзіцельскае ХІХ стагодзьдзе (6 кніг), пакаленьне інтэлектуалаў 1970-х-1980-х (5 кніг) і два выданьні міжваеннай БССР. З жывых аўтараў называюцца Сьвятлана Алексіевіч (і рэйтынг яе ў параўнаньні з 2000-м годам вырастае істотна, з 50-га месца на 27-е, тут мы робім ручкай Альфрэду Нобэлю), добра-такі ніжэй «Шлях-360» Алеся Разанава (№37), «Фаўст» Гётэ. Пераклад Васіля Сёмухі (№39), «Краіна Беларусь» Уладзімера Арлова (№40), «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча (№42). Апошняя – адзіная кніга прозы жывога аўтара, уключаная экспэртамі ў сьпіс найважнейшых кніг 500-годзьдзя.

Cуадносіны нон-фікшн і мастацкай літаратуры цалкам зьмяняюцца ў параўнаньні з чытацкім галасаваньнем (нон-фікшн становіцца ў чатыры разы больш: было 2 кнігі з 20, стала 20 з 50). Крыху асабняком стаіць «Споведзь» Ларысы Геніюш, якая за шаснаццаць год апусцілася на дзесяць пазыцый уніз, і «Энцыклапедыя Вялікага Княства Літоўскага», дзецішча 2000-х і плён працы некалькіх пакаленьняў гісторыкаў. А вось жаночыя прозьвішчы не зьмяніліся: усё тыя ж Алексіевіч, Арсеньнева, Геніюш і Цётка (8% ад агульнай колькасьці кніг), адно згубіўся недзе ў дарозе першы зборнік Ларысы Антонаўны, а змагарска-тэрарыстычны Цёткаў «Хрэст на свабоду» зьмяніўся асьветніцкім «Першым чытаньнем для дзетак-беларусаў».

***

Якія высновы можна зрабіць з дыягностыкі чытацкіх густаў? Чым далей адыходзім мы ад распаду СССР, тым менш ваяўнічымі становяцца нашыя кніжныя паліцы. Улюбёнцамі і нацыятворцамі абраныя ва ўсіх трох рэйтынгах перадусім мужчыны (хоць сярод экспэртаў амаль палову складалі жанчыны, і гэта рабілася знарок), асьветнікі, пачынальнікі – «маршалы нацыі». Усё менш крывавіць нацыянальная рана гісторыі посткаляніяльнага грамадзтва, таму з паўсядзённага ўжытку і ўзьвялічваньня зьнікаюць уласна гістарычныя досьледы. Разам зь імі, што праўда, усё большую адлегласьць ад сучаснасьці набывае знакавая беларуская кніга – яна нібыта рабілася ў прадаўнія часы, але не тут і не цяпер. Навідавоку боязь гаворкі пра сучаснае – чытач (даінтэрнэтны, інтэрнэтны, экспэрт-спэцыяліст) нібы адштурхоўвае сёньняшні дзень, не наважваючыся расстаўляць цяперашнія кніжныя «глыбы і слаі».

Успамінаючы думку «Нашай Нівы» пра «ўнівэрсальную бібліятэку беларускай цывілізацыі», можна гаварыць, што яна сапраўды склалася. Фаварытамі ўсіх трох рэйтынгаў, розных паводле зрэзу аўдыторыі і разьнесеных у часе, зьяўляюцца адныя і тыя ж кнігі. Гэта Біблія Скарыны, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, «Вянок» Багдановіча, «Новая зямля» Якуба Коласа, «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча, «Знак бяды» Васіля Быкава і «Людзі на балоце» Івана Мележа.

Склалася і пакаленчая ерархія. Першыя месцы ў «нашаніўцаў» і «шасьцідзясятнікаў», за імі кніжнасьць Вялікага Княства і ХІХ стагодзьдзе – важныя перадусім фактам сваёй наяўнасьці. «Узноўленыя» на сучаснай беларускай мове, як кажа Алесь Разанаў, творы далёкай і блізкай мінуўшчыны сапраўды сталіся падмуркам ці, паводле таго ж Разанава, кладкамі, трымаючыся якіх можна абмінуць цёмныя прагалы беларускай гісторыі. Адным з такіх цёмных прагалаў дагэтуль бачыцца міжваеннае дваццацігодзьдзе ў БССР. Разам з рэпрэсаванымі і расстралянымі ў невараць, як быццам, абрынулася і ўся тагачасная найбагацейшая літаратура. Яна па-ранейшаму не чытаецца і ня бачыцца як нешта самакаштоўнае. Хутчэй – як штосьці недапечанае, недарослае, абарванае на паўслове.

Што ж, як мне падаецца, апытаньні нашыя выпуклілі сякія-такія цікавыя моманты. Канечне, спадар ананімус можа запярэчыць, маўляў – усё гэта ўнутры вашага гета. Вузкае вашае кола і далёкія вы ад народа. Ды ўсё-такі галасаваньне «Пяцісотгоднасьці», я думаю, паказала аблічча актыўнай і пасіўнай беларускамоўнай аўдыторыі наогул. Справа ня ў лічбах. Вожыку зразумела, што колькасьць чытачоў і спажыўцоў беларускай кнігі вырасла пасьля міленіюму ў дзясяткі разоў, і хаця сьпікеры БТ патрабуюць дзясяткаў і сотняў тысяч, ніхто ня можа ўгадаць, што будзе празь яшчэ адзін вялікі прамежак часу, як зьменяцца попыт і кан’юнктура.

Але, тым ня менш, вось ён, той безаблічны беларускі чытач, пра якога так шмат казалі, і вось што менавіта ён чытае і лічыць крутым. Іншага ў нас няма. Цяпер мы ведаем адно аднаго.

Інфаграфіка: Віталь Сыч.