„Ніва” адзначыла 60-ыя ўгодкі!

Былі віншаванні, успаміны былых журналістаў і сябраў газеты. Тыднёвіку беларусаў у Польшчы „Ніва” сёлета споўнілася 60 гадоў. З гэтай нагоды ў беластоцкіх “Сподках” адбылася святочная сустрэча, прымеркаваная да юбілею газеты.

Усіх прысутных на ўрачыстасці прывітаў галоўны рэдактар „Нівы” Яўген Вапа.

– Не заўсёды бывае так, што ў нашым зямным, чалавечым жыцці дажываем да такіх гадоў. У выпадку газеты такі перыяд існавання трэба перамножыць у некалькі разоў, бо газеты, часопісы з такой гісторыяй ужо набіраюць сваю адпаведную вагу.

Гавораць удзельнікі сустрэчы:

– Я звязаўся з „Нівай” 60 гадоў таму назад. Ужо быў у 5-ым класе, меў 12 гадоў. Тады пісаў у “Зорку”, ну і так уцягнуўся, што вось ужо 72 гады маю і далей працую, далей пішу.

– “Ніва” – гэта як помнік, цяжка ўявіць сабе свядомага беларуса на Падляшшы, які ніколі ў руках не трымаў “Нівы”. “Ніва” заўсёды была і будзе.

– “Ніва” заўсёды ёсць у школе. Яна проста патрэбная для таго, каб быць, каб інфармаваць пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў беларускім жыцці з беларускага боку.

«Ніва» — гэта штотыднёвая газета, якая выдаецца на беларускай мове ў Беластоку. Зараз яе выдае Праграмная рада тыднёвіка «Ніва». Газета асвятляе штодзённае жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, змяшчае артыкулы, прысвечаныя актуальным падзеям на Беларусі.

Паводле галоўнага рэдактара газеты Яўгена Вапы, Ніва з самага пачатку закранала важныя для беларусаў тэмы.

— З канца 50-х у 60-я «Ніва» ужо запісвала ўспаміны пра бежанства. Тое, што бежанства раптам адкрываецца, дык гэта «Ніва» захавала бежанства. Толькі калі хтосьці не чытаў і не хоча на яе спасылацца, дык не ведае, што «Ніва» пісала пра бежанства ад пачатку свайго існавання.

У Ніве публікуюцца артыкулы пра жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуюцца краязнаўчыя матэрыялы і рэпартажы. Амаль з самага пачатку выходзіць таксама дадатак для дзяцей «Зорка», ягоная рэдактарка Ганна Кандрацюк, лічыць што калектыў «Нівы» заўсёды стваралі не толькі журналісты, але таксама карэспандэнты і чытачы.

— «Ніва» — гэта вельмі вялікая сіла з боку чытачоў, з боку карэспандэнтаў, якія разам з журналістамі ствараюць, прапаноўваюць тэмы. І гэтае кола супрацоўнікам вельмі цеснае.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток