Чацвёрты З’езд беларусаў Украіны адбыўся цягам аднаго дня

11-га лістапада ў Кіеве ў залі Гандлёва-прамысловай палаты Украіны адбыўся Чацвёрты з’езд беларусаў Украіны, аб’яднаных ва Усеўкраінскі саюз беларусаў (УСБ). На з’езд прыбылі прадстаўнікі рэгіянальных суполак з 14 абласцей Украіны, але не было прадстаўнікоў з Крыма, Данецкай і Луганскай абласцей. Усяго сабралася 62 чалавекі, і з’езд распачаў работу.

Пасля таго, як прагучалі дзяржаўныя гімны Беларусі і Украіны, было зачытана прывітанне ўдзельнікам з’езду ад Амбасадара Беларусі ва Украіне Ігара Сокала (сам ён у гэты дзень быў у Мінску). Кіраўніца Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы” Таццяна Дзяменнікава зачытала прывітанне ад кіраўніка Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма” Максіма Дубянка. Сам я вітаў удзельнікаў ад імя МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”» падчас свайго выступу пры абмеркаванні дакладу старшыні УСБ спадара Пятра Лайшава. У гэтым абмеркаванні бралі ўдзел каля дваццаці дэлегатаў і гасцей з’езду.

Пятрусь Капчык (“Зорка Венера”, Ізяслаў), Таццяна Дзяменнікава (Цэнтр беларускай культуры Мікалаеўскай вобласці) і Аляксей Панкраценка (першы сакратар Амбасады Беларусі ва Украіне)

Спадар Віктар Камісарук прывёз мне з Менску ад “Бацькаўшчыны” цудоўны падарунак: наборы паштовак “Святы, якія заўжды з табой” і “Не маўчы па-беларуску”, а таксама кнігу беларускага архівіста са Злучаных Штатаў Амерыкі Лявона Юрэвіча “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія”, упакаваныя ў шыкоўна аздобленую торбу з надпісам “Пяцісотгоднасць: 1517–2017. 500 – юбілей беларускага кнігадруку”. Прывітаўшы дэлегатаў, я прадэманстраваў гэтыя падарункі і выказаў пажаданне пачуць на з’ездзе тую мову, якая адзіная родная для ўсіх беларусаў, і кнігадрукаванню на якой у 2017 годзе споўніцца 500 гадоў, бо ўсе прамовы, акрамя зачытаных падчас адкрыцця з’езда вітальных лістоў, гучалі па-руску. Але, на жаль, мой прыклад натхніў толькі прадстаўніка беларусаў з Харкава – спадара Васіля Астаповіча. Акрамя нас, па-беларуску выступаў яшчэ Рыгор Піўтарак, беларусіст, загадчык Аддзелу агульнаславянскай праблематыкі і ўсходнеславянскіх моў, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, доктар філалагічных навук, прафесар, які выдаў для ўкраінцаў падручнік “Білоруська мова” і “Білорусько- український словник”. Стараннямі спадара Піўтарака ў Кіеўскім Нацыянальным універсітэце на філалагічным факультэце вывучаецца як прадмет беларуская мова разам з чэшскай, польскай і іншымі мовамі. Сёлета адбыўся першы выпуск спецыялістаў па беларускай мове з ліку ўкраінцаў: дыпломы атрымалі восем чалавек.

Дэлегаты з’езда

З’езд прайшоў цягам аднаго дня, дэлегатам давялося дабірацца да Кіева за ўласны кошт. Ані Украіна, ані Беларусь УСБ ніякай фінансавай дапамогі не аказваюць. Арганізацыя нават не мае свайго офіса, як, дарэчы, і большасць рэгіянальных суполак беларускай культуры ва Украіне. Ладзіць мерапрыемствы дапамагае толькі спрыянне кіраўнікоў дамоў культуры, бібліятэк і іншых устаноў культуры, якія даюць магчымасць безаплатна карыстацца памяшканнямі. Але першы сакратар Амбасады Аляксей Панкраценка занатаваў у свой рабочы дзённік усе прапановы і просьбы дэлегатаў, каб далажыць амбасадару па вяртанні таго з Мінска. Магчыма, з гэтага будзе нейкая карысць.

Дэлегаты зьезда аднагалосна прагаласавалі за  абранне Старшынёй УСБ на паўторны тэрмін спадара Пятра Лайшава,які вынес на галасаванне прозьвішчы сваіх памочнікаў – прэзідыума і Рэвізійнай камісіі. Сярод іншых прыемных момантаў работы з’езду можна адзначыць тое, што многім з дэлегатаў была ўручана Грамата Усеукраінскага саюзу беларусаў за “плідну діяльність та вагомий особистий внесок у справу зміцнення двостороннього українсько-білоруського співробітництва, популяризацію і розвиток білоруських національних культурних цінностей, дієву участь у формуванні етнонаціональної політики і єдності в Україні”.

Пятрусь Капчык, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”, г. Ізяслаў